Вы тут

Якіх спецыялістаў шукалі на сталічным кірмашы вакансій?


Учора мінчане выстройваліся ў чаргу па работу. У прамым сэнсе — у Палацы культуры чыгуначнікаў, дзе праходзіў гарадскі кірмаш вакансій, было не павярнуцца. Магчымасці працаўладкавання прапаноўвалі больш за 90 прадпрыемстваў. Дзе патрэбны рабочыя рукі, даведалася і «Звязда».


Прадаўцы нарасхват

Традыцыйна вакансіі ёсць у сферы гандлю. Сетка крамаў у Фрунзенскім раёне набірае кухараў (заробак — 300—350 рублёў) і эканамістаў (прапануюць 400 рублёў).

— Я маркетолагам, менеджарам працавала. Агульны стаж — каля чатырох гадоў. Эканамістам возьмеце? — цікавіцца маладая жанчына.

— А вы цэнаўтварэнне ведаеце? Са справаздачамі па затратах, прыбытках працавалі? Не? Тады не падыходзіце, — катэгарычныя ў кадравым аддзеле.

Іншая гандлёвая сетка прымае кандыдатаў у кадравы рэзерв. «Пакуль свабодных месцаў няма. Але кампанія вялікая, вакансіі перыядычна вызваляюцца, — тлумачыць прадстаўніца арганізацыі. — У нас добрыя заробкі. Прадавец атрымлівае ад 620 рублёў «чыстымі», у залежнасці ад разраду».

А вось яшчэ адзін буйны ігрок сеткавага гандлю гатовы браць прадаўцоў і касіраў ужо зараз. Можна без вопыту. «Заработная плата залежыць ад таго, у якой краме працуеш. Чым большая гандлёвая плошча, тым вышэйшы заробак. Касір атрымлівае ў асноўным 500 рублёў. Гэта без прэміі», — запэўніваюць у арганізацыі.

Ледзь не самая вялікая чарга саіскальнікаў сабралася каля стэнда кампаніі, якая гандлюе будматэрыяламі. Там у новы гандлёва-лагістычны комплекс са складам, што ў пасёлку Прывольны (15 кіламетраў ад сталіцы, дастаўка службовым транспартам ад метро), запрашаюць кладаўшчыкоў, грузчыкаў, рабочых па комплексным абслугоўванні будынкаў. Усяго каля 20 вакансій з заробкамі ў 500—550 рублёў.

Галоўнае для вартаўніка — здароўе

Сярод наведвальнікаў кірмашу шмат выпускнікоў.

— Маладыя спецыялісты вам не патрабуюцца? — цікавіцца ў «Мінскводаканала» юнак.

Аляксей разам з аднагрупніцай заканчвае БНТУ, спецыяльнасць — «гідратэхнічныя збудаванні». Кажа, што на факультэт прыйшло мала заявак ад прадпрыемстваў. Ёсць, вядома, прапановы з Любані, Віцебска, але ж хочацца затрымацца ў сталіцы...

Афіцыянтаў, кухонных рабочых, агентаў па забеспячэнні шукае пяцізоркавы гатэль, краўцоў — сетка майстэрняў па рамонце абутку, кіроўцаў катэгорыі «D» ці «D, Е» — аўтобусны парк. Некваліфікаваную працу гатовы прапанаваць Ленінскі аддзел Дэпартамента аховы МУС: ёсць вакансіі вартаўнікоў, ахоўнікаў, кантралёраў на КПП. Месца работы — паліклінікі, адміністрацыя. Галоўнае — добры стан здароўя і ўзрост да 60 гадоў.

Стаць міліцыянерам ці кінолагам запрашае Мінскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы МУС. З пажаданняў да кандыдата — сярэдняя спецыяльная ці вышэйшая адукацыя (неабавязкова профільная, педагагічная і тэхнічная таксама падыдуць), служба ў арміі. Прымаюцца хлопцы да 27 гадоў. «Дзяўчат ужо набралі», — смяюцца ва ўпраўленні.

Шмат саіскальнікаў цікавіліся вакансіямі ў прамысловасці. Праўда, заняць гэтыя месцы не проста. На Мінскім заводзе колавых цягачоў, дзе неабходны фрэзероўшчыкі, шліфоўшчыкі, токары, травільшчыкі (усюды — 5-ы разрад), адзначаюць, што кандыдаты рэдка адпавядаюць умовам. «У нас вельмі вузкая накіраванасць. Патрэбны спецыяльныя веды».

У холдынгу «АМКАДОР» чакаюць працалюбівых і дысцыплінаваных. Умовы добрыя: сярэдні заробак у кампаніі — 900 рублёў, а цякучка кадраў за мінулы год склала ўсяго пяць працэнтаў. Інжынеры-канструктары і інжынеры-тэхнолагі могуць уладкавацца на «Будмаш». Патрабаванне — 1—2-і разрад, заработная плата — 600 рублёў.

Чарга ў санітаркі

Каля стэндаў арганізацый аховы здароўя нешматлюдна. Яно і зразумела: у медыкі без адукацыі не пойдзеш. Цікавімся, што ва ўрачоў з заробкамі. У 34-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклініцы Савецкага раёна тэрапеўтам-участковым, акушэрам-гінеколам, неўролагам гатовы плаціць 500—600 рублёў. Рэнтгеналабарантам абяцаюць каля 400 рублёў, медсёстрам — 500.

Сярод тых, хто запісаўся падчас кірмашу на работу ва ўстановы аховы здароўя Кастрычніцкага раёна, у асноўным санітаркі і санітаркі-буфетчыцы. На заробак у 300 рублёў згодныя ісці пенсіянеркі.

— Я дома пасядзела паўгода, больш не магу! — дзеліцца адна з пажылых жанчын. — Раней у гандлі працавала. А цяпер хоць куды гатова ісці — санітаркай, на дзяжурствы. Сумна без справы.

Упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна шукае ў асноўным выхавацеляў у дзіцячыя садкі. «Заробак — 300—400 рублёў. Гэта калі толькі пасля ўніверсітэта чалавек прыходзіць. А калі спецыяліст са стажам, катэгорыяй, то будзе атрымліваць рублёў 500». Некалькі вакансій рабочых, якія таксама прапаноўвала ўпраўленне, разабралі ўжо праз гадзіну адкрыцця кірмашу. Запісваліся і кандыдаты ў вартаўнікі — праўда, месцаў для іх няма.

На беспрацоўнага — 1,5 вакансіі

Цяпер у сталіцы налічваецца каля дзевяці тысяч вакансій. Амаль палова (46%) — для рабочых. Па інфармацыі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, асноўны попыт фарміруюць арганізацыі будаўніцтва (23%), аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг (20%), гандлю (9,6%), прамысловасці (9%), адукацыі (7,5%).

У сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыпадае 1,5 вакансіі (год таму — 0,8). Але па-ранейшаму захоўваецца дысбаланс попыту і прапановы. Наймальнікам больш за ўсё неабходны рабочыя прафесіі: прадаўцы, кухары, муляры, мантажнікі, арматуршчыкі, цесляры-бетоншчыкі, швачкі. Са спецыялістаў самыя запатрабаваныя — медсёстры, урачы, фельчары, выхавацелі, праграмісты. А вось сярод саіскальнікаў канкурэнцыя назіраецца на вакансіі прыбіральшчыкаў, грузчыкаў, падсобных рабочых, вартаўнікоў і дворнікаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Патрабуюцца працавітыя, адказныя і кваліфікаваныя

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».