Вы тут

БДУ прэзентуе на “TIBO 2017” унікальнае абсталяванне


Больш як 30 навукова-тэхнічных распрацовак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта будуць прадстаўлены на Міжнароднай спецыялізаванай выставе "ТІБО 2017”. Гэта штогадовае мерапрыемства адкрыецца 18 красавіка ў памяшканні Футбольнага манежа (пр. Пераможцаў, 20/2).


Фота: БЕЛТА

Інавацыйным адкрыццём гэтай шырокамаштабнай акцыі стане прэзентацыя выпрабавальнага цэнтра SZ-01, распрацаванага навукоўцамі механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Гэта абсталяванне прызначана для мадэлявання і аналізу трохмернага  напружана-дэфармаванага стану складаных інжынерных сістэм. Асноўная каштоўнасць апаратуры заключаецца ў тым, што з яе  дапамогай можна выпрабаваць сістэмы і матэрыялы на механічную стомленасць, трэнне і зношанасць. Гаворка ідзе пра адносна маладую галіну — трыбафатыку. Гэта навука пра зносастомленыя пашкоджанні і разбурэнне сілавых сістэм машын і абсталявання. Комплекс дазваляе выявіць, напрыклад, пашкоджанне грунтоў вакол шахт, вылічыць ступень трэння вадкасці ў трубаправодах, размеркаваць нагрузку ў зубасківічнай сістэме чалавека і г.д.

Акрамя таго, экспазіцыя БДУ будзе ўключаць актуальныя і ўжо запатрабаваныя тэхналогіі і прадукцыю, распрацаваныя ў лабараторыях навукова-даследчых інстытутаў і факультэтаў універсітэта. Сярод іх апаратна-праграмны комплекс “Каліброўка” для правядзення палётных калібровак спадарожнікавых здымачных сістэм, прыборы для вымярэння электрычных велічынь, сістэма маніторынгу зямной паверхні з касмічных і авіяцыйных платформаў, апаратна-праграмныя комплексы крыптаграфічнай абароны інфармацыі і іншыя.

Для даведкі:

Форум "ТІБО" праводзіцца, пачынаючы з 1994 года, і з'яўляецца адным з найбуйнейшых выставачных мерапрыемстваў па гэтай тэматыцы ў краінах СНД і Балтыі. Форум штогод прыцягвае ўвагу вядучых беларускіх і замежных вытворцаў тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, сродкаў і сістэм бяспекі, пастаўшчыкоў ІКТ-паслуг.

Летась у мерапрыемстве прынялі ўдзел больш як 100 кампаній з 18 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Літвы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Турцыі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Японіі і ЗША.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?