Вы тут

Аплаціць штраф і атрымаць даведку ў перспектыве можна будзе на пошце


Новыя сэрвісы Белпошта прэзентавала на ХХІV Міжнародным спецыялізаваным форуме па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2017», які праходзіць у сталіцы з 18 па 21 красавіка.


— Прадпрыемства працягвае работу па некалькіх кірунках. Першы — павышэнне якасці аказання традыцыйных паслуг. Рухаемся да кліентацэнтрызму: робім усё максімальна зручным для канчатковага спажыўца, каб ад яго патрабаваўся мінімум энергазатрат. Другі кірунак — развіццё нетрадыцыйных паштовых паслуг: фінансавых, анлайн, самаабслугоўвання, супрацоўніцтва з інтэрнэт-крамамі, — расказвае начальнік аддзела сеткавага ўзаемадзеяння Белпошты Аляксей ЦВІРКО.

Так, карпаратыўным кліентам для адпраўкі карэспандэнцыі прапануюць выкарыстоўваць электронную марку. Выглядае яна як QR-код (ён раздрукоўваецца на ўсіх канвертах, не трэба нічога наклейваць уручную), але счытваецца поштай як звычайная марка. Зручна для арганізацый, у якіх шмат бізнес-перапіскі.

Распрацоўваецца сістэма грашовых пераводаў з банкаўскай карткі ў наяўныя. З яе дапамогай, напрыклад, унук праз інтэрнэт зможа перасылаць грошы бабулі ў вёску. Паколькі ў сельскай мясцовасці банкі не ўсюды ёсць, праект будзе актуальным. Сістэму запусцяць да канца гэтага года.

Плануецца таксама, што ў перспектыве на пошце можна будзе скарыстацца ўсім спектрам дзяржаўных паслуг — аплаціць штраф, атрымаць даведкі, дакументы. «Шырокая сетка аддзяленняў ахоплівае ўсе куткі краіны. Таму мы хочам зрабіць пошту такім «акном», якое дае доступ да розных паслуг», — тлумачыць Аляксей Цвірко.

Шырокая сетка дазваляе прадпрыемству актыўна супрацоўнічаць з інтэрнэт-крамамі. Белпошта бярэ на сябе дастаўку тавараў да атрымальніка, апавяшчэнне праз SMS — выступае, па сутнасці, пасярэднікам паміж прадаўцом і кліентам. Прадпрыемства развівае і ўласную інтэрнэт-краму shop.belpost.by, дзе прадстаўлены выключна айчынныя тавары. На гандлёвай пляцоўцы сабрана каля шасці тысяч найменняў тавараў ад больш чым 200 беларускіх вытворцаў. Штомесяц выдаецца каталог з акцыйнымі прапановамі. Адметна, што ў красавіку паштовая інтэрнэт-крама выйшла на расійскі рынак. У Маскву тавары дастаўляюцца на працягу 3—4 дзён, па тэрыторыі Расіі — да 10 дзён.

Падчас форуму «ТІБО» была таксама арганізавана ІХ Нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла-2017», прысвечаная 25-годдзю першай беларускай паштовай маркі і 950-годдзю Мінска. Для ўдзелу ў выстаўцы было прыслана 115 калекцый з розных краін: Азербайджана, Арменіі, Германіі, Казахстана, Малдовы, Украіны і іншых.
Начальнік выдавецкага цэнтра «Марка» прадпрыемства «Белпошта» Ірына ШЫПІЛАВА адзначае, што сёлета актыўна заяўлена дзіцячая філатэлія — 21 калекцыя. Ёсць такія, якія складаюцца толькі з картмаксімумаў.

— Унікальнасць нашай выстаўкі пацвярджае секцыя «Ганаровы клас», — дадае Ірына Шыпілава. — Напрыклад, калекцыя «Старыя пісьмы Беларусі» Льва Коласава расказвае аб рабоце пошты на тэрыторыі Беларусі з ХVІІ да пачатку ХХ стагоддзя. Можна даведацца, прынамсі, як з'яўляліся штэмпелі. Ёсць яшчэ дакументы, дзе зафіксавана, што сарціроўка карэспандэнцыі ў той час праходзіла пяць разоў на дзень. А сама пошта выконвала і незвычайныя для ўстановы функцыі, нават банкаўскія.

Для наведнікаў стэнда Белпошты супрацоўнікі прадпрыемства арганізавалі розныя мерапрыемствы: розыгрыш прызоў інтэрнэт-крамы беларускіх тавараў, пазнавальную віктарыну. А ў рамках акцыі, прысвечанай Году навукі і 950-годдзю Мінска, можна было напісаць цёплыя словы ў адрас сваіх блізкіх на стыльных паштоўках і бясплатна адправіць іх у любы куток краіны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіzda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?