04 снежня, пятніца

Вы тут

Мясцовыя ўлады шукаюць і знаходзяць сродкі для рамонту дарог


Гэта тэма актуальная для кожнага рэгіёна. Але для Гродзеншчыны асабліва, бо менавіта выгляд і стан памежжа ўплываюць на першыя ўражанні замежнага турыста. Выбоіны на дарожным палатне могуць не толькі выклікаць у прыезджых іранічную ўсмешку, але і наогул сапсаваць настрой і ўяўленне аб краіне. Пакутуюць ад штодзённай трасяніны і мясцовыя жыхары.


Ёсць інвестар

У сітуацыі, калі бюджэтнага фінансавання на дарогі недастаткова, улады Гродзенскага раёна пачалі шукаць іншыя шляхі. Разам з суседзямі-палякамі вырашылі падрыхтаваць праект па добраўпарадкаванні транспартнай інфраструктуры памежных тэрыторый. Такім чынам, Гродзенскі раён прыняў удзел у адным, а затым у другім «дарожным» праекце трансгранічнай праграмы «Польшча—Беларусь—Украіна». У выніку было адрамантавана два ўчасткі дарогі на памежнай тэрыторыі. Адзін вядзе непасрэдна да польскай мяжы, другі — да Аўгустоўскага канала.

У рамках праекта засвоена 2,4 млн еўра, на якія адрамантавана 18 км дарожнага палатна, устаноўлены павільёны на прыпынках, добраўпарадкаваны адхоны і з'езды.

Трымаюць парадак

У Падлабенскім сельсавеце добра памятаюць дарогу яшчэ да рэканструкцыі, калі капітальныя работы не вяліся амаль трыццаць гадоў, а толькі час ад часу латаліся выбоіны. Спецыяліст сельвыканкама Марыя Кесава ўспамінае, якое грандыёзнае будаўніцтва пачалося на іх трасе, колькі рабочых і дарожнай тэхнікі было задзейнічана... І як змяніўся ўчастак дарогі за кароткі час.

На прадпрыемстве «Гроднааблдарбуд» расказалі, што траса стала шырэйшай, поўнасцю перакладзена асфальтабетоннае пакрыццё, павялічылася прапускная здольнасць і бяспека. У сельвыканкаме, у сваю чаргу, адзначылі, што жыхары задаволены новымі павільёнамі на прыпынках, усталяванымі апорамі з асвятленнем. А галоўнае — траса не разбіваецца, хоць па ёй ходзіць і сельскагаспадарчая тэхніка. Нядаўна тут аднавілі дарожную разметку.

Санітарны стан прыдарожнай паласы — на асобным кантролі старшыні сельскага Савета. Два разы на тыдзень работнікі па азеляненні прыбіраюць смецце на абочыне, сочаць, каб не былі пашкоджаны шыльды і знакі.

Наша даведка

Першы конкурс Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна 2014—2020» прадугледжвае бюджэт 80 млн еўра. Сума гранта вагаецца ад 100 тысяч да 2,5 млн еўра.

Новыя планы

Сёлета Гродзенскі раён працягвае «дарожную» тэму. На чарговы этап трансгранічнай праграмы заяўлена ажно восем праектаў. Участкі розныя — ад 3 да 12 кіламетраў. Агульная працягласць складае больш за 60 кіламетраў. Якія з іх трапяць у фінал конкурсу, будзе вядома толькі ў жніўні.

— Канкурэнцыя вялікая, прэтэндэнтаў на адно месца амаль пятнаццаць, — расказала начальнік вытворчага аддзела «Гроднааблдарбуда» Марына Кірыла. — Але мы спадзяёмся, што нейкая частка праектаў выйдзе ў фінал.

Па словах Марыны Кірыла, гэту справу трэба актыўна рухаць наперад. Бо сродкі, якія выдзяляе Еўрапейскі саюз, бязвыплатныя. Так, па двух папярэдніх праектах гродзенцы атрымалі 2,4 млн еўра. А вось узгадненне на нацыянальным узроўні часам зацягваецца. Пры тым, што праект ужо выйграў.

— Бывае, што працэс доўжыцца паўгода, — рэзюмуе Марына Кірыла, — у нас шмат бюракратычных перашкод, якія стрымліваюць асваенне сродкаў. У палякаў працэс узгаднення значна карацейшы. Хацелася б, каб у нас таксама было менш бюракратыі.

У тэму

Валерый Балашоў, намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама:

— Як толькі пабудавалі дарогі, людзі пачалі выкупляць участкі, будаваць аграсядзібы. Гэта садзейнічае турыстычнаму патэнцыялу раёна, тым больш, што на тэрыторыі парка «Аўгустоўскі канал» дзейнічае бязвізавая зона. Мы зацікаўлены ў паляпшэнні дарог, бо гэта новы ўзровень жыцця, новыя працоўныя месцы, развіцце прыдарожнага сэрвісу.

Маргарыта УШКЕВІЧ


А як у іх?

З гумы...

Выкарыстаць каўчук у якасці дарожнага пакрыцця ўпершыню вырашылі брытанцы яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Тады справа была ў шуме, які рабілі тагачасныя аўтамабілі. Нядаўна пра ідэю ўспомнілі нашы суседзі палякі, і ў 2015 годзе мясцовыя вытворцы асфальту распрацавалі тэхналогію атрымання бітуму з дадаваннем гумавай крошкі. Апошнюю атрымліваюць пры перапрацоўцы старых аўтамабільных шын. Іх разбіраюць, здрабняюць і ў вадкім стане дадаюць да бітуму. Атрымліваецца адмысловае вязкае рэчыва для будаўніцтва дарог. Для вытворчасці сумесі на 1 кіламетр пакрыцця трэба ў сярэднім ад 400 да 1200 пакрышак. Перавагі методыкі відавочныя. Па-першае, пакрыццё робіцца ўстойлівым да растрэсквання, старэння і нізкіх тэмператур. У сярэднім, дадаванне 15% гумавай крошкі ў раствор павялічвае тэрмін эксплуатацыі дарог на 15—20 гадоў, што дазваляе сэканоміць на рамонце. Па-другое, на 3—6 дэцыбел змяншаецца ўзровень шуму, выкліканага аўтамабільным рухам. Нарэшце, гэта экалагічна — шыны не спальваюць, а перапрацоўваюць з мінімумам адходаў. У Польшчы пабудавана ўжо больш за 200 кіламетраў такіх дарог.

...з пластыку...

Іншы прыклад рацыянальнага падыходу да другасных рэсурсаў прапанавала галандская кампанія VolkerWessels. Задума заключаецца ў тым, каб ствараць суцэльныя дарожныя блокі з адтулінамі для камунікацый з перапрацаванага пластыкавага смецця. Усталёўваць іх плануецца ў падрыхтаваныя загадзя траншэі — як канструктар. Такая тэхналогія дазволіць адмовіцца ад слаіста-насыпнога метаду будаўніцтва, а таксама аблегчыць наступны рамонт і эксплуатацыю дарог. Па сцвярджэннях распрацоўшчыкаў, пакрыццё будзе значна больш трывалым, чым традыцыйнае. Яно вытрымае тэмпературу ад мінус 40 да плюс 80 градусаў, падыдзе для ўкладкі на любых глебах, а служыць дарога будзе ў тры разы даўжэй, чым асфальтабетон. Праўда, да рэалізацыі справа пакуль яшчэ не дайшла — пакатацца па пластыкавых дарогах не атрымаецца.

...і з сонечных панэляў

Зусім футурыстычны праект развіцця дарожнай сеткі прапаноўваюць французы. Праект будаўніцтва аўтабанаў з пакрыццём з сонечных панэляў ужо зацверджаны ўрадам краіны, да 2021 года там павінна з'явіцца тысяча кіламетраў дарог «двайнога» прызначэння. Умацаваныя фотаэлектрычныя блокі з тонкай плёнкай з полікрысталічнага крэмнію будуць усталёўваць проста на дарожнае пакрыццё. Пры гэтым стваральнікі запэўніваюць, што такая магістраль без дэфармацыі вытрымае нагрузку машыны вагой да 115 тон, што дазволіць прапускаць па ёй самыя буйныя аўтацягнікі. Галоўная перавага, зразумела, заключаецца ў магчымасці генерыравання энергіі. Праект забяспечыць таннай электраэнергіяй каля 5 мільёнаў чалавек — гэта 8 працэнтаў насельніцтва Францыі. Дарэчы, у 2010 годзе падобную задуму пачалі прасоўваць у ЗША, таму цалкам магчыма, што ў хуткім часе нікога ўжо не здзівіш дарогай з сонечных батарэй.

Загаловак у газеце: Куды вядзе магістраль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.

Грамадства

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Мы вырашылі распытаць спецыяліста.  

Грамадства

Што хвалюе педагогаў?

Што хвалюе педагогаў?

​Якія крытэрыі робяць датэрміновую прафесійную пенсію — недасягальнай...