Вы тут

Чаму неспакойна ў Інданезіі?


Заўтра адбудзецца другі тур выбараў кіраўніка інданезійскай сталіцы. Пасада кіраўніка Джакарты па значнасці саступае толькі прэзідэнцкай. Дарэчы, большасць лідараў краіны да таго, як пераехаць у прэзідэнцкі палац, кіравалі сталіцай. Не дзіўна, што за пасаду сталічнага губернатара разгарэлася такая вострая і бескампрамісная барацьба. Шэраг палітолагаў асцерагаюцца, што перамога Басукі Тахая Пурнама (якога часта называюць яго кітайскім імем — Ахок, ён пратэстант па рэлігійных перакананнях і этнічны кітаец па нацыянальнасці) можа прывесці не толькі да крывавых беспарадкаў у Джакарце, але і нават да грамадзянскай вайны ў маштабах усёй краіны. Чаму «ліхаманіць» найбуйнейшую мусульманскую краіну свету?


Тры долары ў дзень

Інданезію па праве называюць першай эканомікай Паўднёва-Усходняй Азіі (ПУА). Аналітыкі прадказваюць ёй цудоўную будучыню. Паводле прагнозу эканамістаў PrіcewaterhouseCoopers, да 2050 года Інданезія выйдзе па ВУП, разлічаным па парытэце пакупніцкай здольнасці, на чацвёртае месца і будзе саступаць па гэтым паказчыку толькі Кітаю, Індыі і ЗША. Краіне ўдалося ў асноўным пазбавіцца ад эканамічнай і палітычнай нестабільнасці, якія прыйшлі з азіяцкім фінансавым крызісам напрыканцы мінулага стагоддзя. Той крызіс балюча ўдарыў па Інданезіі. Дастаткова сказаць, што ВУП знізіўся на 20%. Джакарце ўдалося таксама зменшыць дзярждоўг і дамагчыся пэўных поспехаў у барацьбе з карупцыяй і непатызмам.

У Інданезіі сёлета чакаецца прырост эканомікі на 5,1%. Гэта адзін з самых высокіх тэмпаў росту эканомікі сярод буйных рынкаў, якія развіваюцца.

Рэсурсы і магчымасці для уражальнага рыўка ў Джакарты ёсць. Аўтарытэтнае ў свеце бізнесу дзелавое выданне Barron's, напрыклад, лічыць, што сярод тых краін, якія найбольш выйграюць ад аднаўлення цэн на сыравіну і карысныя выкапні, апынецца і Інданезія, у якой на гэтыя пазіцыі прыпадае 35% ад усяго экспарту.

З іншага боку, поспехі ў эканоміцы не кампенсуюць праблем у грамадстве. Прорва паміж беднымі і багатымі, нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў, расце хутчэй, чым у іншых краінах ПУА, лічаць у дабрачыннай арганізацыі Oxfam. 93 млн інданезійцаў усё яшчэ жывуць менш чым на $3,1 у дзень, якія Сусветны банк лічыць умеранай беднасцю. Не дзіўна, што Oxfam ставіць гэтую краіну на шостае ад канца месца па матэрыяльнай няроўнасці на планеце, а ў Азіі па гэтым паказчыку на другое — пасля Тайланда.

Калісьці Інданезію ставілі ў прыклад як дзяржаву, што дасягнула поспехаў у пабудове дэмакратычнага грамадства. Але і нягледзячы на гэта ў ёй заўсёды хапала прадажных палітыкаў і карумпаваных чыноўнікаў. Цяпер сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. Самі інданезійцы кажуць, што не памятаюць такога падзення нораваў, як у нашы дні. Карупцыя ў Інданезіі таксама, як у большасці іншых азіяцкіх краін, квітнее пышным цветам. Паводле ацэнак МВФ, у 2015 годзе, напрыклад, інданезійскія казнакрады і карупцыянеры вывелі ў афшор $101 млрд.

Што сцвярджае Панча сіла?

Насельніцтва Інданезіі з'яўляецца поліэтнічным. Усяго на тэрыторыі гэтай краіны пражывае 300 народаў, якія пераважна належаць да аўстранезійскай групы. Да яе, у прыватнасці, адносяцца яванцы — самы шматлікі народ у Інданезіі (каля 45%). Другімі па колькасці лічацца сунданцы (каля 15%). На долю іншых нацыянальнасцяў прыходзіцца менш за пяць працэнтаў: мадурцы, мінангкабы, бугісы, а таксама малайцы, кітайцы, батакі, балі, іранцы і галандцы.

У Інданезіі рэлігія займае адно з галоўных месцаў у грамадскім жыцці. Нягледзячы на тое, што канстытуцыя гарантуе свабоду веравызнання, некаторыя рэлігіі заканадаўча маюць перавагу.

Асаблівым статусам валодаюць іслам, пратэстантызм, каталіцызм, індуізм, будызм і канфуцыянства. Тым не менш амаль дзевяноста працэнтаў насельніцтва — мусульмане. Такім чынам 260-мільённая Інданезія з'яўляецца самай буйной ісламскай краінай у свеце. Атэістаў тут амаль няма — афіцыйная ідэалогія Інданезіі Панча сіла, асноўныя палажэнні якой ведае на памяць кожны школьнік, сцвярджае існаванне адзінага Бога (зрэшты, не паказваючы, якога менавіта).

Інданезійскія мусульмане заўсёды ставіліся ў прыклад сваім блізкаўсходнім і афганскім субратам. Інданезія лічылася ўзорам умеранага ісламу, адным з рэдкіх прыкладаў існавання небагатага і бесканфліктнага мусульманскага грамадства. Дзве самыя буйныя ісламскія арганізацыі ў Інданезіі «Нахдату ль-Уляма» і «Мухамадзія» разам налічваюць да 80 мільёнаў членаў. Гэтая колькасць пераўзыходзіць насельніцтва цэлых мусульманскіх краін Азіі і Афрыкі.

Удары па падполлі

Паводле ацэнак ўрада і кіраўніцтва сілавых структур Інданезіі, асноўныя пагрозы яе нацыянальнай бяспецы носяць унутраны характар. Найважнейшымі з іх з'яўляюцца міжэтнічныя і міжрэлігійныя канфлікты і звязаныя з імі праявы тэрарызму і экстрэмізму. Міжабшчынныя супярэчнасці, якія стрымліваліся ва ўмовах жорсткай дзяржаўнай улады і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага росту 1970—1990-х гадоў, рэзка абвастрыліся на фоне цяжкага эканамічнага крызісу і палітычнай нестабільнасці, што суправаджала крах рэжыму Сухарта. Адной з першых маштабных іх праяў сталі кровапралітныя пагромы этнічных кітайцаў у Джакарце ў маі 1998 года. Пасля найбольш канфліктнай сітуацыя была ў раёнах змешанага пражывання буйных мусульманскіх і хрысціянскіх супольнасцяў, у прыватнасці, на поўначы Суматры, на Сулавесі і Малуках: на працягу некалькіх гадоў там адбываліся сутыкненні на рэлігійнай глебе, забойствы і тэрарыстычныя акты, якія прыводзілі да шматлікіх ахвяр.

За кароткі перыяд адбыўся рэзкі рост рэлігійнага, перш за ўсё ісламскага, экстрэмізму і тэрарызму: сфармаваліся або выйшлі з глыбокага падполля некалькі адпаведных арганізацый, якія наладзілі сувязі са структурамі міжнароднага тэрарызму.

Найбуйнейшай і найбольш уплывовай з іх стала Джэмаа Ісламія, якая наладзіла ўзаемадзеянне з Аль-Каідай і стварыла свае падраздзяленні не толькі ў розных рэгіёнах Інданезіі, але і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Да ліку найбольш маштабных і рэзанансных тэрактаў, учыненых Джэмаа Ісламія і іншымі экстрэмісцкімі групоўкамі, адносяцца выбухі на востраве Балі ў кастрычніку 2002 года (202 забітых) і ў кастрычніку 2005-га (не менш за 19 забітых), выбухі каля гасцініцы «Марыёт» у жніўні 2003-га (12 забітых) і каля аўстралійскага пасольства ў верасні 2004-га (не менш за 9 забітых) у Джакарце. Да сярэдзіны 2000-х гадоў уладам удалося нанесці сур'ёзныя ўдары па ісламісцкім падполлі за кошт ліквідацыі або арышту шэрагу яго кіраўнікоў і актывістаў (перш за ўсё з саставу Джэмаа Ісламія), а таксама мінімізаваць праявы міжабшчыннага гвалту. Тым не менш тэрарыстычная пагроза застаецца на высокім узроўні, сітуацыя ў шэрагу рэгіёнаў з насельніцтвам, разнастайным па этнаканфесійным складзе, досыць напружаная.

Армія гарантуе спакой

У Інданезіі апошнім часам растуць радыкальныя настроі сярод мусульман, частка з іх хоча змяніць дзяржаўную дактрыну Інданезіі як свецкай дзяржавы, заявіў загадчык цэнтра Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Інстытута ўсходазнаўства Дзмітрый Масякоў. Па словах эксперта, апошнім часам адбываецца працэс новай ісламізацыі гэтай краіны. Аднак, упэўнены спецыяліст, радыкалам наўрад ці атрымаецца змяніць дзяржаўную дактрыну Інданезіі як свецкай дзяржавы, галоўнай перашкодай тут стане інданезійская армія. «Калі пачнуцца сур'ёзныя беспарадкі, то ўмяшаецца армія і сітуацыя будзе ўрэгулявана. Войска прыменіць зброю, для інданезійскай арміі гэта не пытанне, гэтак жа як і для тайскай арміі — як толькі сітуацыя выходзіць з-пад кантролю, там прымяняюць вельмі жорсткія метады. Тым больш што ў Інданезіі ёсць вопыт разгрому камуністычнай партыі пасля 1965 года», — нагадаў ён.

Урад Інданезіі прадаставіць узброеным сілам краіны больш шырокія паўнамоцтвы ў антытэрарыстычнай барацьбе.

У закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму ўнясуць папраўкі. У прыватнасці, вайсковыя падраздзяленні змогуць браць пад ахову замежныя дыпламатычныя місіі, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, аэрапорты, а таксама камерцыйныя марскія судны. Акрамя таго, узброеныя сілы змогуць самастойна праводзіць антытэрарыстычныя аперацыі на тэрыторыі Інданезіі. Цяпер барацьба з экстрэмізмам засяроджана ў руках спецыяльнага падраздзялення паліцыі Densus 88. Дзякуючы яго намаганням летась у краіне прадухілілі 15 буйных тэрактаў.

На мяжы

Міжрэлігійныя адносіны ў Інданезіі, лічыць Fіnancіal Tіmes, значна лепшыя, чым у іншых азіяцкіх краінах з вялікай перавагай мусульман, тыпу Бангладэш, Пакістана або Малайзіі. Да таго ж, на думку Эдварда Аспінала, прафесара паліталогіі і спецыяліста па Інданезіі ў Аўстралійскім нацыянальным універсітэце, каля чвэрці мусульман, якія галасавалі ў Джакарце, аддалі ў першым туры свае галасы за Пурнама. Нягледзячы на ўсё гэта, напружанне паміж рэлігійнай большасцю і меншасцямі час ад часу перарастае ў гвалт. Цяперашнія дэманстрацыі дасягнулі кульмінацыі ў лістападзе мінулага года, калі ў іх удзельнічалі 200 тыс. чалавек. Аптымісты, вядома, кажуць, што нічога страшнага няма, бо супярэчнасці справакаваныя выбарамі, палітыкай, і такім чынам пасля 19 красавіка абстаноўка павінна нармалізавацца.

Тым не менш атмасфера ў Джакарце зараз напружаная. Поспех масавых выступаў супраць Пурнама надаў яго палітычным праціўнікам і ісламскім радыкалам упэўненасці. Прычым, ахвярай іх гневу з'яўляецца не толькі хрысціянскі губернатар, але і кітайцы, якія займаюцца ў асноўным бізнесам і фінансамі. Многія этнічныя кітайцы цяпер з трывогай сочаць за падзеямі ў сталіцы. Па іх словах, такога напружання і трывогі не было з 1998 года, калі па ўсёй краіне пракацілася хваля кітайскіх пагромаў і крывавых сутыкненняў паміж мусульманамі і хрысціянамі.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Трывога на астравах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.