Вы тут

ДФР прапануе дэкрыміналізацыю асобных эканамічных злачынстваў


У сённяшняй няпростай фінансавай сітуацыі кіраўнікі прадпрыемстваў і прадпрымальнікі часам вымушаны ісці на пэўную эканамічную рызыку. А памылкі тут каштуюць дорага — можна стаць фігурантам крымінальнай справы. Таму кіраўніцтва краіны цяпер ставіць задачу пераарыентаваць кантрольныя і наглядныя органы на папярэджанне парушэнняў, а таксама знізіць фінансавыя санкцыі за нязначныя памылкі. Менавіта для разняволення дзелавой ініцыятывы Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю прапануе дэкрыміналізацыю асобных злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, паведаміў учора ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік дырэктара ДФР Віктар Франскевіч.


Дэпартаментам прааналізаваны пытанні магчымай аптымізацыі крымінальнай адказнасці за эканамічныя злачынствы, а прапановы накіраваны для ўключэння ў законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь». Асноўнай прычынай прапанаванай дэкрыміналізацыі асобных эканамічных злачынстваў стала развіццё і змяненне грамадскіх адносін у гэтай сферы, а некаторыя ўчынкі страцілі сваю грамадскую небяспеку і могуць быць пераведзены ў разрад адміністрацыйных парушэнняў, калі за іх здзяйсненне вінаватыя асобы не будуць несці крымінальную адказнасць, лічаць у дэпартаменце.

Напрыклад, ДФР лічыць мэтазгоднай дэкрыміналізацыю ўчынкаў, якія прадугледжаны часткай 1 артыкула 237 (выманьванне крэдыту або субсідыі) Крымінальнага кодэкса (КК). Аналіз выяўленых органамі фінансавых расследаванняў злачынстваў па гэтым артыкуле паказвае, што часцяком такія крымінальныя справы ўзбуджаюцца ў дачыненні да кіраўнікоў прадпрыемстваў па фактах атрымання крэдытаў на вытворчыя патрэбы (выплату заработнай платы, папаўненне абаротных сродкаў, закупку сыравіны і матэрыялаў і інш.). Пры гэтым у пераважнай большасці выпадкаў суб'екты гаспадарання добраахвотна і своечасова вяртаюць прадастаўленыя банкамі па падробленых дакументах крэдытныя сродкі альбо такія крэдыты не былі атрыманы ўвогуле. Таму спецыялісты дэпартамента перакананы, што крымінальная адказнасць з'яўляецца крайняй мерай барацьбы з найбольш небяспечнымі формамі парушэнняў, а ў гэтым выпадку будзе дастаткова адміністрацыйнага пакарання.

Віктар Франскевіч паведаміў, што іх структура прапануе выключыць з КК артыкул 242 (ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці). Рэалізацыя гэтага новаўвядзення не прывядзе да ўшчамлення эканамічных інтарэсаў прадпрыемстваў, паколькі паўплываць на асоб, якія ўхіляюцца ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці па судовай пастанове, можна праз больш актыўнае прымяненне на практыцы артыкула 11.18 (ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП). Надалей бездакорна павінны дзейнічаць ужо органы прымусовага выканання, упэўнены ў дэпартаменце.

Яшчэ ў ДФР лічаць магчымым дэкрыміналізаваць дзеянні, якія прадугледжаны артыкулам 224 (парушэнне парадку адкрыцця рахункаў за межамі Беларусі) і артыкулам 261 заўв. 1 (выраб, збыт або выкарыстанне падробленых акцызных марак Беларусі). Акрамя таго, у дэпартаменце прапануюць адмовіцца ад крымінальнай адказнасці па злачынствах, прадугледжаных артыкулам 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Тут дэкрыміналізуецца забароненая прадпрымальніцкая дзейнасць, прадпрымальніцкая дзейнасць без ліцэнзіі і прадпрымальніцкая дзейнасць без рэгістрацыі.

Віктар Франскевіч адзначыў, што цяпер у агульнай колькасці крымінальных злачынстваў на долю эканамічных прыходзіцца не больш за 7%. Пасля дэкрыміналізацыі асобных эканамічных злачынстваў, калі прапановы ДФР будуць падтрыманы і знойдуць адлюстраванне ў заканадаўстве, удзельная вага іх стане яшчэ меншай.

Начальнік аддзела прававога забеспячэння, інфармацыі і работы са зваротамі грамадзян Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Мікалай Іванькоў адзначыў, што рэалізацыя прапаноў ДФР (у выпадку іх адабрэння) залежыць ад тэмпаў праходжання праекта нарматыўнага прававога акта. Не выключана, што адпаведны законапраект будзе разгледжаны на вясенняй сесіі парламента. А рэальна запрацаваць гэтыя новаўвядзенні могуць ужо летам наступнага года, паведаміў карэспандэнту «Звязды» начальнік аддзела.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Памылкі выправяць і дэкрыміналізуюць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.