Вы тут

Чаму мінчане не хочуць адмаўляцца ад несанкцыянаванага гандлю?


У вялікіх гарадах станцыі метро, асабліва цэнтральныя або канцавыя, з'яўляюцца засяроджаннем усяго жыццёвага «руху»: арэндадаўцы абавязкова ўказваюць адлегласць да найбліжэйшага прыпынку падземкі, жыхары далёкіх спальных раёнаў мараць пра тое, каб гэты від транспарту хутчэй дабраўся і да іх, а буйныя супермаркеты змагаюцца за права размясціцца побач. Аднак усе яны — не адзіныя, хто спрабуе выбіць сабе «месца пад сонцам» паблізу ўваходу ў метро. У справу ўступаюць і дробныя «прадпрымальнікі» — стыхійныя гандляры.


«А можна памацаць?»

«Каменная Горка» — адна з самых загружаных станцый метро ў Мінску, а значыць, і найбольш прыцягальных у вачах вулічных гандляроў. Да таго ж, не ў цэнтры, а значыць, і кантроль тут не такі жорсткі. Гэта вам не на «Кастрычніцкай» кроп з пятрушкай раскласці. «Дзякуючы» гэтаму пляцоўка каля выхаду з метро паступова ператварылася ў сапраўдны міні-рынак, у якім нават намецілася некалькі гандлёвых радоў.

«Прывабныя прапановы» пачынаюць «сыпацца» на пасажыраў яшчэ ў пераходзе. «Плед, цёплы, усяго 15 рублёў. Апошні застаўся», — натрэніраваным вокам прадаўшчыца выглядвае ў натоўпе тыпаж сваёй патэнцыйнай пакупніцы. Выглядвае і трапляе «ў дзясятачку»: побач з ёй спыняецца стомленая жанчына гадоў 55. «А ён вялікі? Можна памацаць?» Не праходзіць і дзвюх хвілін, як здзелка завершана. Пасля чаго адна з іх ужо значна больш бадзёрым крокам накіроўваецца на аўтобусны прыпынак, другая таксама сыходзіць, але толькі для таго, каб папоўніць запасы «апошніх» пледаў, абрусаў і камплектаў пасцельнай бялізны.

Непадалёк прымасцілася знаёмая шматлікім мясцовым жыхарам бабуля, якая ў любую пару года прапануе адзін і той жа тавар — набор пакетаў. Цяжка ўявіць сітуацыю, калі камусьці ў пераходзе метро ён можа тэрмінова спатрэбіцца, хутчэй, купляюць іх у яе з-за расчуленасці, якую выклікае яе незвычайна безабаронны і кранальны знешні выгляд. Я, вядома ж, раблю гэтую зусім непатрэбную мне пакупку і спрабую разгаварыць сціплую прадаўшчыцу. «Вам не цяжка так працаваць?» — «Не, усё добра, дзетачка». На ўсе далейшыя распыты пажылая жанчына выдае толькі гэтую фразу. І самае дзіўнае, што ў яе словах чуецца ўпэўненасць. Хіба, а як інакш вытрымліваць гэта штодзённае «дзяжурства»?

«Купіце кветкі каханай!»

На лесвіцы размясціўся філіял кветкавага рынку. Калі яшчэ год таму тут прадавалі толькі ўласнаручна сабраныя і складзеныя ў стракатыя букеты лясныя або садовыя кветкі, то цяпер бессаромна гандлююць «шыкоўнымі» ў параўнанні з імі парніковымі ружамі. На гэтым участку «паляванне» аб'яўляюць на адзінокіх маладых хлопцаў ці тых, хто ўжо знаходзіцца ў пары, што нярэдка, калі яны робяць выгляд, нібыта не чуюць заклікаў «купіць каханай кветкі», прымушае іх густа чырванець.

«Вясна. Напэўна, шмат закаханых?» — прыглядаючыся да рознакаляровых букецікаў, пытаюся я ў бойкай жанчыны з яркай, пад колер кветак, памадай. «А то. Ёсць тыя, у каго вочы проста свецяцца, яны самі падбягаюць. А іншых і падштурхнуць, паклікаць трэба». — «Няўжо вам тут зручна стаяць?» — «Ды з кветкамі толькі тут і можна! Цяпер не тыя часы, каб мужчыны без нагоды адпраўляліся ў салон. А так яны з работы дадому едуць, думаюць, эх, мяне там супчык гарачы чакае... А тут мы, з кветкамі, і ў іх адразу думка: трэба ж і жонку парадаваць. І самае галоўнае — гэта нядорага. Я ж добрую справу раблю!» Трохі паразважаўшы аб сучасным тыпе рамантычных учынкаў, нарэшце выходжу «на свет»... Здаецца, асартымент нават самых вялікіх супермаркетаў «адпачывае» ў параўнанні з імправізаваным рынкам. Арганічная, як цяпер модна казаць, прадукцыя з уласных агародаў — пакуль толькі зеляніна і зрэдку радыска, астатняе — у закатках, «заморскія» прысмакі, напрыклад, паспелыя ўжо да пачатку красавіка гіганцкія трускалкі, быццам бы, наўпрост з Грэцыі, нямецкі шакалад, нераспрададзеныя да Вялікадня шакаладныя яйкі, цяпер — нібы на зніжках, танная сінтэтычная вопратка, а побач — цёплыя вязаныя шкарпэткі і нават дзіцячыя кніжкі. Перад Радаўніцай «у топе» штучныя кветкі.

«Гэта, як гаворыцца, не для прэсы»

Для няўзброенага вока можа быць непрыкметна, але прастора арганізавана па складанай лагістычнай сістэме. Прадаўцы з найбольшай разнастайнасцю тавараў, асабліва ядомых, якія не пакідаеш у сумкі за пару секундаў, размяшчаюцца ў аддаленні ад выхаду з метро. Гандляры штучнымі кветкамі хаваюцца за прыпынкам, а самыя «смелыя» з іх — нават займаюць запаветную лавачку. Каля выхаду з падземкі гуртуюцца бабулі. У перыяд найбольшай небяспекі — калі правяраць «рынак» прыходзяць супрацоўнікі міліцыі — уся гэтая разрозненая група людзей дзейнічае як адзіны арганізм. Дастаткова аднаго слова «ідзе», каб прадаўцы, хутчэй, чым пажарныя апранаюць свой касцюм, сабралі тавары і паспрабавалі растварыцца ў натоўпе. Частка хаваецца ў свае машыны, прыпаркаваныя непадалёк, частка «ператвараецца» ў пасажыраў з вялікімі сумкамі, якія з нецярпеннем чакаюць свайго транспарту, а частка проста адыходзіць на некалькі сотняў метраў. Бабулі ў гэтым выпадку выконваюць функцыю «загараджальнага кардона»: нягледзячы на тое, што ўвесь падобны гандаль з'яўляецца незаконным, да іх з-за ўзросту менш за ўсё прэтэнзій.

Дарэчы, інфармацыя пра тое, што на стыхійных рынках зарабляюць сабе капейчыну выключна пажылыя людзі, далёкая ад рэчаіснасці. Шмат тут і «закаранелых» прадаўцоў, якія вылучаюцца асаблівымі звычкамі, для многіх з іх — гэта галоўная і, здаецца, нядрэнная крыніца заробку.

— Ды мне калі б нават золатам абабіты прылавак за бясплатна прапанавалі, але ў іншым месцы, я нікуды б не сышоў. Тут за тры гадзіны, калі людзі з работы вяртаюцца, я магу зарабіць ледзь не столькі ж, колькі на ўсякіх мясцовых рынках за тыдзень. Гэта, як гаворыцца, не для прэсы, але як гандлюю я зараз, так і буду працягваць, пакуль гэта будзе выгадна, колькі б мяне ні ганялі. Жыць неяк жа трэба», — нервуецца неверагодна худы мужчына з ужо загарэлым на сонцы тварам. Ён зрабіў стаўку на самы хадавы тавар — агуркі, памідоры, перац.

«Зарабляю ўнукам на пернікі»

Зразумець, што прымушае стаяць тут працаздольных людзей, якія купляюць прадукты на буйных рынках або оптам прывозяць з суседніх краін, лёгка: навошта плаціць падаткі, калі я і так «дастаткова хітры»? Але ж пенсіянеры могуць бясплатна гандляваць на рынках сталіцы. З такім пытаннем і звяртаюся да адной з найбольш мілых бабуль, якая зарабляе выключна зелянінай.

— Тут шмат маіх сябровак, у нас дачы ў адным раёне. Гэта табе не цэнтр, значна бліжэй з дачы ехаць. А на Камароўцы, калі за месца плаціць не трэба, то за экспертызу кожны дзень — выкладай кругленькую суму. Мне тоны трэба прадаваць, каб столькі зарабіць. А я ж паціху — унукам на пернікі, ды з дзяўчатамі пагаварыць люблю.

Нягледзячы на ўсю «зручнасць» падобных гандлёвых утварэнняў, для гарадскіх уладаў — гэта па-сапраўднаму балючае пытанне. Даволі буйны «рынак» каля станцыі метро «Каменная Горка» планавалі перанесці ўглыб спальных раёнаў, аднак ні адна з разгледжаных пляцовак не падышла па тэхнічным рэгламенце, ды і прадаўцоў такое выйсце не задавальняла. Многія нават на пару метраў ад дарогі адысці не хочуць — «пакупніка трэба браць гарачанькім». З абсталяваннем гандлёвых радоў тут жа, каля метро, таксама ўзнікаюць пытанні. Адміністрацыя Фрунзенскага раёна выхад з сітуацыі пакуль не знайшла, але над рашэннем праблемы працуе.

А тым часам пакуль я спрабую завязаць размову з рознымі тыпамі прадаўцоў, жыхары навакольных мікрараёнаў, перыядычна гучна абмяркоўваючы нязручнасць расстаўленых на дарозе скрынь, маўляў, «не прайсці», працягваюць карыстацца паслугамі гэтага «сэрвісу». Попыт нараджае прапанову. Ці наадварот? Зрэшты, якая розніца?

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Не адыходзячы ад касы, дакладней — ад метро

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.