Вы тут

Была школа — стала крама


Не кожны дом пераходзіць у спадчыну... Што ўжо казаць пра будынкі былых устаноў і арганізацый, якія таксама губляюць наведвальнікаў і застаюцца без догляду. Тым не менш дазволіць маёмасці зарастаць пустазеллем таксама нельга. Мы пацікавіліся, як складваецца лёс падобных аб'ектаў у розных рэгіёнах краіны.


Старшыня Багушэвіцкага сельскага Савета дэпутатаў Бярэзінскага раёна Ларыса Бабіновіч расказала, што прыватных пустых будынкаў на іх тэрыторыі даволі мала: людзей прываблівае размяшчэнне жытла непадалёк ад Бярэзіны. Што датычыцца грамадскіх пабудоў, то ў 2015 годзе была закрыта Чыжахская сярэдняя школа — дзіцячы сад. Школьнікі сталі ездзіць на вучобу ў суседнюю вёску, а памяшканні былой навучальнай установы прадалі з аўкцыёну. Цяпер новы ўласнік — расійская фірма — пераабсталёўвае будынак пад вытворчасць кармоў для жывёл.

Яшчэ адну школу, што засталася незапатрабаванай, аддзел адукацыі таксама збіраецца прадаць.

— Калі будынак будзе рэалізаваны няхай нават за адну базавую велічыню, усё роўна нашай мясцовасці гэта пойдзе на карысць, — упэўнена Ларыса Бабіновіч. — Каб набыць памяшканне за мінімальны кошт, патэнцыйны пакупнік павінен мець бізнес-план і быць гатовым наймаць на будучае прадпрыемства мясцовых жыхароў, ствараць новыя працоўныя месцы.

На раённых нарадах абмяркоўваецца і лёс дзвюх жывёлагадоўчых фермаў. Ліквідацыю будынкаў праводзіць мясцовае ААТ, ужо накіраваны запыт на праект па зносе.

— Памяшканні ў напаўразбураным стане, выкарыстоўваць іх далей немагчыма. У праекце будзе прапісана, якім чынам утылізуецца пабудова, што з другасных матэрыялаў потым можна будзе выкарыстаць яшчэ раз. Вядома, многа што залежыць ад наяўнасці сродкаў, але справа рухаецца. Хутчэй за ўсё, тэрыторыя потым будзе засеяна ці выкарыстана для выгану жывёлы.

— У нас ёсць 28 незапатрабаваных адміністрацыйных пабудоў, — адразу пачынае з лічбы старшыня Капыльскага сельскага Савета дэпутатаў Вольга Купрыенка. — Даволі шмат устаноў раней належалі жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ёсць будынак раённага спажывецкага таварыства, некалькі клубаў... Дарэчы, у 2014 годзе мы падавалі заяву ў агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, каб знайсці ўласніка згаданых клубаў. Сёлета ў ліпені якраз скончыцца тэрмін пошуку, і калі гаспадар так і не адгукнецца, будынкі выставім на продаж.

Як адзначыла старшыня, не для ўсіх памяшканняў удаецца знайсці новых уласнікаў. Некаторыя будынкі маюць маленькі астаткавы кошт ці патрабуюць грунтоўнага рамонту. У такім выпадку іх зносяць. Пасля, калі пляцоўка знаходзіцца ў жылым раёне, яе можна набыць для будаўніцтва. Незапатрабаваныя землі ўключаюцца ў севазварот.

Старшыня Камунараўскага сельскага Савета дэпутатаў Любанскага раёна Мікалай Дудзік кажа, што з аддаленнем ад горада змяншаецца і зацікаўленасць пакупнікоў у буйной маёмасці:

— Ад нас да Любані каля 25 кіламетраў, паблізу няма значных аўтамабільных дарог, чыгункі. Вялікіх прадпрыемстваў таксама на тэрыторыі не пабудавана. Выходзіць, што прыдатнай для гаспадарчых патрэб зямлі многа, а попыту на яе мала. Таму частку старых будынкаў зносім як незапатрабаваныя. У той жа час ёсць практыка здаваць памяшканні былых адміністрацыйных устаноў у арэнду. Напрыклад, дом у вёсцы Камуна, дзе раней размяшчаўся сельвыканкам, стаў філіялам пошты. Таксама быў выпадак, калі будынак сельскай амбулаторыі выкупіў прадпрымальнік і арганізаваў там магазін. Яшчэ адзін прыклад — школа ў вёсцы Нежын. Пасля аптымізацыі, калі дзеці сталі ездзіць на вучобу ў іншы населены пункт, памяшканні тры гады стаяць пустымі. Ёсць вартаўнік, які даглядае маёмасць. Будынак яшчэ прыдатны для выкарыстання: раней школа была цёплай, утульнай, са спортзалай і сталовай. Ды і размяшчэнне выгаднае — у цэнтры пасёлка. Будзем спадзявацца, што ёй яшчэ зацікавяцца дзелавыя людзі.

Старшыня Войскага сельскага Савета дэпутатаў Камянецкага раёна Віктар Міхайлоўскі ў якасці прыкладу ўдалага продажу праблемнага памяшкання прывёў гісторыю мікалаеўскага клуба. Будынак, дзе раней збіралася моладзь і размяшчалася сельская бібліятэка, прыйшоў у заняпад. Пачаў цячы дах, ды і наведвальнікаў станавілася ўсё менш... Установу закрылі, а сам будынак прастаяў каля двух гадоў, пакуль збіралася неабходная дакументацыя для яго продажу праз аўкцыён.

— Новы гаспадар — прадпрымальнік з Брэста — наводзіць парадак і рыхтуецца ў вызначаны тэрмін увесці памяшканне ў эксплуатацыю. Падобная гісторыя адбылася таксама з камбікормавым заводам прыкладна чатыры гады таму. Сельскагаспадарчае прадпрыемства прадало пусты будынак іншаму ўласніку. Пасля сур'ёзнай рэканструкцыі там наладжана вытворчасць алею з рапсу.

Сярод пустуючых аб'ектаў старшыня Капцэвіцкага сельскага Савета дэпутатаў Петрыкаўскага раёна Наталля Супруновіч асабліва выдзеліла былы завод для сушкі агародніны. Раней гэта было вялікае прадпрыемства, якое забяспечвала працай мясцовых жыхароў. Цяпер жа яго тэрыторыя абнесена агароджай, а ліквідацыйная камісія шукае для будынкаў новага ўласніка.

— Былы ўласнік вырашыў закрыць прадпрыемства, бо патрабавалася грунтоўная мадэрнізацыя і замена абсталявання, — тлумачыць начальнік аддзела эканомікі Петрыкаўскага райвыканкама Алена Лявончык. — І ў снежні 2009 года завод трапіў пад увагу ліквідацыйнай камісіі. Некалькі будынкаў былі прададзены фермерскай гаспадарцы, астатнія зачынены і выстаўляюцца на таргі. На жаль, пакупнікоў няшмат, хоць кошт зніжаны да мінімальнага. Але можна спадзявацца, што памяшканні яшчэ будуць карыснымі. Напрыклад, у раёне будуецца горна-абагачальны камбінат, і, магчыма, плошчы былога завода таксама будуць задзейнічаны.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.