Вы тут

Топ-7 маладзёжных стартапаў напярэдадні фіналу «100 ідэй для Беларусі»


Усяго нічога засталося да лагічнага завяршэння сёлетняга рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу, які ўжо не першы год праводзіць БРСМ. Напярэдадні фіналу «Чырвонка. Чырвоная змена» працягвае знаёміць чытачоў з самымі крэатыўнымі праектамі маладых дапытлівых розумаў — пераможцаў абласных і мінскага гарадскога этапаў гэтага адмысловага творчага спаборніцтва.


Галоўныя эканамісты аддзела статыстыкі, інвестыцый і будаўніцтва галоўнага статыстычнага ўпраўлення горада Мінска Юлія Бутэвіч і Аляксей Сцецкі прапануюць свой праект — L-картку. Гэта анлайн-платформа для ўпраўлення дысконтнымі, бонуснымі і клубнымі карткамі ў смартфонах спажыўцоў.

— Рынак іх карыстальнікаў імкліва расце: на сёння ў краіне больш за пяць мільёнаў жыхароў маюць смартфоны. Перспектыва развіцця гандлёвай сеткі і ўкаранення сучасных тэхналогій відавочная, — лічаць распрацоўшчыкі. — Зараз у Беларусі падобнага сэрвісу няма. Ён дазволіць спажыўцам пазбавіцца ад шматлікіх пластыкавых картак. Апроч таго, анлайн-платформа будзе інфармаваць аб акцыях, зніжках, спецыяльных праграмах і адкрыцці новых пунктаў продажу. А бізнесу сэрвіс забяспечыць эфектыўны канал камунікацыі са сваімі кліентамі: прапановы будуць паступаць патэнцыйным пакупнікам, а таксама спажыўцам, што знаходзяцца непадалёку ад канкрэтнага гандлёвага цэнтра.

Праграмнае забеспячэнне на падставе камп'ютарных тэхналогій 3D «Мой бяспечны дом» (аўтары распрацоўкі — Вольга Багамаз і Алена Пятрыка з Універсітэта грамадзянскай абароны МНС) прызначана для навучання насельніцтва правілам пажарнай бяспекі ў быце праз мадэляванне аварыйных сітуацый у жылым доме. Для карыстальніка ствараецца максімальна поўная ілюзія знаходжання ў жылым аб'екце тыпу «катэдж» ці «кватэра» з магчымасцю прагляду яго бягучага становішча ў памяшканнях. Канчатковая мэта прадукту — стварыць умовы для засваення і замацавання ведаў аб правілах бяспекі, выпрацаваць навыкі ідэнтыфікацыі іх парушэнняў.

Студэнт першага курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Глеб Машканаў узяўся за распрацоўку канцэпцыі сістэмы маніторынгу і рэагавання на ўцечкі бытавых газаў у шматкватэрных жылых дамах. Яна, падключаная ў кожнай кватэры, будзе днём і ўначы ў аўтаматычным рэжыме рэагаваць на самыя нязначныя ўцечкі бытавога газу і аўтаматычна выклікаць брыгаду аварыйнай службы і самастойна адключаць пад'езд дома ад газазабеспячэння да яе прыезду.

Аспірант Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Кузьміч прапанаваў да ўдзелу ў конкурсе зараднае ўстройства для гаджэтаў на аснове сонечных панеляў. Праект маладога чалавека базіруецца на стварэнні грамадскіх зарадных станцый, вырабленых з выкарыстаннем вядомых партатыўных зарадных устройстваў, якія плануецца ўстанаўліваць на вуліцах Брэста ў спецыяльна адведзеных месцах. Падчас зарадкі на станцыях можна будзе скарыстацца бясплатнай паслугай Wі-Fі. На думку аўтара, асноўнай перавагай праекта з'яўляецца зручная сістэма зарадкі мабільных устройстваў.

Нізкавольтны гукавы індыкатар «Антысон» для павышэння бяспечнасці кіравання аўтамабілем у начны час прадставіць у фінале навучэнец другога курса Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалай Лукашэвіч. Гэта ўстройства перашкаджае засыпанню кіроўцаў падчас руху. Індыкатар разам з элементам сілкавання выкананы на аднабаковай пячатнай плаце ў выглядзе скабы, што дазваляе, уключыўшы мікрапераключальнік, замацаваць яго за вухам. Пры глыбокім нахіле галавы падчас засыпання кантакты датчыка нахілу замкнуцца і ўключаць індыкатар — гучны сігнал імгненна разбудзіць кіроўцу. Для кожнага канкрэтнага выпадку можна падабраць найлепшае спалучэнне параметраў контуру: для атрымання максімальнай гучнасці пры мінімальным спажыванні току.

Наступны аўтар выносіць на суд журы праект «Забаўляльна-экалагічны аграпарк «Кукурузны лабірынт» «Кукурузаляндыя». Што гэта такое, спытаеце вы?

— Кукурузныя лабірынты — від сямейных забаў, якія існуюць у свеце ўжо не адно дзесяцігоддзе. Да Беларусі ідэя пакуль яшчэ не дайшла, аднак суседнія дзяржавы ўжо могуць пахваліцца ўласнымі кукурузнымі аграпаркамі і квэстамі ў кукурузе, — тлумачыць аўтар праекта Марына Бандык, першы сакратар Горацкага райкама БРСМ.

Аграпарк можа быць размешчаны на тэрыторыі раёна. Агульная яго плошча — 1,8 гектара. Ён разлічаны ў першую чаргу на дзяцей і моладзь і будзе ўключаць у сябе шэраг прапаноў забаў. Тэрыторыя дзеліцца на зоны: кукурузны лабірынт (для моладзі і дарослых), лабірынт з вяровак, цюкоў саломы, ёсць зона для пікнікоў, атракцыёны, арт-агарод і батут. Падсілкавацца можна на фудкорце, а адпачыць — у лаўнж-зоне ў гамаках. Па задумцы, на тэрыторыі аграпарка рэгулярна будуць праходзіць розныя майстар-класы, фестывалі, а ў кукурузным лабірынце — квэсты для дзяцей і дарослых.

Навучэнцы другога курса Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Максім Мінкін, Лізавета Давыдзенка і Мікіта Кайдо разам з навуковым кіраўніком Анжэлай Юнцэвіч распрацавалі мабільную праграму «Кішэнны фармацэўт», якая можа працаваць як у анлайн-, так і афлайн-рэжыме. Карыстальнік мае магчымасць весці ўлік сваіх лекавых сродкаў, запісваючы іх у «Аптэчку», ставіць напамінанне аб часе прыёму прэпаратаў і ў экстранных выпадках выклікаць хуткую дапамогу праз кнопку хуткага выкліку. Аўтары кажуць аб адсутнасці ў нас нечага падобнага.

...Чый праект з больш як сотні прадстаўленых у фінале прызнае найлепшымі журы? Хутка даведаемся!

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фінал «100 ідэй для Беларусі»: удачы найлепшым!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».