Вы тут

Шэсць пытанняў для Юі Вісландэр


Гэтая шведская пісьменніца займела процьму фанатаў сярод чытачоў, якія пакуль што не ў стане самі набываць кнігі. Дзеці з захапленнем прынялі гісторыю пра Маму Му, Крумкача і Раство. Цяпер у іх рукі трапіла новая кніга — «Хутчэй, Мама Му!». Гэта шостая гісторыя ў серыі пра Маму Му, у той час як для Беларусі — другая (дзякуючы перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч). Новая кніга сталася нагодай для чарговых сустрэч з чытачом, і адна з іх мела «шырокі» фармат — дыскусія пра тое, як напісаць дзіцячую кнігу. Зрэшты, пытанняў аказалася многа больш…


Чаму дзіцячая?

Калі ў мяне нарадзіліся дзеці, мы жылі ў месцы, дзе было ўвогуле шмат дзяцей. І ўвечары мы займаліся вось чым: бралі чысты ліст паперы, складалі яго ў маленькую кніжку, яе прыносілі дзеткам і пыталіся: якую казку будзем чытаць увечары?.. Звычайна героямі гэтых вечаровых гісторый былі хлопчык і дзяўчынка. Як правіла, яны ішлі ў школу, потым сустракалі страшнага злога звера, а потым звера пераязджала машына. Дзіцячая фантазія адвозіла звера ў больніцу, там яго клалі ў ложак, і на апошнім малюнку звер выздараўліваў, гайдаўся ў крэсле-качалцы, а дзеці сядзелі ў яго на каленях. Нашыя маленькія аўтары дакладна ведалі, як мусіць выглядаць іх кніжка, і мы слова ў слова «запісвалі» іх аповед.

Вельмі хутка я зразумела, што ўсе гісторыі падобныя: у кожнай з іх злога, небяспечнага персанажа збівала машына. Не трэба быць вялікім псіхолагам, каб зразумець, што так дзеці спрабавалі выказаць свае страхі. Так, яны баяліся Звера і машын.

Тыя вечары сталі для мяне ўніверсітэтам. Дзеці навучылі нас слухаць іх саміх і адначасна — свой унутраны голас.

 Чаму мама?

 Першая кніжка пра Маму Му з’явілася ў 1991 годзе. Але пачалася гісторыя яшчэ за дзесяць гадоў да таго. Мы з мужам прыдумалі песеньку пра карову, якая ўпотайкі спявае песні, адказвае на тэлефанаванні і весела матляе рожкамі. Мы зрабілі больш як сто радыёпраграм для дзетак, дзе галоўнымі персанажамі былі Крумкач і Мама Му. У Швецыі гэтыя песенькі такія ж папулярныя, як і кніжкі, а вось за межамі — не: перакладаць іх даволі складана.

Нават дарослыя пісалі нам шмат лістоў, прыкладам, што яны спазняюцца на працу, каб даслухаць перадачу пра Маму Му. Аднойчы было й такое: я зайшла ў дом, дзе вялося будаўніцтва. Спрэс рабочыя, дарослыя мужыкі: будаўнічыя, электрыкі, зваршчыкі, столяры, у працоўнай вопратцы... І раптам яны прыпыняюць працу і сядаюць вакол радыё з кавай і булачкамі. Аказалася, пачалася нашая дзіцячая праграма. Рабочыя выявіліся фанатамі Крумкача.

І сёння дзеці дасылаюць шмат малюнкаў паводле маіх гісторый. Ідэя фікс чытачоў усяго свету, у тым ліку беларускіх дзяцей, — што Мама Му мусіць мець цяля. Бо як жа так? Чаму Мама?.. Я звыклася чуць гэтае пытанне, і адзінае, што магу адказаць: проста гэта геніяльная назва, вельмі паэтычная і лёгкая ў вымаўленні.

Фантазія ці рэальнасць?

 Усе мае персанажы трошку прыдуманыя. Калі я была малая, мы жылі над кінатэатрам. І калі там паказвалі мульцікі «Дыснэя», мы думалі: вось, гэты свет прыдуманы адмыслова для нас, дзяцей! Дзецям патрэбны свой свет у кнізе. Напрыклад, апошнія мае кнігі — з серыі пра героя Віна-Віна, для зусім маленькіх дзетак, якія толькі пачынаюць чытаць. Гэты герой быццам бы й хлопчык трох-чатырох гадоў, але ён трошкі нерэальны, з грыбам на галаве, жыве ў лесе ў вагончыку… Я мяркую, дзецям цікавей чытаць пра такога чалавечка, чым пра звычайнага аднагодка. Таксама дзеці вельмі любяць пераўтварэнні. У адной з маіх кніг прывід робіцца то абрусам, то коўдрай.

Чытачы праводзяць паралель: быццам бы Мама Му прадстаўляе авантурны жаночы бок, а Крумкач — нармаваны мужчынскі. Можна такую паралель правесці. Але можна сказаць таксама, што гэта дзіця і дарослы, наш унутраны голас і голас строгай разважлівасці. Крумкач часта што-небудзь забараняе Маме Му: нельга гушкацца на арэлях, нельга скакаць праз плот, хадзі нармальна, як усе каровы… У Нямеччыне кніжкі пра Маму Му прадаваліся вялізнымі тыражамі, па два мільёны, але Крумкач у нямецкім перакладзе — яна. Калі я даведалася пра гэта, дык спачатку падумала: о не, Крумкач мусіць быць «ён»!.. А пасля — чаму не?.. Бываюць і жанчыны-Крумкачы, якія ўсё ведаюць, павучаюць, забараняюць…

 Дыктатура ці вольніца?

З ілюстратарамі я працую наступным чынам: знаходжу, дамаўляюся, дасылаю тэкст — і ўсё. Я лічу, што мастаку трэба давяраць і даваць свабоду. Але заўжды хвалююся. З кнігай пра Віна-Віна я да апошняга не ведала, як ён будзе выглядаць. Добрыя ілюстратары заўжды дадаюць нешта сваё. Падчас працы са Свэнам Нурквістам палову гісторый пра Маму Му стварылі ягоныя малюнкі. Увогуле, наш творчы саюз са Свэнам — гэта каханне з першага погляду. У наступным годзе чакаецца новая сумесная кніга.

Часам я выдаляла вялікія кавалкі тэксту, бо ўсё было сказана ў ілюстрацыях. Аднак кардынальных зменаў у сюжэт мастакі не прыўносілі. Аднойчы, праўда, Свэн настаяў на тым, што такі персанаж, як Крумкач, не можа піць сок. І цяпер ён п’е каву.

Пісаць могуць усе?

Пісьмо для дзяцей — гэта праца. І тут, вядома, трэба мець талент. Я магу сказаць, што гэта мая праца. Трыццаць год я даследую дзіця, яго гульні, псіхалогію. Тыя, хто лічыць дзіцячую літаратуру несур’ёзнай, нібыта кожны можа вось так узяць і звязаць тры словы, моцна памыляюцца. У дзяцей іншы досвед, і адпаведна, іншая мова. Але гэта не значыць — прымітыўная. Праца над словам ідзе не менш карпатлівая і доўгая, чым падчас якога-небудзь «сур’ёзнага», дарослага рамана.

У Швецыі дарослыя пісьменнікі кінуліся ў дзіцячую літаратуру. Сталыя аўтары легкадумна лічаць, што вось зараз яны сядуць і напішуць дзіцячую кніжку. І звычайна гэта кнігі вельмі дрэннай якасці. У Швецыі зараз назіраецца бум: за апошні год толькі дзіцячых кніжак выйшла дзве тысячы чатырыста. Гэта рыначная перанасычанасць. Кнігі ляжаць у кнігарнях не больш як тры гады, а пасля проста знікаюць. Гэта бізнес, вялікі бізнес. Мяркую, нам з беларусамі трэба зладзіць абмен: вы нам вашую вялікую цікавасць да дзіцячай літаратуры, а мы вам — ладную частку аўтараў з іх кнігамі… Зрэшты, пры такой канкурэнцыі сапраўды даравіты аўтар лёгка апублікуецца: выдавецтвы шануюць талент і ўмеюць яго ўбачыць.

Іншыя дзеці?

Я працую ў дзіцячай літаратуры трыццаць гадоў, але не магу сказаць, што дзеці сталі іншыя. Дзеці, вядома, усё гэтак жа адрозныя ад людзей дарослых, але самі па сабе яны ўсё тыя ж. Што змяняецца, дык гэта тэмы, цікаўнасці.

Падчас гэтай сустрэчы галоўным пытаннем было — «Як зрабіць дзіцячую кнігу?» Але найперш трэба задацца іншым пытаннем: навошта і чаму я хачу пісаць для дзяцей? Ці чалавек хоча нешта згадаць са свайго дзяцінства? Хоча павучаць ці забаўляць? Ці пісьменнік хоча напісаць раман, а піша дзіцячую кнігу, бо яму здаецца, што яно прасцей?.. І якую форму абраць: нон-фікшн, вершы, проста добрая гісторыя?.. У Швецыі часта так бывае: бабуля апісвае, што здараецца з яе ўнукамі, і дасылае ўсё ў выдавецтва. Але ж гэта не дзіцячая літаратура, трэба разумець.

Дзіцячая кніга не мусіць утрымліваць выхаваўчы элемент. Я нарадзілася ў адзін год з Піпі Доўгайпанчохай. Да Астрыд Ліндгрэн ніхто яшчэ не рабіў такіх дзіцячых кніг, непедагагічных, скажам так. Калі я, прыкладам, чытаю раман, то не хачу, каб мяне вучылі, як чысціць зубы, якой я павінна быць, як мне паводзіцца… Я не люблю маралізатарства, бо калі дадаеш мараль у кнігу, гэта тое ж самае, што цукрам прыпраўляць брыдкія лекі. Мараль дзеці атрымаюць, гледзячы на сваіх бацькоў ды іншых дарослых, — і пра гэта, мне думаецца, варта памятаць.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.