Вы тут

Ці патрэбны алкаголікам выратавальны круг?


Яна растварае ўсё — грошы, здароўе, сям'ю... І не трэба думаць, што пад яе ўладу трапляюць толькі слабыя людзі. Ці павернецца язык сказаць пра чэмпіёна свету, што ў яго няма сілы волі? Але і такія співаюцца. Хіба мог бы слабы чалавек уначы без грошай знайсці 100 грамаў? Многія з тых, хто вырваўся з алкагольнай залежнасці, становяцца паспяховымі бізнесменамі альбо пераключаюцца на ўладкаванне свайго побыту, будуюць дамы. Але ад алкагалізму церпяць не толькі аматары чаркі і іх блізкія. Гэта сур'ёзная эканамічная праблема.


— Спецыялісты падлічылі, што на адзін рубель гарэлкі з цягам часу можа прыпадаць 8 рублёў выдаткаў, бо алкагалізм — гэта траўмы, судзімасці, утрыманне ЛПП. І нават калі чалавек кінуў піць, яго трэба лячыць ад хвароб, прычынай якіх стала злоўжыванне спіртным. А калі па віне мужа алкаголіка яго жонка ўсю ноч не спала, ці будзе на рабоце ад яе эканамічная аддача? — заўважае старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Цэнтр даверу «Надзея і вылячэнне» Станіслаў Каўроў. — У Польшчы я пазнаёміўся з праграмай, якая працуе на вытворчасці. Калі хтосьці са спецыялістаў пачынае выпіваць, з такім чалавекам займаецца кансультант. Каб выхаваць добрага токара, трэба гадоў 10, а звольніць можна за 5 хвілін. Гэта ж эканамічна не выгадна. Лепш яго вылечыць, і няхай працуе і будзе карысным і вытворчасці, і сям'і. Чаму б не паспрабаваць такія метады ў нас? Магчыма, аднаго кансультанта будзе дастаткова на некалькі прадпрыемстваў ці на раён...

— Чаму быць цвярозым і жыць у цвярозасці — розныя рэчы?

— Часам мы кажам: «Паглядзі цвярозымі вачыма». Сапраўды, каб стаць незалежным ад гарэлкі, неабходны цвярозы розум. Так, зрыў у чалавека, які пэўны час устрымліваўся ад алкаголю, пачынаецца не з чаркі, а з думкі пра яе. А падстаў можна знайсці колькі хочаце: званок сябра, добрае надвор'е, дзень нараджэння сабакі, прыгожа аформленыя вінна-гарэлачныя вітрыны, міма якіх чалавек прайшоў. Нават абыякавыя да алкаголю людзі часам прызнаюцца, што, калі бачаць прыгожыя этыкеткі на алкаголі, ім хочацца пакаштаваць яго.

— Калі б гарэлка прадавалася асобна, гэта б паменшыла праблему алкагалізму?

— Безумоўна! Пэўныя абмежаванні лепей, чым поўная забарона алкаголю. Тым больш, калі адно забараніць, трэба нешта даць узамен. Калі чалавек выпівае, у яго мяняюцца пачуцці. Радасць, весялосць штучныя, але яны ёсць. Прыйшлі ўсе сумныя, а выпілі па сто грам — і заспявалі. Пачынаць трэба з асветніцкай работы. Важна, каб людзі ведалі, як фарміруецца залежнасць, для таго каб яе папярэдзіць. Глядзіце: пра грып інфармацыі многа, а пра такую хваробу, як алкагалізм, — не. Многія не ведаюць, што гэта такое. Алкагалізм — гэта хвароба адмаўлення, хлусні. У нашым грамадстве слова «алкаголік» — гэта кляймо. А хто захоча прызнацца, што яго носіць? Але ж можна падабраць і іншыя словы — напрыклад, «залежны ад алкаголю». Трэба пра гэту праблему гаварыць адкрыта, каб нават было модна дзяліцца сваім вопытам, як справіліся з такой хваробай. Давайце зробім перадачу «Цяжкі панядзелак», дзе б рэгулярна асвятляліся гэтыя пытанні. Тым больш што алкагалізм — праблема сямейная. У нас быў вялікі праект, калі мы працавалі з дзецьмі, што знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта ў будучым кандыдаты ў алкаголікі. Яны былі скаваныя, заціснутыя. Калі жанчына, муж якой выпівае, можа пайсці «распалавініць» сваё гора — падзяліцца з сяброўкамі, дзіця нікуды не ідзе. Яно ўсю ноч праплача ў падушку... Чалавек можа вырасці і нават не піць, але рана застанецца, ён будзе ўспамінаць, як бацькі высвятлялі адносіны, тата падымаў руку на маці і інш. Тут таксама патрэбна дапамога. Не выпадкова ўзнікаюць такія групы, як «дарослыя дзеці алкаголікаў».

— Што больш патрэбна залежным: медыцынская дапамога ці псіхалагічная?

— Алкаголікі кажуць, што гэта хвароба цела, розуму і душы. Трэба пачынаць з душы. Медыцына робіць сваю справу — знімае атручэнне. Але таблеткі — гэта не вырашэнне пытання.

Лячэнне пачынаецца тады, калі ў чалавека мяняецца алкагольнае мысленне, а гэтым займаюцца псіхолагі, псіхіятары, групы ананімных алкаголікаў. Ананімнасць — гэта не скрытнасць, а сціпласць і бяспека. Каб чалавек не выдзяляўся, маўляў, сёння ён герой — кінуў піць, а заўтра сарваўся. Тут можна не называць свайго прозвішча. Алкаголік у такой групе свой сярод сваіх, дзе разумеюць з паўслова, ніхто лапшу не вешае. Тут лепш прамаўчы, але не хлусі. І ў групах не вучаць, а дзеляцца вопытам: «У мяне атрымалася, паспрабуй і ты». Прычым хадзіць у групу можна рэгулярна — гэта як падзараджаць акумулятар, бо былых алкаголікаў не бывае. Нават калі такі чалавек не п'е, жыццё ўвесь час падкідае сюрпрызы: ад паездкі ў перапоўненым тралейбусе да праблем на рабоце ці ў сям'і, і апору ён заўсёды шукае ў бутэльцы.

Між іншым, групы ананімных алкаголікаў ёсць больш чым у 150 краінах свету.

— Дзіўна: адзін з самых эфектыўных спосабаў барацьбы з гарэлкай прапанаваў амерыканец, які раней сам бязбожна піў. І на сёння па «запушчанай» ім праграме перамаглі залежнасць мільёны людзей...

— Яе нават прызналі цудам ХХ стагоддзя. Першы крок праграмы ананімных алкаголікаў — прызнаць бяссілле перад алкаголем (тут можна мяняць словы — перад камп'ютарам, наркотыкамі, казіно). Трэба навучыцца жыць з залежнасцю так, каб гэта не мучыла. Цвярозасць пад прыгнётам ці страхам — не выйсце. Падшыўкі, кадзіраванне — гэта стрымліваючы фактар. Але ў чалавека не памянялася алкагольнае мысленне. Гэта як галоднага сабаку пасадзіць на ланцуг і дражніць косткай. Чаму многія сем'і распадаюцца, калі мужчына перастае піць? Ён жа становіцца злым, раздражнёным. Ён не навучыўся атрымліваць радасць у жыцці, пазбаўленым гарэлкі, не набыў свабоду. А ёсць і іншыя алкаголікі, якія, як кінулі піць, адчуваюць сябе цудоўна. Мне спадабаўся выраз аднаго з іх: «Мне можна піць, але навошта мне гэта». Калі так сябе адчуваеш — усё роўна, што цяжар скідаеш.

— Сярод пунктаў праграмы «12 крокаў», якой прытрымліваюцца групы ананімных алкаголікаў, ёсць і такі: як скласці спіс людзей, якім прычыніў шкоду, і выправіцца...

— Гэта споведзь. Напрыклад, алкаголік расказвае, што пазычыў у суседа грошы і не вяртае, хаваецца. Але як ён сябе пры гэтым адчувае? І як усё мяняецца, калі ён вяртае грошы. — Ужо не трэба перабягаць ад суседа на другі бок вуліцы, а можна вітацца за руку. Сапраўды, лягчэй становіцца, калі дзелішся набалелым у групе.

— Як зразумець, калі трэба звяртацца па дапамогу?

— Неяк сабраліся мужыкі ў лясочку выпіць, закуска — на газеце, а ў ёй інфармацыя пра групу ананімных алкаголікаў. Адзін з іх, які зразумеў, што ўжо «паспеў», адарваў сабе кавалачак з патрэбным адрасам. Было, што чалавек убачыў зранку перадачу пра ананімных алкаголікаў, адразу ж пайшоў у групу і цэлы дзень прасядзеў у двары, чакаў, калі яна збярэцца, — баяўся дамоў вяртацца, каб не ўвайсці ў запой. І ўжо 25 гадоў не выпівае. А вось прыклад з Амерыкі: жанчына звярнулася ў групу, бо ёй падалося, што яна выпівае «лішнія вінныя кактэлі»... Са 100 працэнтаў алкаголікаў толькі 5 працэнтаў валяецца на вуліцы, астатнія ходзяць на работу, і ніхто можа не ведаць, што тыя дома ціха выпіваюць. Я ўсіх вадзіцеляў, якія трапляюцца нецвярозымі за рулём, лічыў бы алкаголікамі. Яны ж пераступілі дазволенае... У кожнага ёсць сваё дно (бальніца, страта сям'і, работы, турма). Спецыялісты і грамадства павінны ўмець гэта дно прыўзняць, каб чалавек раней звярнуўся па дапамогу. Галоўнае, каб ён ведаў, дзе яго чакаюць, дзе прымуць. Зараз я хаджу ў групу з хлопцам, які ў свой час прапіў усё. Неяк ён прыйшоў у групу ананімных алкаголікаў, учапіўся за крэсла і сказаў: «Мяне адсюль ніхто не выганіць». Так ён убачыў выратаванне. Цяпер ён буйны прадпрымальнік.

Не так даўно мы рэалізоўвалі праект, у межах якога праводзілі сустрэчы з чыноўнікамі, каб паказаць гэту праблему і мадэлі, як яна можа вырашацца. І сёння многія ведаюць, што алкаголікі — гэта людзі, якім патрэбна дапамога. Выратавальным кругам для іх найперш будзе рэабілітацыя. Безумоўна, сёння трэба пераглядзець, дапамога з якога боку будзе найбольш эфектыўнай. Напрыклад, ці трэба ўкладаць грошы ў ЛПП? Вядома, такім чынам на нейкі час абмяжоўваюць свабоду алкаголікаў і даюць магчымасць іх сям'і свабодна ўздыхнуць, але ж сама праблема не вырашаецца. Таксама мы паказвалі, як можна працаваць з дзецьмі з праблемных сем'яў. Вадзілі іх у цырк і дэльфінарый, на скаладром, каб тыя бачылі сапраўднае жыццё і зразумелі, што можна атрымліваць радасць не праз алкаголь і наркотыкі. Магчыма, калі яны падрастуць, будуць рабіць усё магчымае дзеля таго, каб жыць цікава і прыгожа.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Растваральнік»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.