Вы тут

Новае выданне паэзіі Міхася Стральцова пабачыла свет


Ёсць паэты, празаікі і нават літаратуразнаўцы, якія выяўляюць сваім жыццём у літаратуры ўсе сацыяльныя праявы грамадства, становяцца і сваімі творамі, і ўласным лёсам яркімі выразнікамі часу. І самі паўстаюць легендарнымі з'явамі ў жыцці наступнікаў.


Так склалася, што ў асобе пісьменніка Міхася Стральцова Беларусь займела і паэта, і крытыка, і літаратуразнаўцу, і празаіка. Багдановічазнаўства без Стральцова ўявіць немагчыма. Беларускае апавяданне XX стагоддзя без лірычна-філасофскага «Смалення вепрука» — таксама. А вершаваныя зборнікі Стральцова «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла», «Мой свеце ясны» — гэта ж самае што ні ёсць жаданне прарыву беларускай нацыянальнай паэзіі да еўрапейскіх вышынь, засваенне сусветных прыярытэтаў.

Таму, пэўна, і зараз вершы Міхася Стральцова чытаюцца не толькі як запавет, але і як творы, сугучныя сённяшнім жыццядзеям. Мне падаецца невыпадковым, што два гучныя лірыкі, два мастакі, у якіх эстэтычныя катэгорыі рабіліся грамадзянскімі актамі і з вершаў крочылі ў жыццё, Міхась Стральцоў і Рыгор Барадулін, былі не проста прадстаўнікамі аднаго пакалення, а блізкімі і чуйнымі адзін да аднаго сябрамі. Невыпадкова ўспомнілася гэтая акалічнасць. А ўспомнілася з прычыны разваг пра тое, што пры запоўненасці кнігарняў зборнікамі паэзіі ўсё ж не хапае сапраўднага, не хапае шчырага і па-філасофску абгрунтаванага паэтычнага разгляду жыцця. У вершах Барадуліна і Стральцова ён прысутнічае, ён стварае прастору для чытання, вучыць мысліць і кліча да палёту за небакрай. А хіба ж гэта не галоўная задача паэзіі?!

Прыемна, што кнігай Міхася Стральцова «Я зноўку тут» выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачало новую серыю «100 вершаў». Пэўна ж, абсяг 100 лепшых вершаў — гэта адлюстраванне і зробленага ў паэзіі, мастацтве народнымі паэтамі Аркадзем Куляшовым, Піменам Панчанкам, Максімам Танкам, Рыгорам Барадуліным, Янкам Купалам, Якубам Коласам, Петрусём Броўкам, Нілам Гілевічам. Так што спадзяёмся на сустрэчу з іх новымі кнігамі!

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Вітаю новы дзень!..

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.