20 Верасень, чацвер

Вы тут

Думай галавой!


Брытанскія вучоныя з Кентскага ўніверсітэта даказалі, што падчас выкарыстання GPS-навігатараў вобласць чалавечага мозга, што адказвае за арыентаванне ў прасторы, адключаецца. Падобныя навіны часам выклікаюць шквал негатыўных эмоцый у сеціве. Маўляў, такія факты чарговы раз пацвярджаюць, што лічбавая рэвалюцыя робіць нас дурнейшымі ці як мінімум — больш лянівымі. Давайце разбірацца, ці сапраўды гэта так.


Праблемы з мазгавой дзейнасцю ў вельмі прывязаных да новых тэхналогій людзей медыкі пацвярджаюць, ёсць нават спецыяльны тэрмін — «лічбавая прыдуркаватасць». Гэтымі словамі абазначаюць характэрную сімптаматыку моладзі ў многіх развітых краінах (напрыклад, у Паўднёвай Карэі, дзе ўзровень пранікнення ў жыццё інтэрнэту і новых тэхналогій вельмі высокі): слабую памяць, расстройства ўвагі, кагнітыўныя парушэнні, прыгнечанасць, дэпрэсію. Пішуць нават, што ў структуры галаўнога мозгу адбываюцца змяненні, аналагічныя наступствам чэрапна-мазгавых траўмаў і ранніх стадый дэменцыі. Спрошчана сітуацыя тлумачыцца тым, што запамінаць інфармацыю больш не трэба, усё можна імгненна «загугліць», праводзіць складаныя разлікі — таксама, бо калькулятары ёсць у камп'ютарах, смартфонах і іншых гаджэтах.

Сапраўды, у коле маіх знаёмых ёсць людзі, адмоўны ўплыў лічбавай рэвалюцыі на якіх заўважны простым вокам. Адны замест таго, каб трохі падвучыць англійскую мову, якая патрэбна ім для работы, прынцыпова карыстаюцца анлайн-перакладчыкам. Іншыя не надта імкнуцца развіваць свае кулінарныя здольнасці — любы рэцэпт можна імгненна адшукаць у інтэрнэце, а яшчэ прасцей у любы момант заказаць ежу з дастаўкай.

Ды я сам не без граху — ва ўніверсітэце нярэдка замест чытання некаторых твораў перад парай знаходзіў у сеціве кароткі змест. Што там казаць — некаторыя нават пісаць ручкай развучыліся!

Але я сітуацыю не драматызаваў бы. Так, адны навукоўцы гавораць пра «лічбавую дэменцыю». Іншыя ж сцвярджаюць: новыя тэхналогіі не робяць наш мозг лянівым, а толькі вызваляюць яго рэсурсы, якія можна і трэба накіраваць на любую іншую дзейнасць, напрыклад, творчую, няхай сабе і пры дапамозе тых жа самых гаджэтаў. Менавіта ў гэтым, напэўна, і хаваюцца карані праблемы — беды пачынаюцца, толькі калі карыстацца ўсімі перавагамі лічбавай рэвалюцыі, але не даваць пры гэтым мазгам іншую працу.

Вось уявіце сабе чалавека, што ўвесь час «жыве» ў сеціве. Ён можа сутыкнуцца з непераадольнымі праблемамі, калі раптам страціць доступ да інтэрнэту.

Напрыклад, кіроўца, які ўсё жыццё ездзіў толькі па навігатары, а потым аказаўся ў незнаёмым горадзе без яго. Ці зусім адарванага ад жыцця хлопца, што заблудзіў у лесе і не ведае, як вызначыць хоць бы бакі свету па навакольных прыкметах, каб збольшага зарыентавацца. Не думаю, што ў іх шмат шанцаў хутка выйсці з сітуацыі пераможцамі.

У Расіі зусім нядаўна на разгляд парламентарыяў быў унесены законапраект забароны карыстання сацыяльнымі сеткамі для дзяцей, якім меней за 14 гадоў. Ініцыятыва, безумоўна, памылковая: з аднаго боку, дзеці страцяць доступ да вялікага аб'ёму карыснай інфармацыі, а з другога, будуць адарванымі ад грамадства, вялікая частка стасункаў у якім адбываецца менавіта праз такія сэрвісы. Тым не менш пэўнае рацыянальнае зерне ў гэтай ідэі знайсці можна — дзецям сапраўды варта нагадваць, што акрамя віртуальнага свету існуе рэальны, са сваімі правіламі і законамі. Дарэчы, рабіць гэта можна ў тым ліку і пры дапамозе новых тэхналогій — на смартфонах цяпер хапае развіваючых праграм, а ў Швецыі гульню Mіnecraft (сімулятар выжывання, у якім гульцу трэба атрымліваць прадметы з рознага кшталту рэсурсаў) некалькі гадоў таму ўвялі ў абавязковую навучальную праграму адной са школ. Таму, як той казаў, на гаджэт спадзявайся, але і сам старайся.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.