26 Верасень, серада

Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Язвіны


Язвіны маюць даволі цікавую гісторыю. Населены пункт вядомы з эпохі сярэднявечча. Землі пераходзілі з царкоўных уладанняў да розных паноў. У ХVІІІ стагоддзі тут быў узведзены мураваны касцёл, вёска значылася як цэнтр сельскай абшчыны. Пазней землі сталі маёнткам Мікалая Даноўскага і Анэлі Карчыцавай. У панскія часы ў Язвінах былі царкоўна-прыхадская школа і бальніца. Участковая бальніца працавала некаторы час пасля вайны. Яе размясцілі ў доме заможнага вяскоўца, сям'я якога загінула ў вайну у поўным складзе. Гэты факт згадала 84-гадовая Любоў Ярмоцык. І галоўнае, што ў ХХ стагоддзі ў вёсцы пражывала каля 400 чалавек. Цяпер жыхароў засталося каля дзясятка.


Ган­на Лаў­ры­но­віч.

Вёска цягнецца ў адну вуліцу больш чым на кіламетр. «Каля мяне тры хаты жылыя, далей — тры хаты, і ў канцы — тры», — расказвае Алена Лаўрыновіч. Усё астатняе сезоннае жыллё, летам прыязджаюць дзеці-ўнукі гаспадароў альбо гараджане, якія купілі хаты для падсобнай гаспадаркі. Але пра гэта крышку пазней. Алена Мікалаеўна расказвае, як раней было весела, як многа працавалі, але і адпачываць умелі, песні спявалі. «На ўсю вёску было чатыры статкі кароў, на кожным падворку трымалі адну, а то і дзве. Калгас быў, ферма вялікая. Работы ўсім хапала», — прыгадвае пенсіянерка.

Ганна Мікалаеўна нарадзілася ў 1933 годзе. Вайну памятае. І адным з самых першых несалодкіх успамінаў дзяцінства стала яе няўдалае жніво. Бацьку забралі на фронт, а маці толькі што нарадзіла малодшае дзіцятка. І яе, 11-гадовую, адправіла жаць проса. Болей не было каму. Яна і ўзялася, гледзячы на дарослых жанчын, якія заносілі серп з размаху. Як замахнулася, так і рэзнула па руцэ. «Стаю, гляджу на гэтую руку, з якой кроў цячэ струменем, не ведаю, што далей рабіць, — расказвае Ганна Мікалаеўна. — Падышла суседка, паглядзела на мяне, тады адарвала ад сваёй ільняной сарочкі рукаў, перавязала маю рану ды адправіла мяне дадому. А маю дзялянку сама зжала. Вось так было... А на бацьку вельмі хутка прыйшла пахавальная. І мама адна ўздымала чацвёра дзяцей. Горш за ўсіх даводзілася бедным удовам у калгасе. Бо за іх не было каму заступіцца, яны ўсяго баяліся. Памятаю, неяк позна ўвечары калгаснае начальства загадала маці запрагаць каня і везці нейкіх упаўнаважаных у раён. І запрагала, і везла. Як на цяперашні розум разважыць: хіба нельга было даручыць гэту работу каму з мужыкоў, а не жанчыне, якой давялося кідаць малых дзяцей адных у хаце? Але хто тады на гэта зважаў. Так вось і пражылі. І ўсіх нас выгадавала, на ногі паставіла.

— Усе стварылі сем'і, раз'ехаліся. Я тут засталася. З мужам працавалі ў калгасе. Вядома, не лёгка было. Але ж мы маладыя былі, рабіць хацелася. Мой гаспадар быў добры, гарэлкай не захапляўся. У хаце заўсёды парадак і дастатак, сыноў выгадавалі. Яны сталі ваеннымі. Годна даслужылі да пенсіі».

Потым Ганна Мікалаеўна не дае рады слязам. Аказалася, не ўсе выпрабаванні лёсу дасталіся ёй у дзяцінстве. Давялося пахаваць старэйшага сына, які памёр ад хваробы сэрца. Так вось і жыве яна з гэтым мацярынскім горам. І знаходзіць сілы радавацца ўнукам, не так даўно праўнучак нарадзіўся. Малодшы сын з Брэста прыязджае часта, як толькі ёсць магчымасць, каб падтрымаць маці. А яна яшчэ ўмудраецца пасадзіць агарод, даглядае кветкі, якіх перад домам насаджана вялікая града. А зімой вяжа шкарпэткі, шалікі для сваякоў. Кажа, што без работы было б зусім цяжка.

А яшчэ Ганна Лаўрыновіч 15 гадоў наведвала фальклорны калектыў асавецкага Дома культуры: «Выступалі па ўсіх вёсках, ведалі нас, дзякавалі, а цяпер калектыў распаўся, каго няма, хто дажывае, як і ўся наша вёска».

Валянціна і Віктар Шлапаковы — другое пакаленне жыхароў Язвінаў. Валянціна Васілеўна тут нарадзілася і вырасла, хадзіла некалі ў мясцовую пачатковую школу. Яе маці, ураджэнка Віцебскай вобласці, пасля заканчэння Смаленскага сельгастэхнікума была накіраваная на працу ў Драгічын. Выйшла замуж за хлопца з Язвінаў і асела тут. Працавала брыгадзірам, аграномам, гадавала дзяцей. Валянціна з Віктарам працавалі ў будаўнічай галіне, жылі ў горадзе. Яны і раней сюды прыязджалі, падтрымлівалі бацькоўскі дом у парадку. А калі выйшлі на пенсію, амаль што перасяліліся сюды. Кажу амаль, таму што муж і жонка жывуць у вёсцы з ранняй вясны да позняй восені. Валянціна Васілеўна нават зарэгістраваная тут, так што з'яўляецца паўнапраўным жыхаром Язвінаў. Шлапаковы не проста на свежым паветры праводзяць заслужаны адпачынак, яны займаюцца гаспадаркай. Напрыклад, 17 сотак займае плантацыя малін, ёсць чатыры рады клубніц, бульба, агародніна. А гэта нялёгкая праца. Праўда, бацькам перыядычна дапамагаюць дзеці. Дзве дачкі Валянціны і Віктара жывуць у Белаазёрску, адна ў Драгічыне. Прыязджаюць на выхадныя з мужамі, калі наступае пара сяўбы альбо збору ўраджаю.

— І дадатковы рубель у сямейны бюджэт, і свае прадукты, і пастаянны рух, занятасць, — разважае Валянціна Васілеўна.

А потым расказвае, што перанесла цяжкую хваробу. Рэабілітацыяй стала чыстае паветра і пасільная праца: «Калі б пасля бальніцы села на лаўку каля пад'езда гарадскога дома, была б да гэтай пары глыбокім інвалідам у лепшым выпадку. А так во памалу падтрымліваю ўсю дамашнюю гаспадарку ды ў агародзе дапамагаю».

Ва­лян­ці­на і Вік­тар Шла­па­ко­вы.

Яшчэ гаспадыня вырошчвае многа кветак. А гаспадар захапляецца аздабленнем двара. Віктар Рыгоравіч — аматар даўніны, на яго падворку сабраны амаль што этнаграфічны музей. Гаршкі ды іншы посуд, элементы сячкарні, іншых станкоў і прыстасаванняў удала ўпісаліся ў ландшафт.

Цікаўлюся, дзе ён усё гэта знаходзіць. А жонка смяецца: «Збірае на сметніках». Аказалася, найбольш экспанатаў знайшоў, калі ў вёсцы зносілі старыя дамы. Усё начынне гарышчаў ды хлеўчыкаў пры разборы пабудоў сапраўды выкідваецца на звалку, а зацікаўлены чалавек падбірае, потым стварае цэлыя кампазіцыі. Так, напрыклад, старая швейная машынка ператварылася ў падстаўку для шашлычніцы. Аграмадныя плеценыя кашы сталі вазамі. Сапраўды: і прыгожа, і ўнукам цікава. Даводзіцца расказваць ім, як раней людзі жылі ў вёсцы, як ладзілі гаспадарку.

— Самы лепшы час для нас, калі ўсе збіраюцца тут, у двары: тры дачкі, тры зяці, пяцёра ўнукаў. Гэта ж цэлы калектыў, весела бывае, — расказвае шчаслівая бабуля. — Таму і хочацца працаваць, паляпшаць дабрабыт, каб было чым прывеціць гасцей.

Калі едзеш па Язвінах, адразу кідаюцца ў вочы «прабелы» паміж дамамі, якія ўяўляюць сабой акуратна апрацаваныя палі. Старшыня Асавецкага сельскага савета Святлана ГРЭЧКА растлумачыла, што гэта ўчасткі ад знесеных пабудоў. Напрыклад, толькі за мінулы год у вёсцы знеслі восем старых дамоў. Робіцца гэта ў асноўным за кошт ахвотных атрымаць участак. Людзі разбіраюць старыя пабудовы, прыбіраюць кустоўе, бур'ян, распрацоўваюць прысядзібныя соткі, каб потым вырошчваць маліны, клубніцы. Ягадны бізнес стаў вельмі папулярным на Драгічыншчыне. Вёска размешчана адносна недалёка ад райцэнтра. Вось і аблюбавалі мясціну гараджане. Калі дом яшчэ добры, бывае, купляюць дом і карыстаюцца ўчасткам. Адну хату, напрыклад, купілі брастаўчане, прыязджаюць летам. Так што з наступленнем цяпла Язвіны прыкметна ажываюць, напаўняюцца галасамі. І хоць не засталося тут ні школы, ні магазіна, летась разабралі апошнія муры былой фермы, вёска не згасае канчаткова. Вось такі цікавы віток гісторыі: спачатку панскі маёнтак, цэнтр сельскай абшчыны за польскім часам, даволі ажыўленая савецкая калгасная вёска, якая паступова аддавала сваіх нашчадкаў гораду, трапіла ў разрад неперспектыўных, а потым атрымала пэўнае адраджэнне як месца для вядзення гаспадаркі. Зноў маёнтак, толькі не аднаго, а многіх гаспадароў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На землях былога панскага маёнтка

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.