27 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Сацыяльныя рэабілітолагі дапамогуць адаптавацца да новых рэалій


Мы стараемся не думаць пра дрэннае, і гэта правільна. Але чалавечае жыццё не застрахавана ад катастроф. Возьмем сітуацыю, калі пасля дарожна-транспартнага здарэння чалавек вымушаны перасесці ў інвалідную каляску. Альбо цяжкае захворванне: інфаркт ці інсульт і параліч, ці пералом шыйкі сцягна ў пажылой жанчыны... Чалавек праходзіць лячэнне ў бальніцы, затым медыцынскую рэабілітацыю. Потым выпісваецца дадому, магчыма, з парэзам, паралічам або слепатой, і гэта ўжо не паддаецца аднаўленню медыцынскімі мерамі... Разам з тым у яго застаюцца планы, мэты і мары, але ўсё гэта рэалізаваць ужо значна складаней. Многія проста не ведаюць, як жыць у новых абставінах. І насамрэч, як?

Гэтае пытанне падчас круглага стала ў рэдакцыі «Звязды» мы абмеркавалі разам з намеснікам начальніка ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццянай ФЁДАРАВАЙ, намеснікам начальніка аддзела па справах ветэранаў і інвалідаў упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацабароны Вікторыяй ГРАЧЫХАЙ, намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, начальнікам аддзела медэкспертызы і рэабілітацыі Міністэрства аховы здароўя Ірынай Кірэевай, прафесарам кафедры сацыяльнай работы і рэабіліталогіі Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Канстанцінам ЗБАРОЎСКІМ, дацэнтам кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ Наталляй ЛАЗОЎСКАЙ і начальнікам аргаддзела Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Ірынай СУХОЦКАЙ.


Важна адаптаваць чалавека да рэальных умоў жыцця, з якімі ён сустрэнецца за парогам бальніцы

Ірына Кірэева:

— Пачну з медыцынскага складальніка. Сярод захворванняў, якія найбольш часта прыводзяць да інваліднасці сярод дарослых, самая вялікая ўдзельная вага — у хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы (43%), затым ідуць новаўтварэнні (24%), хваробы касцёва-мышачнай сістэмы (7,5 %), псіхічныя парушэнні (каля 5%). У дзяцей — прыроджаныя анамаліі (25%), хваробы нервовай сістэмы (17%), псіхічныя парушэнні (16%), хваробы эндакрыннай сістэмы (11%). Пры гэтым у краіне створана і паспяхова функцыянуе этапная сістэма медыцынскай рэабілітацыі. Алгарытм уключае спачатку ранні перыяд у стацыянары, потым рэабілітацыя працягваецца ў амбулаторных умовах. Калі пацыент цяжкі, прадугледжана хатняя рэабілітацыя: да яго дадому можа прыйсці доктар-рэабілітолаг, масажыст, інструктар ЛФК. Калі ёсць медыцынскія паказанні, магчымы паўторны этап рэабілітацыі.

Летась у Беларусі прайшлі медыцынскую рэабілітацыю 1,8 млн чалавек, з якіх 140 тысяч інвалідаў. Іншымі словамі, мы рэабілітуем людзей, што хварэюць, не арыентуючыся пры гэтым выключна на інваліднасць. Наша мэта — не дапусціць інваліднасці ці па меншай меры знізіць яе цяжар. І ў апошні час першасная інваліднасць у нас знізілася на 3%. Знізіўся і цяжар інваліднасці. І хачу адзначыць, што ўжо гадоў пяць як у нас няма паказчыкаў па першаснай інваліднасці. Мы вызначаем інваліднасць усім, у каго ёсць яе прыкметы.

«Звязда»: У заходніх бальніцах акрамя ўрачоў-рэабілітолагаў ёсць сацыяльныя рэабілітолагі, якія як бы «падхопліваюць» хворага, дапамагаюць яму не выпасці з грамадства...

Ірына Кірэева:

— Я бачыла такую мадэль у Швецыі. У аддзяленні для спінальных хворых 0,25 стаўкі выдзелена для сацработніка, які кансультуе пацыентаў і іх сваякоў наконт ільгот, на якія мае права пацыент, па пытаннях яго далейшага працаўладкавання і г. д.

Канстанцін Збароўскі:

— Калі мы зазірнём у Канвенцыю ААН аб правах інвалідаў, то выявім змену фармулёўкі самога паняцця інваліднасці. Калі раней гаварылі аб інваліднасці як аб парушэннях чалавека, то сёння мы гаворым, што гэта неадпаведнасць сацыяльна-асяроддзевых умоў магчымасцям чалавека. Гэта прынцыповы момант. І тут адкрываецца спектр задач для спецыяліста ў галіне сацыяльнай рэабіліталогіі.

Ён павінен прыняць у доктара-рэабілітолага пацыента, і прыняць на раннім этапе, пакуль не адбылася яго стыгматызацыя (навешванне сацыяльных ярлыкоў, сацыяльна-псіхалагічная дыскрымінацыя нейкай катэгорыі людзей. — Аўт.). Тут вельмі важна адаптаваць чалавека да рэальных умоў жыцця, з якімі ён сустрэнецца за парогам бальніцы: дзе часта няма поручняў, пандусаў і іншых прыстасаванняў...

Прычым сацыяльна-бытавое асяроддзе будзе розным у залежнасці ад месца жыхарства чалавека. І магчымасці для адаптацыі чалавека ў розных рэгіёнах розныя. Адна справа сталіца, дзе ёсць магутная рэабілітацыйная служба. У буйных рэабілітацыйных цэнтрах можна дазволіць сабе трымаць асобна псіхолага, лагапеда, эргатэрапеўта і інш. А ў глыбінцы — зусім іншая гісторыя. Але мы павінны думаць і пра далёкія рэгіёны. Менавіта там будуць патрэбныя спецыялісты па комплекснай рэабілітацыі. Мы выпусцілі 17 такіх спецыялістаў у мінулым годзе, і яны аказаліся вельмі запатрабаванымі.

«Звязда»: Значыць, у будучыні і ў нас, магчыма, з'явяцца сацыяльныя рэабілітолагі?

Канстанцін Збароўскі:

— Яны неабходныя і ў сістэме аховы здароўя, і ў сістэме працы і сацыяльнай абароны, таму зараз трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу падрыхтоўцы такіх кадраў. Цяпер выпрацоўваецца фармат прафесійных стандартаў, у тым ліку мы робім прафесійны стандарт і на гэтага спецыяліста. Калі ён будзе зацверджаны, ён з'явіцца ў Адзіным кваліфікацыйным даведніку пасад. Акрамя таго, спецыяльнасць павінна з'явіцца ў Агульнадзяржаўным класіфікатары спецыяльнасцяў і кваліфікацый Мінадукацыі. Пасля гэтага кіраўнікі ўстаноў маюць права ўводзіць гэтую пасаду ў штатны расклад.

Таццяна Фёдарава:

— У мяне пакуль няма адказу на гэтае пытанне. Адзінае, магу сказаць, што прыкладныя нарматывы колькасці работнікаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо маральна састарэлі. Функцыі ТЦСАН вызначаюць перш за ўсё мясцовыя органы, і ў розных рэгіёнах іх дзейнасць адрозніваецца. Таму структура і штат іх павінны ўсталёўвацца на месцах. Па нашым заказе ў НДІ працы былі распрацаваны навукова абгрунтаваныя прыкладныя нарматывы работнікаў тэрытарыяльных цэнтраў, арыентаваныя на напрамкі работы, што вядзе цэнтр, яго нагрузку. Гэтыя распрацоўкі паслужаць базай для распрацоўкі новых прыкладных штатных нарматываў у наступным годзе.

Сацыяльная рэабілітацыя пачынаецца з набыцця сродкаў тэхнічнай рэабілітацыі. Калі чалавек мае патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, то можа атрымаць яго ў ТЦСАН, прычым як дома, так і ва ўмовах паўстацыянара, а таксама ў дамах-інтэрнатах.

Сацыяльнае абслугоўванне дома арыентавана на тое, каб чалавеку былі створаны ўмовы для яго пражывання ў хатніх умовах, і больш накіравана на тых, у каго магчымасці значна абмежаваныя. У ТЦСАН таксама ёсць дзённыя аддзяленні для інвалідаў. Яны накіраваны на людзей, якія не могуць працаваць і якім гэтыя аддзяленні дазваляюць не замыкацца дома ў чатырох сценах, а мець зносіны, развіваць творчыя навыкі, рабіць нейкія сувеніры. Для тых жа, каму паказана прафесійная і працоўная рэабілітацыя, існуюць службы занятасці, прапануецца перападрыхтоўка, працаўладкаванне, дапамога ў арганізацыі ўласнай справы і г. д.

Вікторыя Грачыха:

— Я дадам пра крокі, якія мы ўжо робім. У рамках падпраграмы па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў акрамя ўсяго іншага ёсць пункт, які датычыцца навучальных курсаў па камп'ютарных тэхналогіях для інвалідаў. У гэтым годзе мы пашыраем гэты курс і ўкараняем туды навучанне карыстанню смартфонамі. Таксама на курсах пры Беларускім пратэзна-артапедычным заводзе мы навучаем людзей з інваліднасцю як карыстацца інваліднай каляскай.

Акрамя таго, на базе Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі Мінпрацы ёсць курсы па навучанні фінансавай адукаванасці і стымуляванні дзелавой актыўнасці. Яны працуюць ужо даўно, некаторыя людзі з інваліднасцю пасля іх праходжання адкрываюць сваю справу.

На базе Беларускага пратэзна-артапедычнага завода таксама створаны спецыялізаваны рэабілітацыйна-адукацыйны цэнтр і вучэбна-метадычны комплекс «Функцыянальны дом». Гэта функцыянальная міні-кватэра — з кухняй, санвузлом і пакоямі, дзе ёсць усе віды тэхнічных прылад, якія могуць дапамагчы чалавеку з інваліднасцю — усё, што выпускае наш пратэзна-артапедычны завод. Чалавек можа прыйсці туды і навучыцца імі карыстацца.

Новыя кватэры павінны планавацца з улікам таго, што ў будучыні гаспадар можа стаць інвалідам

«Звязда»: Чалавека вылечылі, наколькі гэта ў магчымасцях сённяшняй медыцыны. Але застаецца пытанне: ці зможа ён пасля рэабілітацыі жыць дома, там, дзе жыў да хваробы або траўмы? У якое асяроддзе ён трапляе і якім яно ў ідэале павінна быць?

Наталля Лазоўская:

— Ідэальным рашэннем было б асяроддзе, у якім камфортна людзям з рухальнымі і сэнсарнымі абмежаваннямі, але не толькі ім, а яшчэ і людзям пасля траўмы, пажылым, жанчынам на высокіх абцасах, маці з каляскай або тым, хто не валодае мовай краіны знаходжання... Дапамагчы стварыць такое асяроддзе здольны ўніверсальны дызайн. Яго выкарыстанне пашырае межы даступнасці, і гэта адрознівае яго ад канцэпцыі безбар'ернага асяроддзя.

Згодна з Канвенцыяй аб правах інвалідаў універсальны дызайн — гэта дызайн прадметаў, праграм і паслуг, які закліканы зрабіць іх максімальна прыдатнымі да карыстання для ўсіх людзей без спецыяльнай адаптацыі. Вядома, спраектаваць нешта, што будзе падыходзіць абсалютна ўсім катэгорыям людзей, нерэальна. Але ж ёсць паняцце разумнага прыстасавання.

Калі казаць пра тое жыллё, якое ўжо пабудавана, тут шмат праблем, якія не заўсёды можна вырашыць. Але ўжо ёсць новая методыка планавання, калі спачатку прадугледжваюцца планіровачныя рашэнні, прыстасаваныя для людзей з інваліднасцю, а потым на гэтай базе робяцца іншыя, для стандартнай сям'і. У гэтым выпадку, калі ў працэсе жыцця ў гаспадара кватэры ўзнікнуць праблемы ў сувязі з траўмай або інваліднасцю, можна будзе лёгка зрабіць перапланіроўку. Проста з самага пачатку павінны адсутнічаць перапады ўзроўняў падлогі (цяпер такія перапады пры ўваходзе ў санвузел альбо выхадзе на лоджыю часам складаюць да 15 см, што робіць амаль немагчымым перамяшчэнне не толькі ў інваліднай калясцы, але нават з мыліцамі). Павінны быць досыць шырокія дзвярныя праёмы. Усё астатняе, калі ўзнікне такая неабходнасць, можа быць зроблена пасля.

Калі браць навакольную прастору, то для чалавека на інваліднай калясцы павінен быць створаны даступны шлях па горадзе, і гэтая даступнасць не павінна нідзе перарывацца.

Гэта новая філасофія. І яна ў нас цяпер развіваецца. Вядома, ёсць пытанні эканамічнай мэтазгоднасці. Але я нідзе не бачыла эканамічна абгрунтаваных разлікаў, што будзе танней: сэканоміць на жалезабетоне і зрабіць больш вузкія праёмы ці зрабіць дзвярное палатно з больш танных матэрыялаў, але прыдатнае для ўсіх выпадкаў жыцця.

Хачу сказаць, у нашым універсітэце распрацавана праграма новай дысцыпліны «Універсальны дызайн» для студэнтаў архітэктурных і будаўнічых спецыяльнасцяў, і, хутчэй за ўсё, дадзены курс будзе ўведзены ўжо ў верасні гэтага года. Але ў нас ужо сёння шмат эксперыментальных студэнцкіх праектаў у гэтай галіне.

Ірына Сухоцкая:

— Апошнім часам я бачу пазітыўныя перамены. Зараз мы часцей сталі казаць не «інвалід», а «чалавек з інваліднасцю», не «людзі з абмежаванымі магчымасцямі», а «людзі з павышанымі патрэбамі». Бо, прабачце, магчымасці ў кожнага з нас у чымсьці абмежаваныя. Добра, што сталі гаварыць аб праве такіх людзей рэалізавацца так, як яны самі гэтага хочуць, а не як мы ім часам навязваем. У індывідуальнай праграме рэабілітацыі мы ўжо не пішам, па якіх прафесіях можа працаваць чалавек, а проста падаём яго супрацьпаказанні. Гэта вялікі плюс.

Мы займаемся рэабілітацыяй інвалідаў па зроку. На нашых прадпрыемствах створаны аддзелы рэабілітацыі, дзе мы навучаем членаў свайго аб'яднання сістэме Брайля, прастораваму арыентаванню, сацыяльна-бытавым арыенціроўкам, валоданню сучаснымі камунікацыйнымі сродкамі. Многія не ведаюць правілаў суправаджэння, этыкі зносін з людзьмі з інваліднасцю, гэта можна сказаць нават пра медыкаў. Таму мы праводзім трэнінгі, семінары на гэтую тэму, але гэтага мала. Да таго ж, калі ўлічыць наш менталітэт, наша стаўленне да такіх людзей... Яго трэба мяняць, але гэта доўгі працэс.

Радуе, што ўжо ёсць зрухі. Але існуе яшчэ адна тэма — працаўладкаванне, і менавіта на адкрытым рынку працы. Гэта пакуль праблема, бо нашы работадаўцы не гатовыя прымаць на працу людзей з інваліднасцю. Мы знаходзім разуменне ў Міністэрстве працы і сацабароны, і дзяржава дае хай невялікія, але бязвыплатныя сумы на адкрыццё сваёй справы — гэта таксама важна.

Па вялікім рахунку, што патрэбна чалавеку з інваліднасцю? Трэба, каб у яго была праца, каб былі даступныя і якасныя сродкі тэхнічнай рэабілітацыі, каб ён мог свабодна перамяшчацца...

Канстанцін Збароўскі:

— Хацелася б адзначыць, што рэабілітацыя — гэта не проста функцыянальнае аднаўленне чалавека, але яшчэ і аднаўленне яго правоў і свабод як асобы. І тут трэба разглядаць у першую чаргу магчымасць вяртання чалавека ў вытворчую, прафесійную сферу. Трэба дапамагчы яму вярнуць яго сацыяльныя ролі і дасягнуць незалежнасці: фізічнай, псіхалагічнай, эканамічнай. Усё гэта прадмет сацыяльнай рэабілітацыі. Такая мадэль дапаможа знізіць узровень інваліднасці і вярнуць людзей да працы ці, як кажуць расіяне, вярнуць дзяржаве падаткаплацельшчыка.

У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу на такую праблему: наяўныя кваліфікацыйныя характарыстыкі па прафесіях цяпер улічваюць увесь спектр кампетэнцый. Але ў чалавека з інваліднасцю заўсёды па нейкай частцы кампетэнцый будуць супрацьпаказанні.

Напрыклад, чалавек з парушэннем інтэлекту мог бы быць цудоўным азеляніцелем. Але мы не маем права даць яму дыплом азеляніцеля, таму што ў кваліфікацыйных характарыстыках напісана, што ён не павінен працаваць у замкнёнай прасторы, ва ўмовах павышанай тэмпературы і г. д. Трэба раздзяліць кваліфікацыйныя характарыстыкі і даць права сертыфікаваць асобныя навыкі або кампетэнцыі. Работадаўца часта не можа прыняць на працу чалавека з інваліднасцю, таму што ў шырокім спісе патрэбных кампетэнцый дзесьці выскокваюць супрацьпаказанні. Але ж чалавек можа садзіць кветачкі на клумбе і не абавязкова ў спіс яго кампетэнцый закладваць працу ў цяпліцы. І вось ён ужо прафесійна прыгодны. Вядома, трэба ўлічваць усе супрацьпаказанні, звязаныя са здароўем, але гэты момант значна пашырыць спектр прыгодных працоўных месцаў і, адпаведна, магчымасці прафесійнай рэабілітацыі.

Я ўпэўнены: калі мы гаворым пра Канвенцыю і пашырэнні магчымасцяў, мы павінны пастарацца даць магчымасць чалавеку з інваліднасцю рэалізоўвацца і развівацца як асобе. І сёння ёсць прыклады, калі такія людзі нават дысертацыі абараняюць!

Варта падкрэсліць: разам з асэнсаваннем сацыяльна-эканамічнай сутнасці рэабіліталогіі павінны адбывацца змены ў нашых галовах — гэта галоўнае. Грамадства павінна таксама «выспець». Гэта нельга зрабіць раптоўна, працэс павінен быць эвалюцыйным: па меры фарміравання грамадскай думкі, развіцця тэхналогій сацыяльнай рэабілітацыі. Зараз вось відавочны новы віток пашырэння магчымасцяў у сувязі з ратыфікацыяй Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў...

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Упаў, ачуўся, гіпс...»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Ракаве святкуюць Купалле

Як у Ракаве святкуюць Купалле

У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.

Грамадства

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

«Суседка думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся».

Грамадства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Вайскоўцы-кантрактнікі змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на «Воіне Садружнасці — 2017».

Грамадства

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет.