20 Люты, аўторак

Вы тут

У Мінску можна будзе бясплатна засвоіць асновы кройкі і шыцця


Бывае, вырашыш абнавіць гардэроб, а знайсці патрэбную рэч не пашанцуе: тут крыху задоўга, там тапоршчыцца, тут моршчыць і проста не сядзіць па фігуры. Добра, калі здольнасці дазваляюць самому падкараціць джынсы або пашырыць сукенку — а калі не, трэба звяртацца ў майстэрню і абноўка ў выніку падаражэе, часам істотна...


Мінчанка Вольга Кастузік такой бяды не баіцца — па першай адукацыі яна закройшчык, і з задавальненнем шые для сябе і сям'і. Затое сутыкнулася з іншай праблемай: «У мяне маленькі сын, якому яшчэ няма двух гадоў, — у дзіцячы сад ён пакуль не ходзіць, і мы ўвесь час разам. А паколькі малы ў мяне жвавы і гарэзлівы, то, калі я саджуся шыць, можа схапіць тканіну і збегчы альбо адбірае нажніцы, іголкі... Гэта не толькі непрыемна, але і небяспечна. Я падумала: вось бы было такое атэлье, куды б мяне пускалі часам шыць для сябе! Безумоўна, можна набыць бытавую швейную машынку, — але каб шыць якасныя рэчы, хочацца мець аверлок, прас, машыну для трыкатажу, манекены, раскройны стол — дзе ўсё гэта размясціць у кватэры?» Параспытаўшы знаёмых швачак і мадэльераў, Вольга зразумела, што ў сваіх марах далёка не адзінокая. І вырашыла: калі падобнай паслугі — адкрытай швейнай майстэрні — у Мінску не існуе, значыць, трэба яе стварыць!

Ідэя праекта «На ўсю катушку» — творчая прастора з прафесійным швейным абсталяваннем, якім могуць карыстацца ўсе ахвотныя для шыцця або рамонту адзення. На дапамогу нявопытным краўцам будзе прыходзіць прафесіянал-тэхнолаг, а пачаткоўцаў, якія толькі і ведаюць, дзе ў іголкі востры канец, Вольга плануе навучыць асновам кройкі і шыцця — абсалютна бясплатна. «Спачатку думала зрабіць усе паслугі платнымі, але потым зразумела, што многія папросту не прыйдуць, бо не ўмеюць шыць на машынках, таму трэба забяспечыць не толькі высокі ўзровень сэрвісу — дапамога майстра, інструменты, модныя часопісы, лякалы, бясплатныя чай-кава, — але і прывабіць як мага больш наведнікаў, таму вырашыла зрабіць бясплатнае навучанне для навічкоў. Хтосьці з іх будзе потым шыць дома, але частка вучняў, упэўнена, вернуцца да нас».

Падобныя швейныя каворкінгі (ад англійскага соwоrkіng, «сумесна працуючыя» — рабочая прастора з неабходным абсталяваннем, якая здаецца ўсім жадаючым у арэнду на неабходны тэрмін — ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў) ужо існуюць у Расіі і Украіне, а вось для Беларусі падобны вопыт у навіну.

— Шчыра кажучы, не разумею, чаму ў Мінску гэтага няма. Калі ў сацыяльных сетках я пацікавілася, ці гатовыя людзі бясплатна вучыцца шыццю, за некалькі дзён да мяне «пастукаліся» паўсотні чалавек, — заўважае Вольга Кастузік. — Прычым сярод іх аказалася надзіва шмат мужчын. Потым муж расказаў, як ён прышывае гузік, і ўсё стала зразумела. Ён, як многія мужчыны, не ўмее рабіць вузельчык на нітцы, таму робіць некалькі хаатычных шыўкоў са сподняга боку. Трымаецца, паводле яго слоў, намёртва, але як выглядае такі «павук»... Так што цяпер планую адкрыць міні-курс для мужчын: як зашыць разрыў, прышыць гузік, правільна адпрасаваць кашулю і г. д.

...Падобны бізнес хоць і мае сацыяльны кірунак, усё адно патрабуе немалых укладанняў. Хтосьці займае грошы ў сваякоў, хтосьці бярэ крэдыт у банку. Вольга ж звярнулася на краўдфандынгавую пляцоўку (гэта калі людзі праз інтэрнэт падтрымліваюць грашыма цікавыя ідэі). Заказаць абанемент у будучую майстэрню можна на платформе ulеj.bу. Калі да 1 ліпеня збярэцца патрэбная сума, то ўжо ўвосень майстэрня прыме першых наведнікаў. Сачыць за ходам праекта і больш даведацца пра яго таксама можна на сайце kаtushkа.bу.

«Насамрэч вельмі прыемна, што ідэя ўжо знайшла водгук у некаторых кампаній-партнёраў — атэлье «Проста Марыя», музея мініяцюр «Краіна міні», які прадставіць сваю тэрыторыю для майстар-класаў, — з асцярожным аптымізмам расказвае Вольга. — Таксама прадумваем варыянты супрацоўніцтва з брэндамі швейных машын, крамамі тканін і фурнітуры, інтэрнэт-крамамі. Да нядаўняга часу «На ўсю катушку» — гэта была я адна ў многіх асобах, цяпер ёсць памочніца-прафесіянал, спадзяюся, з'явяцца і іншыя».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота з асабістага архіва аўтара праекта

Загаловак у газеце: ...Каб касцюмчык сядзеў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ужо каторы год жыхары змагаюцца супраць агульнай паркоўкі ў двары

Ужо каторы год жыхары змагаюцца супраць агульнай паркоўкі ў двары

Гаспадары двара расказваюць, што раней тры заезды ў двор перакрывалі дэкаратыўныя металічныя вароты, унутр аўтамабілі маглі трапіць толькі праз вялікую арку з боку вуліцы Янкі Купалы.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра соты фінал у кар'еры Максіма Мірнага, поспехі беларускіх самбістаў на дамашнім турніры і выступленні нашых гандбольных клубаў у Еўропе.

Культура

Cабраны пераклады верша Янкі Купалы «А хто там ідзе» на 101 мову свету

Cабраны пераклады верша Янкі Купалы «А хто там ідзе» на 101 мову свету

«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» адправіла ў друкарню выданне «А хто там ідзе: на мовах свету».

Палітыка

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

За каго аддаць свой голас, якога кандыдата лепей абраць у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў?