Вы тут

Уваскрослы Хрыстус — наш Бог!


Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень.


Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Глыбокапаважаныя суайчыннікі!

Сардэчна віншую ўсіх вас гэтым пасхальным воклічам з радасным і збаўчым святам Уваскрэсення Хрыста!

Евангелле распавядае, як на трэці дзень пасля смерці Езуса раніцай, калі яшчэ было цёмна, жанчыны міраносіцы накіраваліся да Яго магілы, каб паводле яўрэйскага звычаю намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Якое ж здзіўленне напоўніла іх, калі ўнутры яе замест цела Езуса яны ўбачылі анёла, які ім сказаў: «Не бойцеся! ... Шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў... Ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце» (Мц 28, 5—7).

Гэтыя словы гучаць сёння ў свеце Заходняга і Усходняга хрысціянства, бо сёлета мы ўсе разам адзначаем Пасху. Яны адрасаваны кожнаму чалавеку, і імі Езус кліча нас стаць пры Яго пустой магіле, каб пераканацца, што Ён сапраўды ўваскрос і заклікае сустрэць Яго ў нашай беларускай Галілеі.

Нягледзячы на факт пустой магілы і словы анёла, захаванне жанчын міраносіц і апосталаў з'яўляецца парадаксальным. Яны ведалі абяцанне Езуса ўваскрэснуць на трэці дзень, аднак спачатку не маглі паверыць, што Ён уваскрос. Натуральная праўда аб тым, што памерлы застаецца памерлым, назаўсёды дамінавала ў іх сэрцах. У выніку чаго іх богам быў страх, а не ўваскрослы Хрыстус.

Часам і мы падобны да іх. Нашы сэрцы не скорыя да веры, не спяшаюцца даверыцца Езусу і ў Ім мець сваю надзею. Таму натуральна ўзнікае пытанне, хто з'яўляецца нашым Богам? Поспех? Кар'ера? Матэрыяльныя каштоўнасці? Алкаголь? Наркотыкі? Лідарства? Задавальненні? На жаль, яны часта становяцца нашымі багамі, каторыя, аднак, не могуць задаволіць нашага сэрца, бо зямное мінае, а вечнае застаецца.

Адзіны, хто можа гэта ўчыніць, — гэта ўваскрослы Езус.

Гэта тая навіна, якую сёння абвяшчае хрысціянства ў свеце. І калі праз сакраментальнае жыццё мы з'яўляемся яе ўдзельнікамі, то ведаем, хто ёсць наш Бог. Менавіта Езус, Які ўчыніў нас свабоднымі і кажа, што толькі праўда нас вызваліць (пар. Ян 8, 32). Ён сам з'яўляецца гэтай праўдай, і толькі Ён можа нас вызваліць ад ідалаў, фальшывых бажкоў і адарыць сваім супакоем і радасцю.

На жаль, сучасны свет не звяртае ўвагі на духоўныя справы, але засяроджаны на тым, што бачна... Гэта яго бог. У выніку чаго портам свайго прызначэння ён выбірае небыццё, а мы створаны для жыцця. Калі выключаем са свайго жыцця веру ў Бога, то наша надзея ператвараецца ў ілюзію. Мы становімся падобнымі да капітана карабля, які ведае як ім кіраваць, але не ведае куды плыве, бо ў яго няма евангельскай карты ці моднага сёння GPS.

У выніку чаго сучасны свет перажывае аслабленне духоўнага імунітэту, што вядзе да адмовы ад фундаментальных маральных прынцыпаў, на якіх мы павінны будаваць наша жыццё. Нараджаецца новая канцэпцыя свабоды. Менавіта свабоды ад Бога і ягонага закону, гэта азначае свабоды рабіць усё, што хочацца.

Сацыёлагі кажуць, што чалавецтва ад эпохі постмадэрнізму перайшло ў эпоху постпраўды, калі лжывасць больш папулярная, чым праўда. Усё гэта вядзе ў тупік і не дапамагае ў вырашэнні ўзнікаючых праблем. У той самы час радаснае пасланне Пасхі, якое з'яўляецца нязменнай Божай праўдай, гучыць ясна: «Езус наш Збаўца! Ён наш Бог і праўда!»

Такім чынам мы знаходзімся перад выбарам: «Бог альбо нічога».

Падобна таму, як праўда Велікоднай раніцы перамяніла жанчын міраносіц і апосталаў, яна таксама перамяняе і нас, каб мы, у духоўных поцемках сучаснага свету, ведалі, што Хрыстус з'яўляецца нашым Богам, і да яго імкнуліся. У гэтым заключаецца наша пасхальная радасць, якой мы павінны дзяліцца з іншымі, каб яна таксама перамяняла і іх і паслядоўна перамяняла свет.

Выслоўе кажа, што замест таго, каб праклінаць цемру, трэба запаліць свечку. Таму замест таго, каб толькі наракаць на тое, што зло апанавала свет, неабходна самім перамяніцца, уваскрэснуць са сваіх грахоў, каб стаць маякамі святла і надзеі ў сучасным свеце.

Дарагія браты і сёстры!

Віншую вас са святам Пасхі Хрыстовай! Віншую ўсіх хрысціян — католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, бо сёлетняя Пасха з'яўляецца сумесным святкаваннем перамогі Хрыста! Віншую людзей добрай волі!

Няхай Пасхальная праўда дапамагае нам у адказе на выклікі сучаснасці. Яе перамяняючая радасць і навізна няхай дасягне нашых дамоў, сем'яў, месцаў працы і вучобы, і ўсёй нашай Бацькаўшчыны! А ўваскрослы Езус сваёй ласкай няхай дапамагае нам штодзённа ўваскрасаць да новага жыцця і толькі Яго прызнаваць сваім Богам.

Хрыстус уваскрос!

Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.