Вы тут

«...А птушкі вяртаюцца на радзіму»


У міжсезонне, кажуць, найлягчэй адрозніць прыгожых жанчын ад разумных: першыя — з прычоскамі, другія — у шапках.

«Пара ўжо брацца за розум», — падумала ў снежні. А далей...

Страціла трохі часу, але ж дабрала такі патрэбныя ніткі (не ўсякія падыходзяць), зноў жа мела клопат з фасонам, бо хацелася, каб шапачка была яшчэ і прыгожай, разлічыла ўрэшце вочкі, а стала вязаць і ўбачыла, што... позна. Шапка больш не патрэбная: кароткая была зіма.

Як — зараз — вясна, а потым — лета.

Як гады і нават дзесяцігоддзі жыцця, што ўжо ў мінулым.


Як ёсць

Новыя часы — новыя павевы: здаецца, увесь Мінск цяпер аблеплены абвесткамі: «Грошы ў доўг...».

І хоць бы дзе — «у... падарунак»!

Не, іх вядома ж, даюць — ціха, без ніякіх абвестак: дзецям — бацькі ды бабулі-дзядулі, жонкам — мужы, сёстрам — браты...

У каго яны ёсць.

А ў каго няма? Браць у доўг? Чужыя і на час? А потым аддаваць свае і назусім з працэнтамі?

...Не было б попыту, не было б прапановы.


Дзякуем не адбудзеш?

Прачытаць цікавую кнігу і паставіць за шкло — гэта не па-нашаму. Па-нашаму — «пусціць па руках», каб часам (не без таго) болей не ўбачыць. Альбо — вось як гэту аддалі (але ж хто? І калі?) — з цікавай закладкай-календаром. На ім — надпіс: «Мая праца не мае патрэбы ў пахвале, мае — у годнай аплаце».

Добрыя словы, праўда?

Іх бы ды богу ў вушы. Ці работадаўцам?


Але...

Слоў накшталт вітаміны, а тым больш авітаміноз многія з нашых бабуль не чулі. Але ж, як толькі сыходзіў снег, — адпраўлялі дзядоў (бо ім не пячэцца), каб нарвалі маладой крапівы. З ёй ды са сніткай варылі капусту, супы, потым — халаднікі са шчаўем...

Што цікава: бабулі пра вітаміны не ведалі, але варылі. Мы, як быццам ведаем, але...

Ці варым?


На краі

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, людзі ва ўзросце ад 18-ці да 44-х гадоў маладыя, ад 45-ці да 59-ці — сталыя, ад 60-ці да 74-х — пажылыя, ад 75-ці да 89 — старыя, ад 90 і больш — доўгажыхары.

Пятровічу да вось гэтага ганаровага звання рукою падаць: даўно размяняў дзявяты дзясятак. Удаўцом жыве, на вялікі жаль, нават ката не мае, каб на яго пасварыцца і тым самым голас падаць — свой.

А таму, пачуўшы чужы (як правіла, па тэлефоне) гатоў расказваць пра ўсё: дзе быў, што чуў, хто званіў-заходзіў, што еў, дзе купіў і колькі заплаціў (сёння... І месяц таму), што прысніў...

Гэта, апошняе, абавязкова і ва ўсіх дэталях. «Ну вось надоечы, — пачынае здалёк, — прыходжу я на нейкую рэчку. Як быццам, саджуся там, вуды свае закідваю — на паплаўкі гляджу. А яны — ну хоць бы здрыгануліся! Ні-чч-ога не ловіцца!.. А галоўнае, сам я — нібы спавіты, звязаны па руках і нагах: чую, што бераг пада мной асыпаецца, асыпаецца, а з месца сысці не магу. Ну ўсё, думаю, капец зараз будзе!.. І тут на беразе — скуль ні вазьміся — Трамп, прэзідэнт Амерыкі, уласнай персонай! Кажа мне: «Пятровіч, кінь дурное, бо нічога ты тут не зловіш. Давай з табой іншае месца шукаць». «А давай!» — адказваю, хуценька змотваю вудачкі і за ім. Іду і так мне весела... Сусед, сабака, музыку «ўрубіў» у сем гадзін раніцы — не даў даглядзець, што ж там далей было б... А цікава, праўда? Ты, можа, ведаеш, — у мяне пытае «рыбак», — што б гэта значыла?»

Здаецца, ведаю (тэлевізар трэба меней глядзець), але не скажу, бо чытаць Пятровіч амаль не можа (вочы «ні к чорту»), хадзіць — таксама (хрыбетнік, кажа, баліць), сяброў — ці не ўсіх пахаваў, у суседзяў свае турботы і сваё жыццё, уласныя дзеці жывуць далёка...

Асыпаецца бераг.


Мёртваму не баліць

«Які ні панцялей, а сэрцу весялей», — кажуць жанчыны пра мужчын. «Няхай без хлеба пасяджу, але на мужа пагляджу», — таксама ад іх... І пра іх... Як і гэта, аптымістычнае: «Хоць лядашчы мужык, ды затулле маё: завалюся за яго, не баюся нікаго». Мудрыя назіранні, але ж нехта верыць ім, нехта — не. Прыкладам — дзве кабеты. Першая —
вельмі шанавала свайго чалавека, а таму кожны год напярэдадні дня народзінаў тэлефанавала ўсім яго сваякам ды сябрам, пыталася (хутчэй дзеля прыліку) пра іхняе жыццё-быццё, казала нешта пра сваё, а завяршала размову нязменнай фразай: «Ну вы ж не забыліся, што ў Толічка дзень народзінаў? Дык хаця ж не забудзьцеся, хаця ж пазваніце,— яму прыемна будзе».

І многія сапраўды званілі (хто па тэлефоне, а хто і ў дзверы) — віншавалі, жадалі, нешта ўспаміналі... Імяніннік шчаслівы быў — і ў той дзень, і наогул.

Другая кабета, мусіць, меней мужа любіла, бо нават пасля таго, як ён цяжка захварэў і «зажыў на мяжы», нікому не званіла і нічога не казала.

Ён так і сышоў — малады, прыгожы...

Быццам укралі.


Памылка

На ўваходзе ў метро досыць кідкая рэклама — запрашэнне пакатацца...

Вы таксама прачыталі пакаяцца?

Вось і я... Увесь час памыляюся.

Ці трэба пытаць, чаму?


Не май сто рублёў...

...Калі топішся, за брытву хопішся, калі хварэеш (а крый Божа, сур'ёзна) — то кашулю дактарам аддасі, нават апошнюю. Калі і не просяць...

Гэты (хірург), пачуўшы, што пацыент яго з вёскі, проста спытаў, ці далёка яна ад горада? («Ды паўгадзіны язды на добрай машыне», — прамовіў хворы). Потым — ці прыгожыя там мясціны? («Яшчэ і якія!» — бо хто ж будзе ганіць сваё?). Ці ёсць дзе парыбачыць ды на паляванне схадзіць? («Ну, вядома ж!»). «Зайздрошчу, — сказаў хірург, — бо вы — шчаслівы чалавек. А вось я з сям'ёй на асфальце жыву: на выхадныя і то няма дзе прыткнуцца — ні дачы, на жаль, ні вёскі». «Дык гэта ж не бяда! — узрадаваўся хворы. — Гэта ж мы адной левай, як той казаў!.. Адно ваша слова, доктар, адно рашэнне. А далей... І гатовы дамок вам можна нагледзець (хочаце — у арэнду, хочаце — назусім), і новы паставіць... Я ж не апошні чалавек у вёсцы. Арганізую ўсё!»

— Ну, калі б так, — хірург пачухаў патыліцу, — то мы з жонкай былі б вам удзячны.

Гэта размова адбылася ў іх, можна сказаць, пры знаёмстве. Ва ўсякім разе час да аперацыі яшчэ быў і марнаваць яго хворы не стаў: што называецца, падмітусіўся, каб выбраць і з хірургам-заказчыкам узгадніць участак, каб выпісаць лесу на зруб, каб папярэдне дамовіцца з брыгадай будаўнікоў.

І потым, пасля аперацыі (яна ўдала прайшла) за пацыентам, вядома ж, «не заржавела»: на ўчастку з'явіліся агароджа, падмурак, а ў хуткім часе і дом — пад рыжай дахоўкай, з вокнамі-дзвярыма, з печамі...

Работы гэтыя, доктар, ну вядома ж, фінансаваў (хоць і па «льготных», дэмакратычных тарыфах). За ходам работ ён таксама «сачыў» — збольшага па тэлефоне. Усё астатняе (калі ўлез у дугу, не кажы «не магу») цягнуў добраахвотнік «прараб».

І такі ж выцягнуў: прыгожы атрымаўся дамок, ладны, зручны для жыцця, нядорага... Здавалася б, зараз, па вясне, толькі засяляйся, толькі абжывайся на новым месцы. А далей хочаш — працуй тут, хочаш — адпачывай...

Доктар прыехаў, пахадзіў кругом ды наво́кала, падыхаў чыстым паветрам, палюбаваўся на блізкае азярцо, хораша пасядзеў за сталом у «прараба». Сказаў яму, што зараз самы час афармляць паперы, здаваць аб'ект пажарнікам, электрыкам...

На жаль, як здалося «прарабу», зусім не для таго, каб на законных падставах засяляцца ды жыць: хутчэй за ўсё, каб з выгадай... прадаць.


Каб ведаць...

З ранку ў асобных крамах сталіцы зніжкі — для пенсіянераў.

— Я ўзяла пасведчанне, — папярэджвае Іванаўна і, ужо стоячы ў чарзе да касы, выцягвае яго з сумачкі, трымае ў руках, каб, калі спатрэбіцца, прад'явіць касіру. А пакуль паказвае нам: прыгожая такая кніжачка — маленькая, чырвоная... А ўжо фатаграфія ў ёй...

— Гэта вы? — не верым вачам. — Такая вясёлая? Спецыяльна здымаліся?

— Ну... Я ж не ведала тады, што чакае...


Рэдкі адпачынак!

На дачок матуля батрачыць, пакуль рук не сашчэпіць. Бо трэба ж дапамагчы! І хочацца...

Вось і круціцца, як вавёрка ў коле: дом, праца, потым да адной дачкі (месяц таму сынка нарадзіла), да другой (там двое малых). А тут яшчэ зуб разбалеўся...

Пашчасціла: запісалася на прыём да любімага стаматолага. «Хоць там, — сказала, — у крэсле пасяджу, адпачну крыху».


...А птушкі — яны вяртаюцца

«На белых ніцях павуціны прывозяць восень павучкі...»

Вясну «прывозяць», дакладней — на крылах прыносяць буслы.

«Нашы дома ўжо, прыляцелі, — час ад часу паведамлялі знаёмыя. — А вашы?»

«Нашых» (на лецішчы буслянка пад вокнамі) — чамусьці не было, прычым доўга. «Ці вернуцца?» — перажывалі мы.

І нязменна чулі ў адказ, што гэта рыба шукае, дзе глыбей, чалавек — дзе лепей, а птушкі — яны вяртаюцца. На радзіму.


Эстафета

...Самыя прыгожыя вокны — у цёткі Волі: з вуліцы відаць (што ўжо казаць пра хату?), якія там танюткія ды бялюткія гардзіны, якія пяшчотныя залацінкі на шторах. «Усё сынок мой, Сяргейка з Германіі прывёз», — хвалілася жанчына. І мела чым: сын яе, падпалкоўнік, вайсковец, і насамрэч доўга жыў, служыў у Нямеччыне.

І, здаецца ж, нядаўна... А ні цёткі ўжо, ні Сяргейкі — памерлі, адно за адным. Хата ў вёсцы засталася ўнучцы — дачцэ таго самага падпалкоўніка.

І ўжо яна, завітаўшы туды перад Вербніцай ды Вялікаднем, выбівала ў двары бабуліны дываны, коўдры і падушкі, сушыла на вяроўках перамытае, найпрыгажэйшае «адзенне» з вокнаў... Гаспадарыла. Акурат, як бабуля — некалі.

І як бацька.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».