Вы тут

Кітайскі казачны ландшафт


Напісаць гэтыя нататкі мяне падштурхнула сустрэча з кнігай «Травинка-невидимка: сказки народов Китая», якая пабачыла свет у 2017 годзе ў выдавецтве «Речь». Выдавецкая ўстанова, якая працуе ў двух гарадах – Санкт-Пецярбургу і Маскве. Пераклаў з кітайскай Ю. Осіпаў. Пераказалі для дзяцей Н. Гессэ і З. Задунайская. У афармленні выкарыстаны малюнкі Б. Каладушына.  Вельмі сімпатычныя і цёплая кніга!


А ці ёсць выданні кітайскіх казак на беларускай мове, адразу задалася я пытаннем. І як высветлілася, што -- так, у свой час у Мінску выйшла кніга кітайскіх народных казак у перакладзе Сяргея Міхальчука “Гара гаючых траў” – у 1960 годзе. Дакладней – у гэтай кнізе была змешчана ўсяго адна казка, якая і дала назву выданню. Сяргей Міхальчук, закончыўшы аддзяленне журналістыкі БДУ, пачынаючы з 1951 года працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (пазней – выдавецтва “Беларусь”). З 1972 года быў загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Сам выдаў некалькі арыгінальных кніг апавяданняў – “Сто прыгод за адзін дзень”, “Паштальён, шырэй крок!”,  “Зялёны лісточак”, “Першы след”. Але болей за ўсё займаўся мастацкім перакладам. У тым самым 1960 годзе Сяргей Міхальчук выдаў яшчэ адну кнігу перакладаў з кітайскай – “Казкі старога Сюна”. Вядома, што ў 1989 годзе “Юнацтва” выдала кнігу кітайскіх народных казак “Залатая ракавіна” у перакладзе Міхася Пазнякова. У зборнік Міхась Паўлавіч уключыў чатыры казкі – “Качаня і пеўнік”, “Капуста і насенне”, “Малпачка” і “Залатая ракавінка”.

У апошні час некалькі перакладаў кітайскіх казак з’явілася ў перыядычным друку: у часопісах “Бярозка”, “Гаспадыня”. Перакладчыкі – Алесь Карлюкевіч і Вераніка Карлюкевіч. Але сістэмнага збору кітайскіх народных казак на беларускай мове няма. Чаму?.. Выйшлі параўнальна нядаўна ў “Мастацкай літаратуры” і Выдавецкім доме “Звязда” асобнымі кнігамі казкі славянскіх народаў, сербскія народныя казкі. У беларускіх літаратараў ёсць багаты вопыт засваення фальклорнай спадчыны іншых народаў у перакладзе на беларускую. І хацелася б, каб ён пашырыўся на Кітай, кітайскі народны фальклор.

Сёння многія беларускія кітаісты добра валодаюць роднай мовай. Сведчыцць пра тое і развіццё серыі “Светлыя знакі. Паэты Кітая”, у якой ужо хутка назбіраецца ці не дзясятак кніг. У Беларускім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце працуе кафедра кітайскай філалогіі. Яе выхаванцы актыўна займаюцца літаратуразнаўствам, вывучэннем фальклора. Дык чаму не скіраваць іх да практыкі перакладу кітайскіх казак на беларускую мову? Думаю, што такія публікацыі былі б запатрабаваны і ў часопісах для дзяцей – “Вясёлка”, “Буся”, “Бярозка”. А калі б іх назбіралася на кнігу, то яе з задавальненнем выдалі б у любым дзяржаўным выдавецтве.

У шэрагу школ краіны вывучаюць кітайскую мову літаральна з самых малодшых класаў. Дык чаму б не спалучыць гэтую спарву з развіццём уяўленняў пра традыцыі фальклору Кітая праз знаёмства з лепшымі ўзорамі казак на беларускай мове?  

Дракон, тыгр, птушка фенікс, чарапаха, панда – вось персанажы казак Кітая, вось тыя вобразы, жыццёвыя і мастацкія сімвалы, якія правядуць для маленькіх беларсаў экскурсію па Паднябеснай, зробяць далёкую краіну болей блізкай, а яе жыхароў, яе насельнікаў болей зразумелымі. Дзеля гэтага варта ўсім парупіцца – і выдаўцам таксама, і кніжным графікам далёка не ў  апошнюю чаргу. Мяркую, што плён не прымусіць сябе чакаць

Вераніка Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.