Вы тут

Дзеля жыцця вечнага


Вясна ўжо крочыць па Зямлі, але надыходзіць час вясны духоўнай: яна аднаўляе і сілкуе жыццё. Вялікі дзень — у памяць пра тое, што чалавек здольны перамагаць любыя складаныя абставіны, здраду і нават смерць. Калі ён гатовы служыць і ахвяраваць сабой дзеля іншых. І як зямля да Вялікадня абнаўляецца да новага жыцця, так і ў чалавека ёсць магчымасць скінуць цяжар нявартых учынкаў, зрабіць крок да таго, каб змяніць сябе і рабіць лепшым наш агульны свет. Сёлета ўваскрэсенне Ісуса Хрыста ў адну нядзелю сустрэнуць усе хрысціяне Беларусі. Зямля сцішылася ў прадчуванні перамогі духоўнага над фізічным, вечнага над часовым…


Велікодныя яйкі сёння — яшчэ і сімвалы разнастайнасці жыцця. Яны могуць быць простыя, пафарбаваныя ў хатніх умовах падручнымі сродкамі, натуральнымі спосабамі. А ёсць адмыслова вырабленыя, аздобленыя каштоўнымі камянямі знакамітыя вырабы дому Фабержэ ці арыгінальныя штучныя экзэмпляры з парцаляну, дрэва ды іншых матэрыялаў. Народныя пісанкі з самавітымі сюжэтамі, складанымі арнаментамі ды нацыянальным каларытам, якія сведчаць пра лад жыцця сваіх стваральнікаў…

Непрыкметныя на агульным фоне чырвоныя фарбаванкі, самыя звычайныя і ў той жа час самыя старажытныя. За простай чырвонай шкарлупінай — прыхаваны сакральны сэнс: евангельская прыпавесць пра Марыю Магдалену, што прыйшла да рымскага імператара Тыберыя з весткай пра ўваскрэсенне Хрыстовае ды падарункам-доказам — яйкам, якое пачырванела на вачах здзіўленага імператара. Чырвоны — сімвал крыві сына Божага, які ахвяраваў сабой дзеля даравання грахоў чалавецтва, каб працягнуць жыццё гэтага свету, каб кожны чалавек і кожны народ быў адказны за свой шлях. Колер, які ў славян да таго асацыяваўся з сонцам, здароўем і дабрабытам. На Вялікдзень — малітвы за здароўе: у Бога няма смерці, а ёсць шлях, які вядзе да жыцця вечнага.

Цяпер яйка не толькі сімвал — яно стала даволі запатрабаваным і нават папулярным мастацкім аб’ектам. Зразумець гэта можна, аглядаючы выстаўку «Велікоднае яйка», якую напярэдадні вялікага хрысціянскага свята не першы год ладзяць у кабінеце-музеі беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пад кіраўніцтвам загадчыцы музея, прафесара, доктара філалагічных навук Ірыны Казаковай пачалі збіраць першыя экспанаты. Аснова экспазіцыі — пісанкі, крапанкі, фарбаванкі ад беларускіх майстроў. Возьмеш яйка ў рукі і адчуваеш, як знутры аб шкарлупіну б’ецца жаўток: яго захоўвае адмысловы спосаб падрыхтоўкі да роспісу. Ёсць асобнікі з вялікай гісторыяй: распісанае абразамі стагадовае яйка ад прабабулі адной з выкладчыц; драўляныя ды парцалянавыя яйкі з манастырскіх майстэрняў. Вобразы беларускага арнаменту адлюстраваныя на шкарлупінах і нават у французскай тэхніцы фрывалітэ. Аплеценыя карункамі яйкі сімвалізуюць апосталаў, сярод іх — Маці Божая, найпрыгажэйшы ружовы авал з каронай. Экспанаты не толькі беларускія. Частка калекцыі прыехала з Украіны (музей «Пісанка» ў Каломыі) ды Расіі. Прадстаўлена нават упрыгожанае яйка з Кітая — падарунак ад студэнтаў-замежнікаў. Велікодная выстаўка пашыраецца, штогод з’яўляюцца новыя экспанаты, якія маюць дачыненне да хрысціянскай гісторыі. Сёлета, прынамсі, прадстаўленыя панагіі (пазнакі, што носяць на грудзях архіерэі) і ружанцы, якія перадаў музею сталічны мастак Казімір Карпенка. Вырабы мастака аб’ядноўваюць традыцыі розных культур, спалучаюць абразы, натуральныя камяні, біжутэрыю.

Частка пастаяннай экспазіцыі музея — пано, зробленае ва ўжо згаданай тэхніцы фрывалітэ. У цэнтры — Зямля, вакол — сімвалы, што ўвасабляюць уяўленне пра веру прадстаўнікоў розных народаў. На філалагічным факультэце, дзе беларусы разам з роднай мовай вывучаюць гаворкі народаў свету, неабходна памятаць, што ў нашым адзіным, агульным глабальным свеце ўсе культуры, якія ўзніклі і развіваюцца з ласкі Божай, маюць права на сваё вечнае жыццё.

Ларыса ЦІМОШЫК, Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.