Вы тут

Патэнцыяльны дробны злодзей сядзіць амаль у кожным?


Жыў у горадзе Магілёве прыстойны законапаслухмяны чалавек. Ніколі не прыцягваўся да адказнасці, хіба да адміністрацыйнай — штраф за перавышэнне хуткасці або за няправільную стаянку плаціў. Працаваў таксістам, на жыццё асабліва не скардзіўся. І ўсё б у яго добра было і сёння, калі б не сеў да яго ў машыну разгублены кліент. Настолькі разгублены, што пакінуў у таксі пластыкавую картку з напісаным на ёй пін-кодам.


Канешне, таксіст мог паведаміць аб знаходцы ў банкаўскую службу па тэлефонах, якія на картцы выбітыя, збыць з рук чужую рэч і спакойна, ды яшчэ і з пачуццём выкананага маральнага абавязку жыць сабе далей. Але ж, пагадзіцеся, якая спакуса: картка з грашыма і з пін-кодам! А чалавек супраць спакусы, у якой галоўнае або грошы, або задавальненне, — істота вельмі слабая. Карацей, наш герой тую картку панёс не ў банк вяртаць, а ў банкамат. Пасля яшчэ ў адзін, і яшчэ. Зняў чужых грошай тры з паловай тысячы долараў і тысячу беларускіх рублёў. Ператварыўся ўмомант з законапаслухмянага грамадзяніна ў злодзея.

Бо яго хутка вылічылі — цяпер у міліцыі ёсць свае спецыялісты па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Цяпер дзеянні небаракі, які паддаўся спакусе, кваліфікуюцца як крадзеж у буйным памеры з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі і цягнуць за сабой тэрмін зняволення ад трох да дзесяці гадоў. Праўда, злодзей паняволі грошы ў поўным памеры вярнуў і раскаяўся ў здзейсненым. Цалкам магчыма, да крымінальнай адказнасці не дойдзе. Але перад уласным сумленнем гэты трыццацічатырохгадовы чалавек наўрад ці будзе адчуваць сябе невінаватым.

Зрэшты, хай першы кіне камень той... І тут я не кажу пра ўчынкі аж да крымінальнай адказнасці — проста пра непрыгожыя ўчынкі. Спакуса сцягнуць тое, што дрэнна ляжыць, або тое, што агульнае, а значыць, нічыйнае — з тых, што на ўсё жыццё, што не залежыць ад узросту і выхавання. Вельмі добра памятаю сваю суседку па пакоі ў студэнцкім інтэрнаце, дачку прарэктара адной з рэгіянальных ВНУ. Яна з такой віртуознай выкшталцонасцю цягала булачкі з вітрыны хлебнага аддзела ў краме, што можна было залюбавацца. І ні разу не папалася! (Можа таму, што ніхто не мог западозрыць у дробным крадзяжы добра апранутую інтэлігентнага выгляду дзяўчыну.)

Амаль у кожнай вёсцы ёсць свой дробны злодзей ці сваяк дробнага злодзея (нярэдка не ў адзінкавым экзэмпляры). Паспрабуй забыцца на вуліцы каля плота граблі ці новы венік — праз паўгадзіны не знойдзеш (калі, канешне, не дадумаешся на гэтым рыштунку што-небудзь напісаць ці выразаць: на адметнае ніхто не паквапіцца). Павесь на плоце цэлы гаршчок — яго чакае той жа лёс (дзіравы не возьмуць). Варыянтаў увогуле шмат: у некага хата свеціцца сярод больш сціплых чырвоным колерам адцення «вырві вока» — гэта гаспадарам сваяк з аўтапрадпрыемства, дзе рамантуюць пажарныя машыны, вядро «бясплатнай» фарбы падагнаў. У некага ў плоце не штыкеты, а кавалкі напалову распілаваных удоўж пластыкавых труб — гаспадар гэтыя трубы на працы з аб'екта на аб'ект перавозіў, «пазычыў» некалькі.

У кагосьці на ўчастку стаяць, на зайздрасць суседзям, вялікія прамысловыя бочкі, у якія вельмі добра збіраць і награваць ваду для паліву, таксама яўна не купленыя, а недзе «прыхопленыя». (Пра падобныя бочкі асобная размова: некалькі гадоў таму іх паставілі ў нас каля могілак, каб было зручна збіраць і вывозіць смецце. Бочкі і тыдня не прастаялі, хоць у іх спецыяльна папрабівалі дзіркі. Але ж у іх можна не толькі ваду збіраць, але і ссыпаць што-небудзь, напрыклад, збожжа, ці камбікорм...)

Прычым, што характэрна, заганным, а ўжо тым больш правапарушэннем ці злачынствам, у агульнай свядомасці гэта не лічыцца. Хутчэй у гэтай самай свядомасці людзі дзеляцца на тых, хто ўмее круціцца і на недарэк, якія разважаюць пра сумленне і нейкія іншыя высокія матэрыі (калі вы такія сумленныя, чаму ж вы такія бедныя?)...

Мы аднойчы вырашылі з недарэк у людзей удалых і спрытных «перакваліфікавацца». Дзялянкі буракоў, якія палолі і выбіралі для саўгаса за пэўныя «працэнты» гэтых самых буракоў, знаходзіліся якраз за вялізным полем саўгаснай капусты. Тую капусту, якая добра ўрадзіла, цягала па галоўцы — па дзве ўся вёска. («Вунь яе колькі, ад таго, што я вазьму пару галовак, саўгас не збяднее».) Мы з мамай і бабуляй трымаліся да апошняга. Але сваёй капусты ў той год у нас не было, а спакуса... самі ведаеце... Карацей, ідучы аднойчы ўвечары з буракоў, мы прыхапілі па дзве галоўкі. І раптам — проста да нас — брыгадзір на кані і дырэктар саўгаса на «ўазіку». А мы — у чыстым полі, дзе ні куста, ні лагчынкі. І не ведаеш, ці то бегчы (куды?), ці то кідаць тую няшчасную капусту... Такога сораму, як перажыла тады, у сёмым класе, я не адчувала больш ніколі за ўсё астатняе жыццё...

У вялікіх крамах магнітныя прыстасаванні, якія не дадуць вынесці неаплачаны тавар далей за касу, раней мацавалі толькі на дарагі алкаголь або брэндавыя рэчы. Цяпер лепяць на ўсё, што можна схаваць і пранесці, — ад ніжняй бялізны да вэнджанай каўбасы, тлумачачы гэта проста: крадуць. Крызіс, скажаце, народ галодны?.. У сталовай, куды штодня хаджу абедаць, вісіць просьба-зварот: «Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, не зносьце сталовыя прыборы з сабой. Яны вельмі патрэбныя нам для далейшай работы!» Зносіць, калі шчыра, там асабліва няма чаго: відэльцы алюмініевыя, самыя танныя, а ручкі стальных лыжак папрабіваныя наскрозь нейкім адмысловым дзіркаколам. «Што, усё роўна нясуць?»— спыталася ў дзяўчат са сталовай, калі з'явілася такая арыгінальная аб'ява. «Яшчэ як! Можа, хоць хто пачытае, ды сорамна стане...»

... Калі не можам утрымацца ад спакусы сперці алюмініевы і пагнуты відэлец, хто асудзіць таго хлопца, што зняў грошы з забытай у яго машыне чужой карткі?

Гадоў дваццаць назад хтосьці з нашых чытачоў прыслаў на конкурс прыпеўку, для тых неўладкаваных часоў вельмі актуальную: «Цягне, хто адкуль прывык, // ці то дошку, ці то цвік. // І занятак трывіяльны // Свербам стаў нацыянальным»...

Дыягназ пацвердзіўся?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сверб ручны звычайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».