Вы тут

Да самастойнасці добра прывучае інтэрнат


Ідзе ўжо каторы месяц навучальнага года. Іншагароднія студэнты, каму пашчасціла, увесь гэты час жывуць у інтэрнатах. Я вырашыла даведацца пра рамантыку і будні іх новага жыцця.


Па­лі­ца і гі­та­ра Ган­ны Бон­дар.

Надзея Лазерка, студэнтка І курса біялагічнага факультэта БДУ. Жыве ў інтэрнаце БДУ №10:

— Тут новыя для мяне ўмовы, нязвыкла было па першым часе, затое ёсць і добрыя моманты. Напрыклад, цудоўныя суседзі: дапамагаем адно аднаму ў вучобе, разам бавім час. Сярод мінусаў — няма сваёй прасторы і асабістага часу. Я не магу застацца сам-насам з уласнымі думкамі. Здараецца, перашкаджаюць спаць, вучыцца, ці я сама замінаю іншым. Даводзіцца вучыцца самастойнасці, ужывацца з людзьмі.


Галіна Жэрка, студэнтка І курса перакладчыцкага факультэта МДЛУ. Жыве ў інтэрнаце №3 універсітэта:

— Я заўсёды лічыла, што інтэрнат — гэта супермегакрута: заўсёды весела і цікава, галоўнае, каб суседзі добрыя былі. Але ўсё аказалася не так казачна. Мне не пашчасціла засяліцца ў студэнцкую вёску, мой інтэрнат не такі ўжо і новы, таму, каб зрабіць гэта месца ўтульным, я прывезла дыван, столік, цацкі. Вялікі мінус інтэрната — катастрафічны недахоп месца. Мне няма куды класці рэчы. Яшчэ тут даволі складана штосьці вучыць, асабліва калі ты і твае суседзі вучаць мовы, і вам трэба практыкаваць вымаўленне слоў. Складана сканцэнтравацца, але амаль паўсюдна ёсць пакоі для самападрыхтоўкі. Можна заставацца ў бібліятэцы ва «ўніверы» і вучыць там.

Мне вельмі пашчасціла з суседкамі, мы пасябравалі, разумеем адна адну, гатуем разам, таму з харчаваннем праблем няма. Наконт самастойнага жыцця: не так гэта і складана. Адзінае, трэба разлічваць грошы, разумець, на што яны спатрэбяцца, і траціць іх з розумам.


Вікторыя Паўлюць, студэнтка І курса аўтатрактарнага факультэта БНТУ. Жыве ў інтэрнаце №4 універсітэта:

— Я ведала, у якіх умовах давядзецца жыць, таму што ўжо даводзілася сустракацца з інтэрнатамі падчас удзелу ў алімпіядах і пленэрах. Мой чацвёрты «рэкламавалі» як самы дрэнны з усіх інтэрнатаў БНТУ. Але ў мяне цудоўныя суседкі. Мы агульнымі сіламі ўсё ўпарадкавалі, зрабілі пакой утульным. Мэблі было няшмат, таму кожная везла патроху: хто — паліцы, хто — тумбы, хто — стол. Месца ледзьве хапае чатыром, але мы прывыклі. Галоўныя недахопы — стары будынак і адзін душ на ўсіх. З «плюсаў» інтэрната — мноства новых знаёмстваў і магчымасць адчуць, што такое самастойнае жыццё, якога я дарэмна баялася.


Аліна Мірончык, студэнтка І курса Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. Жыве ў інтэрнаце №1 універсітэта:

— Спачатку было цяжка, бо прыйшлося выйсці з зоны камфорту. Тут усё іншае: маленькі халадзільнік на сем чалавек, адна паліца для талерак і посуду, пліта са сваімі асаблівасцямі, невялікая шафа, інтэрнэт адсутнічае, люстэрка няма! Нягледзячы на ўсе праблемы, паступова прыстасавалася, нават пачало падабацца. Новыя людзі, ты сам па сабе і ні ад кога не залежыш. Ды і плаціць за інтэрнат трэба значна меней, чым за кватэру ў Мінску.


Крысціна Гунева, студэнтка ІІІ курса педыятрычнага факультэта БДМУ. Жыве ў інтэрнаце №2 універсітэта:

— У мяне здарылася цэлая гісторыя з засяленнем. Каб аформіць усе дакументы, спатрэбіліся два напружаныя дні. Пакуль стаяла ў чарзе на засяленне, такога наслухалася... А пасля прыйшла ў свой двухмесны пакой. Суседка — прыемная, спакойная дзяўчына... У нас няма ні халадзільніка, ні дывана. На матрацах балюча спаць. Пакуль не прывезла свой, начавала ў мінскай сяброўкі. Зараз пакрысе ствараю ўтульнасць.


Ганна Бондар, студэнтка ІІ курса лячэбнага факультэта БДМУ. Жыве ў інтэрнаце №4 ужо другі год:

— У першыя дні мне ўсё было дзіўным. Нягледзячы на тое, што былі пройдзены ўсе «кругі» алімпіяды, падчас якіх жыла ў розных інтэрнатах. Спачатку тэлефанавала маці амаль са слязьмі. Але паступова прызвычаілася і да агульнага душа, аднаго на пяць паверхаў. Цяпер пра жыццё тут думаю толькі ў пазітыўным ключы. Вакол ёсць добрыя людзі, якія заўжды дапамогуць. Нават калі б з'явілася магчымасць пераехаць у іншы інтэрнат, засталася б са сваімі.

Мне падабаецца інтэрнацкае жыццё, бо тут заўсёды штосьці адбываецца. Мяркую, інтэрнат — адзін з абавязковых складальнікаў студэнцкага жыцця. Не толькі дамашнім справам тут вучышся, але і чамусьці больш важнаму, напрыклад узаемаразуменню. Таму мне крыху шкада тых, хто ў свае студэнцкія гады гэтага не меў. Не праз тое, што згубілі нейкую магчымасць павесяліцца, — яны так і не атрымалі ўрок самастойнага жыцця. А ён тут не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.

Паліна ЗАБЕЛА, вучаніца 11 класа гімназіі №1 г. Слуцка

Загаловак у газеце: «Партал» у самастойнасць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.