Вы тут

«Першы мой спектакль прымаў Міхаіл Гарбачоў...»


Наш суразмоўца — пра свае сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Пра гэтага чалавека я выпадкова даведалася ад былога валанцёра Універсітэта трэцяга ўзросту. «Я з такімі людзьмі ў гэтым універсітэце сустрэўся! — з захапленнем распавядаў малады хлопец. — Нават сам не чакаў! На свае вочы пабачыў, што некаторыя 80-гадовыя дадуць фору 30-гадовым, хоць раней і не верыў, што такое магчыма!»


Акрамя іншага, мой выпадковы суразмоўца расказаў і пра былога акцёра, які працаваў адзін сезон у тэатры побач з Інакенціем Смактуноўскім, і наогул, меў у сваім жыцці шмат стасункаў з самымі рознымі знакавымі фігурамі свайго часу. Я загарэлася адшукаць яго: заўсёды ж цікава даведацца аб нейкіх дробязях з жыцця сусветна вядомых дзеячаў культуры, аб якіх можа расказаць толькі відавочца...

І вось мы сядзім на канапе ў звычайнай на першы погляд мінскай кватэры, гаспадару якой, 76-гадоваму Аляксандру Сухоцкаму, былому мараку, рэжысёру і акцёру, і сапраўды ёсць што расказаць. Жыццё нашага суразмоўцы аказалася багатым на цікавыя сустрэчы і цікавых людзей. І ён ахвотна дзеліцца сваімі ўспамінамі.

«Я тады ўпершыню пачуў, што Шастаковіч звязаны з Беларуссю...»

— ...Маё першае інтэрв'ю было з Дзмітрыем Шастаковічам. Гэта было ў 1965 годзе, — успамінае Аляксандр Аляксандравіч. — Калісьці я скончыў мараходку ў Ленінградзе. Але, адпрацаваўшы два гады, зразумеў, што гэта не маё. І паступіў у Ленінградскі інстытут культуры, на тэатральны факультэт.

Там мы адзін семестр вывучалі журналістыку, і мне трэба было зрабіць інтэрв'ю, каб атрымаць залік. Амаль насупраць нашага інстытута была філармонія. І туды якраз з Масквы прыехаў выступаць Шастаковіч. Я ўмудрыўся трапіць да яго на рэпетыцыю, і там папрасіў кампазітара аб інтэрв'ю. Той адказаў: «Прыходзьце ў гасцініцу». І я прыйшоў. Ён жыў у «Асторыі», у люксе на чацвёртым паверсе. У нумары — вялікі белы раяль. Дзмітрый Дзмітрыевіч зноў рэпеціраваў і папрасіў мяне пачакаць хвілін 15. Сказаў: «Там на стале ананасы, кава — частуйцеся!» Ананасы ў 60-я гады ў нас былі ў навіну, я не стаў іх есці, а вось каву, памятаю, сабе наліў...

Ведаеце, Шастаковіч на першы погляд здаецца вельмі стрыманым, замкнёным, афіцыйным чалавекам. Але потым, калі размаўляеш з ім, ён паўстае зусім іншым. Тым разам ён адказаў на ўсе мае пытанні і даў мне квіток на свой канцэрт. А потым мы сталі дзяліцца, хто адкуль родам, і прыйшлі да высновы, што мы, магчыма, нават сваякі! І яго, і мая сям'я родам з Сібіры, дакладней, перасяліліся калісьці ў Сібір, а так — у нас у абодвух польскія карані, нашы прадзеды жылі зусім побач, і прозвішча ў бабуль аднолькавае... Я тады ўпершыню пачуў, што ён звязаны з Беларуссю. А ён расказваў, што яго прадзед жыў на азёрах, там у яго быў маёнтак. Гэта ён Мядзельскі раён меў на ўвазе, цяпер я хачу даследаваць гэтае пытанне, — дзеліцца планамі мой суразмоўца.

«Смактуноўскі зрабіў на мяне ўражанне чалавека трохі не з гэтага свету»

— Калі я скончыў інстытут, паехаў працаваць па накіраванні ў Стаўрапаль, у краёвы драматычны тэатр, рэжысёрам. Мой першы спектакль — «Вяселле на ўсю Еўропу» — прымаў Міхаіл Гарбачоў. Ён тады быў сакратаром камсамольскай арганізацыі Стаўрапольскага крайкама. Міхаіл Сяргеевіч быў увогуле кампанейскім хлопцам, хоць тады паводзіў сябе крыху замкнёна — толькі-толькі асвойваўся на новай пасадзе...

— Я доўга не жаніўся, — усміхаецца наш суразмоўца. — Быў малады, мне не сядзелася на месцы, і я часта мяняў тэатры. Ленінградскі інстытут меў добрую рэпутацыю, ён даваў высокі ўзровень, мяне ўсюды бралі з ахвотай...

Адзін сезон я працаваў ва Уладзікаўказе, у мясцовым тэатры. У мяне тады мама, якая жыла ў Пяцігорску, сур'ёзна захварэла. Таму я ўладкаваўся на працу ва Уладзікаўказе, каб быць бліжэй да яе. У гэты ж час там працаваў і Інакенцій Смактуноўскі.

Тады ён яшчэ не быў такім вядомым. Слава прыйшла да яго пасля ролі князя Мышкіна ў «Ідыёце» Дастаеўскага, у Вялікім драматычным тэатры. Гэтая роля крута змяніла яго лёс — пасля яе Інакенцій або Кеша, як мы яго звалі, прачнуўся знакамітым. Але калі вярнуцца да маіх успамінаў, то, калі я ўпершыню ўбачыў яго ў грымёрцы ўладзікаўказскага тэатра, ён зрабіў на мяне ўражанне чалавека трохі не з гэтага свету, нават, можа, дзіўнаватага. Такія акцёры ёсць у кожным тэатры. Яны доўга трымаюць ролю ў сабе, «пракручваюць» яе ўнутры, «намотваюць» на сябе, хоць на рэпетыцыях здольны тэкст забыць... У звычайным жыцці могуць падацца нават крыху затарможанымі. Але як мяняюцца на сцэне!..

Дарэчы, «Ідыёта» Інакенцій Смактуноўскі атрымаў дзякуючы шчасліваму збегу абставін. Акцёра для гэтай ролі шукалі па ўсім Савецкім Саюзе. Спачатку на яе быў прызначаны Панцеляймон Крымаў, акцёр таленавіты, але вельмі недысцыплінаваны. Ён не з'явіўся на першую рэпетыцыю і быў звольнены. І тады рэжысёру парэкамендавалі Смактуноўскага: маўляў, тут адзін з такімі вачыма ёсць, можа, ён падыдзе... І рэжысёр Таўстаногаў і на самай справе, як толькі яго ўбачыў, адразу сказаў: «Я гэтыя вочы бяру!..»

У тэатры і кіно шчаслівы выпадак або шанц складаюць палову поспеху. Але, між іншым, справа яшчэ і ў тым, што, як правіла, выпадак знаходзіць па-сапраўднаму таленавітых людзей. Гэта значыць, выпадковасць, па вялікім рахунку, ніколі не выпадковая.

«Вось гэтую кнігу калісьці трымаў у руках Аляксандр Пушкін!..»

— Потым я шмат гадоў працаваў на тэлебачанні. Паспеў папрацаваць у Алма-Аце, Кіргізіі, Ленінградзе... А затым прыйшоў на мінскае тэлебачанне, у літаратурную рэдакцыю. Мне тады было 38 гадоў, я толькі што ажаніўся з дзяўчынай, маладзейшай за мяне на 15 гадоў. З цягніка яе зняў, — смяецца Аляксандр Аляксандравіч, — але гэта ўжо іншая гісторыя...

Мне давялося шмат паездзіць па вёсках, там мы рабілі здымкі перадач. Размаўляў з бабулямі-дзядулямі, вясковымі настаўнікамі, краязнаўцамі... Сустракаў сярод іх проста неверагодных людзей! Усе яны — і вясковая інтэлігенцыя, і простыя бабулі — такой выдатнай мовай гаварылі, што я толькі прасіў: гаварыце далей, не спыняйцеся! Іх маналогі можна было запісваць гадзінамі, але плёнкі заўсёды было ў абрэз... Супрацоўнічаў і з Саюзам пісьменнікаў. Гэта было такое шчасце — слухаць ужывую Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, Уладзіміра Караткевіча...

— Калі ездзіў па Беларусі з тэлевізійнай групай, бачыў столькі рарытэтных рэчаў — ікон, старадаўніх кніг... — успамінае Аляксандр Аляксандравіч. — Я люблю збіраць сведчанні мінулага жыцця. Глядзіце, усе гэтыя абразы, літаграфіі, старадаўняя кафля, карціны беларускіх мастакоў (махае рукой убок) — усе яны калісьці «зачапілі» мяне... Вось гэтыя вензелі я знайшоў у доме былога пракурора ў расійскай Цверы. Ён быў ужо напаўразбураны, амаль усё разрабавана, мэбля ўшчэнт... Я іх убачыў сярод руін і забраў з сабой.

Пішучую машынку бачыце? Я прывёз яе з Вішнева. Мясцовы ксёндз, мой добры знаёмы, падказаў: «Схадзі вунь да той бабулькі, у яе ёсць пішучая машынка з гестапа». А вось гэта падвеска — ад люстры са старога Алма-Ацінскага тэатра.

— Зараз я вам яшчэ сёе-тое пакажу, — Аляксандр Аляксандравіч працягвае маленькі томік. — Гэтую кнігу калісьці трымаў у руках Аляксандр Пушкін!.. Я, калі вучыўся ў Ленінградзе, жыў недалёка ад былой кватэры паэта. Аднойчы выходжу і бачу: нейкая бабка нясе звязаны пачак папер. Я прыгледзеўся — а там лісты, і сярод іх мільгануў вось гэты залаты абрэз. Яна выкінула ўсё гэта ў сметнік, а я выцягнуў, усё разабраў, лісты, якія былі на французскай мове, перавязаў і схаваў. Менавіта там я і знайшоў гэты томік Гейнэ, выдадзены ў Германіі на нямецкай мове, з дароўным надпісам вялікаму рускаму паэту...

***

Наш суразмоўца скупа расказвае пра сябе, усё больш аб тым, з кім яго зводзіў лёс. Але ўсё ж я даведалася, што ён не толькі іграў у тэатры, але і здымаўся ў кіно — у фільмах «Рэспубліка ШКІД», «Да мяне, Мухтар!», «Прыватны дэтэктыў», «Сеткавая пагроза», «5 нявест» і інш. Хоць, як прызнаецца Аляксандр Сухоцкі, тэатральная сцэна яму падабалася больш. Яны з жонкай выгадавалі дваіх дзяцей. «Цяпер вось займаюся адукацыяй унучкі Ірады, — кажа Аляксандр Сухоцкі. — Мы разам глядзім тэатральныя пастаноўкі розных тэатраў свету па інтэрнэце, слухаем оперу. Я спрабую выхаваць у яе добры літаратурны густ... Ды і сам пішу апавяданні патроху...»

Заўважце — не мемуары, а апавяданні. Мемуары — яшчэ рана, іх Аляксандр Сухоцкі пакідае на потым.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі Бужан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?