Вы тут

«Анатомія» онімаў: гаваркія прозвішчы ў прозе сучасных пісьменнікаў


Насычаная драматычнымі падзеямі айчынная гісторыя ХХ стагоддзя стала прадметам мастацкага асэнсавання ў гістарычнай прозе берасцейскіх пісьменнікаў Міколы Сянкевіча, Анатоля Крэйдзіча, Леаніда Філатава, Клаўдзіі Каліны, Уладзіміра Дамашэвіча, Васіля Жуковіча, Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Наварыча. У цэнтры мастацкага свету, створанага ў раманах, аповесцях і апавяданнях, — поўныя драматызму і напружання падзеі Першай і Другой сусветных войнаў, а таксама цяжкія дзесяцігоддзі пасляваеннага аднаўлення краіны, гады савецкага застою. Ствараючы карціны мінулага нашай зямлі, пісьменнікі ўмела выкарыстоўваюць прагматычны зарад і вобразна-выяўленчыя магчымасці такой часткі антрапанімікону, як прозвішчы.


Прозвішчы-ярлыкі

Адзначым істотную розніцу зместу і функцый прозвішчаў у жыцці і ў мастацкай літаратуры. У сучасным грамадстве праяўляецца тэндэнцыя да забыцця, «сцірання» ўнутранай формы прозвішча, якое выконвае найперш функцыю ідэнтыфікацыі асобы як члена соцыуму. Што да мастацкай літаратуры, то, ствараючы найменні персанажаў, пісьменнік імкнецца «ўваскрасіць» унутраную форму оніма, падкрэсліць яго сувязь з паняццем, якое легла ў аснову прозвішча. У прозвішчах адлюстроўваецца бачанне пісьменнікам сваіх персанажаў, іх характару, дзеянняў, учынкаў.

Найбольш ярка і просталінейна функцыя мастацка-вобразнай характарыстыкі персанажа выконваецца прамагаваркімі прозвішчамі. Маючы празрыстую ўнутраную форму, прозвішчы гэтага тыпу характарызуюць персанажаў непасрэдна, просталінейна, з’яўляючыся свайго роду этыкеткамі, ярлыкамі, якія прадвызначаюць характар успрымання і ацэнкі чытачом літаратурнага героя.

Прамагаваркія прозвішчы ўтрымліваюць інфармацыю пра маральныя якасці персанажаў. Напрыклад, прозвішча Харашун асацыятыўна звязваецца са значэннем прыметніка харошы — ‘які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі’ (тут і далей значэнне слова падаецца паводле выдання: «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы», Мінск, 1996). Найменне персанажа навелы Г. Марчука «Апека» цалкам адпавядае характару гераіні, даючы станоўчую ацэнку незласлівай, дабрадушнай, ціхай, непрыкметнай жанчыне. «Соня нікому не скардзілася на сваю долю, на Бога, не зайздросціла ніколі ўдачлівым суседзям, іх заможнасці. Адна такая на ўсё сяло была Соня, што не імкнулася любымі сродкамі стаць багатай, не гналася за капейкай». Лёс Соні Харашун — прыклад жыцця бязгрэшнага чалавека, праведніка, на якім, як вядома, трымаецца свет.

Прозвішча Нядбайла, якое належыць герою аповесці Г. Марчука «Паляшук», выклікае асацыяцыі са словам нядбайны — ‘які абыякава, нядобрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, спраў, лянівы’. Старшыня калгаса Нядбайла запусціў гаспадарку, не клапоціцца пра аднавяскоўцаў. Прозвішча персанажа дапамагае адцяніць ідэю твора.

У прозвішчы Таццяна Чудайкіна (персанаж рамана У. Гніламёдава «Расія») адлюстроўваецца характар смешнага, безгаспадарлівага, легкадумнага дзівака: «Жыў Таццянка бедна, у яго гаспадарцы не было ні плуга, ні каня. Сваё прозвішча апраўдваў у поўнай меры. Меў, напрыклад, звычай хадзіць у Борскім па базары са сваёй лыжкай — каштаваць смятану, тварог. Купляць не купляе, толькі прыцэньваецца. Гандляркі ведалі Таццянку — праганялі». Заканчваецца «бліскучая» кар’ера Чудайкіна пасадай пастуха — «старшыні» калгаснага статка. Сэнс прозвішча героя рамана У. Гніламёдава «Вяртанне» Гадаў асацыятыўна звязваецца са значэннямі слова гад ‘агідны чалавек, гадзіна’. Прозвішча-паэтонім характарызуе беспрынцыпнага жандара, які служыў любой уладзе: «Гадаў па-ранейшаму практыкаваў па “сыскному дзелу” і цаніўся ў галіне палітычнага вышуку як выдатны спецыяліст з аграмадным, яшчэ царскім стажам і вопытам. Яго кваліфікаванымі паслугамі паспелі пакарыстацца Дзянікін і Урангель, балканскія краіны, Германія, і цяпер чарга дайшла да Польшчы, дзе ў ім мелі таксама немалую, па ўсім відаць, патрэбу».

Гаваркое прозвішча можа быць замалёўкай знешнасці чалавека. Так, сэнс прозвішча героя рамана У. Гніламёдава «Расія» Вярзілін асацыятыўна звязваецца са значэннем рускага назоўніка верзила — ‘высокі чалавек’. Унутраная форма прозвішча актуалізуецца ў аўтарскіх апісаннях знешнасці багатыра: «Тут жа стаяў той самы мажны мацак з чорнай кучаравай барадой.... Звалі яго Спірыдон Вярзілін».

Прозвішча-наканаванне

Ускоснагаваркія прозвішчы не надзелены такім прамым, відавочным характарыстычным зарадам. Іх значнасць спасцігаецца праз глыбокае асэнсаванне мастацкіх характараў, створаных пісьменнікам.

Напрыклад, прозвішча галоўнага героя рамана Г. Марчука «Кветкі правінцыі» — Доля. У аснове паэтоніма — назва аднаго з найстаражытнейшых уяўленняў-персаніфікацый, што міфалагічным спосабам тлумачыць прадвызначанасць чалавечага лёсу. Жыццё Адася Долі цяжкае, поўнае розных выпрабаванняў, перашкод, на шляху хлопца больш страт, слёз, нягод, чым радасці, смеху. Часам Адасю здавалася, што чалавек нічога не можа змяніць у жыцці.

Прозвішча галоўных персанажаў раманаў Г. Марчука «Крык на хутары» і «Прызнанне ў забойстве» нясе важную сэнсавую нагрузку. Паэтонім Лятун можна назваць прадказальнікам лёсу герояў. Кожны з Летуноў нагадвае перакаці-поле — расліну, што лётае, блукае па свеце ў пошуках свайго месца пад сонцам. Змітро Лятун, каб набыць сваю зямлю, праходзіць праз шматлікія жыццёвыя выпрабаванні: блукае з сям’ёй па галоднай Расіі, працуе падзёншчыкам у многіх гаспадароў, страчвае на дарогах жыцця жонку і сына. Лёс перакаці-поля не абмінае і дзяцей Летуна. Ігнат пакідае бацькаў дом, уступіўшы на шлях барацьбы за Бацькаўшчыну і перажыўшы на гэтым шляху страшныя выпрабаванні ў сумна вядомым лагеры ў Бярозе. Мікіта ў пошуках сэнсу жыцця блукае па свеце і, пражыўшы ў Аргенціне і Канадзе, вяртаецца на Палессе ў якасці праваслаўнага святара. У вобразе Летуноў выражаны пошукі беларусамі свайго лёсу, долі, Бацькаўшчыны. Змітро Лятун гаворыць: «Ды за мой век пяць радзім змянілася».

Гаваркім з’яўляецца прозвішча галоўнага героя рамана Г. Марчука «Без ангелаў» Сяргея Бяды. Яно можа ўспрымацца як жорсткае наканаванне чалавеку гараваць, пакутаваць. Чытач назірае за фарміраваннем светапогляду і маральных якасцяў героя твора — сына савецкай эпохі. Спярша Сяргей адзначае: «З юнацтва я шчыра і аддана верыў нашым кіраўнікам, друкаванае слова выклікала павагу, поўны давер. Перадавіца “Правды” замяніла мне Біблію. Я прымаў усё на веру, не задумваючыся». Пісьменнік з надзвычайнай дакладнасцю фіксуе разлад, расчараванне ў жыцці «правільнага, ідэйнага савецкага чалавека». Страціўшы ідэалы, герой не змог знайсці свайго месца ў жыцці, заблытаўся ў ніцях часу. Характарыстычнае прозвішча Бяда — свайго роду прадказанне трагічнага лёсу не толькі аднаго чалавека, але і цэлага пакалення, духоўна аголенага, атручанага ідэалогіяй, скалечанага нянавісцю і злосцю.

Сэнс прозвішча гераінь аповесці М. Сянкевіча «Груша» Звягічаў асацыятыўна звязваецца са значэннямі назоўніка звяга — ‘назойлівае прыставанне з просьбамі, напамінамі, патрабаваннямі’ і прыметніка звяглівы — ‘які дакучае назойлівымі просьбамі, напамінаннямі, патрабаваннямі’. Прозвішча персанажаў твора адпавядае характару гераінь, даючы адмоўную ацэнку зайздрослівым, нядобразычлівым жанчынам, якія прысвяцілі жыццё марнай барацьбе за пакойпрыбіральню ў камунальнай кватэры і за прыгажунюгрушу, што расла на «агульнай» тэрыторыі суседзяў.

 Персанаж апавядання А. Крэйдзіча «Перон для беспрытульных» мае прозвішча Карчэўскі, асацыятыўна звязанае з пераносным значэннем дзеяслова карчаваць — ‘выкараняць, вынішчаць без астатку’. Лейтэнант міліцыі, выконваючы прафесійныя абавязкі, ловіць «тарбешнікаў» — дробных гандляроў-чаўнакоў. Выконваючы волю начальства, Карчэўскі з часам выкарчоўвае, знішчае ў сабе чалавечыя пачуцці — спачуванне, шкадаванне, павагу да сяброў. Баючыся даносу калегі, Карчэўскі так і не змог адпусціць «злачынцу» — былую аднакласніцу, сваё першае каханне: «эмоцыі, чые б яны ні былі, мала хвалявалі Карчэўскага».

 «Міфалагічныя» прозвішчы

 Сэнсавая нагрузка асобных прозвішчаў-паэтонімаў бывае звязана са старажытнымі міфалагічнымі ўяўленямі пра Сусвет і чалавека. Так, прозвішча адной з галоўных гераінь аповесці А. Наварыча «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…» Лены Заранок асацыюецца і з паняццем Зары-Зараніцы — старажытнай персаніфікацыяй зары, памочніцы Бога, Сонца, блізкай людзям, учыннай да іх просьбаў, і з прыроднай з’явай зарой, якая на працягу стагоддзяў здзіўляе, захапляе, пабуджае фантазію, прымушае думаць пра высокае, боскае, нябеснае, і з Зарніцай — адной з народных назваў Венеры, зоркі-апякункі закаханых (тут і далей тлумачэнне прыводзіцца паводле: «Беларуская міфалогія: энцыклап. слоўнік, Мінск, 2006). Лена — дзяўчына, выхаваная ў сялянскай сям’і, жыве па спрадвечных нормах маралі, прымушае іншых змяніць легкадумнае, безадказнае стаўленне да жыцця і людзей.

Прыкладам ускоснагаваркога оніма — прозвішча галоўнай гераіні аповесці К. Каліны «Бурштынавыя пацеркі». У аснове прозвішча Марыі Зямелькі — назва «ўсеагульнай крыніцы жыцця, маці ўсяго жывога, у тым ліку і чалавека. Уяўленні аб зямлі цесна звязаныя з паняццем роду, радзімы, краіны». З глыбокай старажытнасці ў свядомасці нашых продкаў «зямля з’яўлялася крытэрыем чалавечай маральнасці». Марыя Зямелька, што паходзіць з роду земляробаў, прытрымліваецца ў жыцці спрадвечных народных маральных законаў і нормаў. Рупліва працуе, імкнучыся стаць музыкантам, удзельнічае ў самадзейных канцэртах для жыхароў разбуранага пасляваеннага горада і параненых вайскоўцаў, нягледзячы на слабое здароўе, вольны час прысвячае догляду «цяжкіх» хворых у шпіталі.

Прозвішчы з прататыпамі

У аповесці В. Жуковіча «Як адна вясна…» выкарыстаны прыём трансфармацыі прозвішчаў рэальных асоб. Так, у прозвішчы добрага, спагадлівага, але строгага куратара Андрэя Андрэевіча Каленіка, які стаў для студэнтаў сапраўдным Настаўнікам не толькі літаратуры, але і жыцця, угадваецца прозвішча Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Як апісанне знешнасці, так і згадкі пра заняткі выкладчыка падказваюць, што прататыпам персанажа аповесці з’яўляецца вядомы берасцейскі літаратуразнаўца і педагог. Прозвішча выкладчыцы рускага фальклору, прынцыповага партыйца Яніны Францаўны Бяляўскай утворана шляхам падбору асновы з антанімічным значэннем да прозвішча прататыпа персанажа твора — выкладчыка Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута Ядвігі Антонаўны Чарняўскай.

Побач з прыёмам адпаведнасці семантыкі прозвішча сутнасці створанага мастацкага вобраза пісьменнікі выкарыстоўваюць прыём кантрасту, калі сэнс оніма супрацьлеглы характару героя. Так, сокал у беларускай традыцыйнай культуры сімвалізуе мужчынскі пачатак, мужнасць. Зусім не смелым, а бязвольным, бесхарактарным з’яўляецца герой рамана Г. Марчука «Сава Дым і яго палюбоўніцы» Міхась Сокал. Іранічны эфект ва ўжыванні антрапоніма ствараецца за кошт аманімічнага каламбура. Аўтар абыгрывае семантыку вербальна не выражанага этымона прозвішча Сокал, які падказваецца ўжытым у складзе параўнальнага звароту назоўнікам курыца і выкарыстаным у кантэксце твора найменнем радзімы Сокала, якое таксама з’яўляецца онімам «птушынага» паходжання: «Міхась Сокал вось ужо дзесяць гадоў на трактарным заводзе ў Мінску і расхвальваў гэтае сталічнае жыццё, як курыца сваё седала».

Як бачым, у гістарычнай прозе пісьменнікаў-берасцейцаў прозвішчы-паэтонімы выяўляюць мастацкую і грамадзянскую пазіцыю пісьменнікаў, іх стаўленне да герояў, да пэўнага тыпу асобы, да жыццёвага факта, падзеі, з’явы.

Святлана БУТ-ГУСАІМ, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.