25 красавіка, аўторак

Вы тут

Эдуард Дуброў: Калі Азаранка ў камандзе, ігракі больш спакойныя


У спартыўным календары красавіка шмат добрага тэніса. Мужчыны ўжо паспяхова згулялі са зборнай Аўстрыі ў Кубку Дэвіса і за тое, каб трапіць у Сусветную групу, паспрачаюцца са зборнай Швейцарыі ў верасні. А вось швейцарская жаночая зборная прыбудзе ў Мінск ужо ў панядзелак, каб сустрэцца з беларускамі ў паўфінале Кубка Федэрацыі. Такога поспеху нашы тэнісісткі дамагліся ўпершыню, таму падзея выходзіць за рамкі звыклага. На гэтую тэму за тыдзень да паядынку мы пагутарылі з капітанам беларускай зборнай Эдуардам Дубровым.


Фота tennis.by

— У нашым тэнісе цяпер добры час, але вы самі бачылі, вынікі прыйшлі не адразу, — расказвае Эдуард Уладзіміравіч. — Прайшло 3—4 гады, трэнеры і ўвесь калектыў зрабілі вялікую работу, выбралі кірунак, сучасныя падыходы да трэніровачнага працэсу, таму пайшоў прагрэс. Важна, што ў ігракоў падняўся і свой узровень, прыйшло разуменне, што яны могуць супрацьстаяць сапернікам з топ-100. Гэта добра прадэманстраваў матч Кубка Дэвіса са зборнай Аўстрыі, тое, што хлопцы выйгралі яго — добры знак, думаю, гэта надасць упэўненасці і дзяўчатам.

— Калі вы толькі пачыналі працаваць з нашай жаночай зборнай, чакалі, што можаце прабіцца ў паўфінал?

— Шчыра кажучы, не. У нас быў вельмі складаны перыяд, калі гулялі ў Японіі, там Азаранка, Гаварцова і Сасновіч выйгралі 3:2 і атрымалі шанц выступаць у плэй-оф. Наступным этапам стала барацьба са зборнай Канады і там гулялі без Вікторыі Азаранкі, што насцярожвала, але добра праявіла сябе Саша Сасновіч, прынесла 2 пераможныя ачкі. Гэта дало штуршок, дзяўчаты зразумелі, што могуць гуляць значна лепш. Далей трэба было перамагаць грозную Расію, у гэтым матчы нас лічылі аўтсайдарамі, але гэта, можа быць, нават і добра. У Маскве якраз вельмі дапамагла Вікторыя. Калі ідзе такая бяспройгрышная серыя, то ў каманды з'яўляецца ўпэўненасць у тым, што яны могуць абыграць саперніка нават мацнейшага за сябе. Так мы ўпершыню выйшлі ў васьмёрку Сусветнай лігі, а потым абыгралі Нідэрланды і трапілі ў чацвёрку, але сказаць, што ў нас вельмі моцная каманда, я па-ранейшаму не магу. Хоць дзяўчаты і моцныя духам і жаданнем.

— Ужо вывучылі каманду Швейцарыі, чым будуць здзіўляць госці мінскіх кортаў?

— Пачаў сачыць за гэтай зборнай адразу пасля перамогі над галандкамі, быў складзены спіс меркаваных тэнісістак, якія могуць патрапіць у зборную. Магу сказаць, што яны сур'ёзна рыхтуюцца да сустрэчы з намі. Як і нашы дзяўчаты, швейцаркі абкатваюцца на розных турнірах, хтосьці паспяхова, хтосьці не вельмі. У панядзелак саперніцы ўжо прыбудуць у Мінск. Што датычыцца нашых шанцаў на перамогу, то гуляць з гэтай зборнай можна, гэта адчуваюць і нашы тэнісісткі. Сёння-заўтра мы ўжо збіраемся ўсім складам, і пачнецца заключны этап падрыхтоўкі да матча.

Вялікі плюс, што гульні будуць праходзіць на дамашніх кортах, да матча з Нідэрландамі мы 8 гадоў не гулялі дома. Гэта дадае адрэналіну падчас сустрэч, ігракі выступаюць зусім па-іншаму. У папярэднім матчы балельшчыкі нас вельмі добра падтрымлівалі, было прыемна.

— Калі стала зразумела, што Вікторыя Азаранка не зможа нейкі час выступаць за зборную, было трывожна, але, можа, гэта стала нават плюсам?

— Нараджэнне дзіцяці — вялікая падзея, але пасля яе хутка ў строй не вернешся, мы гэта разумелі. Сваёй адсутнасцю яна прымусіла ігракоў задумацца і дала зразумець, што трэба ўключацца ў работу і ўжо нарэшце даваць вынік. Пакуль у дзяўчат гэта атрымліваецца. Калі Вікторыя прысутнічае ў камандзе, то ігракі больш спакойныя, яны думаюць: «Ну Азаранка ж выйграе, прынясе ачкі». Дзяўчаты былі менш сабранымі, я ставіў іх на матч і бачыў у вачах спалоханасць, маўляў, чаму я, калі ёсць ігрок лепшы. А зараз канкрэтна кожнай магу ставіць задачы, і яны іх выконваюць, тым не менш, вядома, мы ўсе чакаем вяртанне Вікі.

— Зараз Азаранка трэніруецца ў Мінску, можа быць, удзельнічае ў падрыхтоўцы дзяўчат да матча?

— Яна заўсёды кантактная і свабодная ў зносінах. Кожная можа падысці да Вікі і папрасіць парады, задаць ёй пытанне. Вікторыя сочыць за камандай, ведае, хто, дзе і як выступае, мне здаецца, яна таксама перажывае за зборную і жадае хутчэй вярнуцца.

— У тэнісе вы ўжо шмат гадоў, можаце ўспомніць самыя яркія моманты сваёй кар'еры?

— Калі быць больш дакладным, то ў гэтым відзе спорту я 57 гадоў, да 34 гуляў сам, потым узяўся за трэнерскую работу. Мне заўсёды было вельмі прыемна, калі мае дзеці выйгравалі першынство саюза, чэмпіянаты рэспублікі. Летась моцна парадавала Вера Лапко, якая выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па юніёрах. У свой час шмат яркіх эмоцый падарыў Уладзімір Ігнацік, ён нядрэнна выступаў у камандзе на Кубку Дэвіса, выйграваў маладзёжны чэмпіянат Францыі, быў прызёрам на Уімбілдоне (па сваім узросце). Увогуле, шмат якія ігракі дарылі мне прыемныя моманты.

— Быць капітанам нацыянальнай зборнай — гэта не тое, што проста трэнерам?

— Вядома. Раней я браў мячы, кошык і вёў сваіх ігракоў трэніравацца, сачыў за іх адпачынкам і фізічнай падрыхтоўкай. А ў нацыянальнай камандзе ў нас ужо ўсе няпростыя асобы, да кожнай з якіх неабходны індывідуальны падыход. Я павінен ведаць іх моцныя і слабыя бакі не толькі, як ігракоў, але і як людзей, ведаць характар, магчымасці, таму тут трэба праяўляць гібкасць, лаяльнасць, нават трошкі хітрасці. Мая задача — дапамагчы ім зрабіць тое, што яны могуць, з добрай якасцю. У гэтым вельмі дапамагае вопыт, уласна кажучы, на ім усё і ствараецца. Што датычыцца адказнасці, то яе, вядома, больш у нацыянальнай камандзе, бо гэта гонар краіны.

Да тэмы

Паўфінальныя матчы Сусветнай групы Кубка Федэрацыі пройдуць 22 і 23 красавіка. Гульню Беларусі і Швейцарыі прыме «Чыжоўка-Арэна». У суботу ў 12.40 адбудзецца цырымонія адкрыцця, пасля якой будуць згуляны дзве адзіночныя сустрэчы. У нядзелю пройдуць дзве адзіночныя сустрэчы і парны матч.

Склад зборнай Беларусі:

Аляксандра Сасновіч, Арына Сабаленка, Вольга Гаварцова, Вера Лапко.

Капітан каманды — Эдуард Дуброў.

Склад зборнай Швейцарыі:

Цімеа Бачынскі, Вікторыя Галубіч, Белінда Бенчыч, Марціна Хінгіс.

Капітан каманды — Хайнц Гюнтхарт.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Ці можна адрадзіць неперспектыўныя вёскі і ці быць ордэну Сям'і

Ці можна адрадзіць неперспектыўныя вёскі і ці быць ордэну Сям'і

Пра гэта пацікавіліся парламентарыі ў кіраўніка дзяржавы.

Грамадства

Што адчуваюць вадалазы-сапёры, калі спускаюцца пад ваду

Што адчуваюць вадалазы-сапёры, калі спускаюцца пад ваду

У беларускай арміі гэтых спецыялістаў называюць штучнымі кадрамі. 

Культура

Зорка Скарыны: недатыкальна фантастычная ці нерэальна блізкая?

Зорка Скарыны: недатыкальна фантастычная ці нерэальна блізкая?

Каб пераканаць у сваёй задуме, ён мог бы зладзіць прэзентацыю на восем з паловай хвілін з відэапраекцыяй на экран і лазернай указкай.

Эканоміка

Ці такія прывабныя зніжкі, як іх малююць?

Ці такія прывабныя зніжкі, як іх малююць?

Што насамрэч нам прапануюць шматлікія акцыі гандлёвых сетак?