Вы тут

Ці такія прывабныя зніжкі, як іх малююць?


Ну любіць мая жонка набываць усякія тавары амаль на дармаўшчыну. Не, не зусім бясплатна, але каб было так танна, як нідзе. Яна нават цалкам перакананая, што наш сямейны бюджэт яшчэ пакуль і трымаецца дзякуючы яе геніяльным здольнасцям у пошуках якасных і недарагіх прадуктаў і прыроднай беражлівасці. Магчыма, што ў параўнанні са мной (ці з любым іншым мужыком) яна і сапраўды ў цэнах разбіраецца лепш, але ў пагоні за гэтай самай «халявай» можна трапіць у спажывецкую пастку, калі спыніцца набываць абавязкова таннае ўжо вельмі складана. Днямі мы вырашылі прааналізаваць, а што насамрэч нам прапануюць гэтыя самыя шматлікія акцыі гандлёвых сетак з іх зніжкамі і іншымі неймавернымі прапановамі...


Вялікі бонус таннасць не гарантуе

Калі праглядаеш маляўнічыя рэкламныя буклеты вялікіх гандлёвых крам, то часам заўважаеш, што зніжкі там на пэўныя тавары дасягаюць 20—30%. Адразу здаецца, што трэба браць, але ўсё не заўсёды так проста. Часцяком крамы першапачаткова вызначаюць цану прапанаванага тавара прыкладна на 25% даражэй, чым у іншых бюджэтных крамах
па суседстве. Потым прадукт трапляе пад зніжку па акцыі, і вуаля — крама дае нам значна патаннелы прадукт, але на самай справе добра, калі цана яго будзе недзе на 5% ніжэйшай, чым у іншых. Бывае, што нават і даражэйшай. Уся справа ў тым, якім тут лічыцца стартавы кошт.

Таму я б раіў нашым людзям звяртаць увагу не на памер зніжкі, а на саму цану тавара.

Знайсці цану за кілаграм і літр

Спачатку раскажу пра тое, як аднаму чыноўніку маленькі кавалачак пірага не прадалі. А гісторыю гэту расказаў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч, выступаючы перад студэнтамі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, гаворачы будучым спецыялістам аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці свайго міністэрства...

Зазірнуў днямі першы намеснік міністра ў адну мінскую кавярню гарбаты папіць і з'есці чаго-небудзь. Папрасіў адрэзаць невялікі кавалачак пірага. А яму прапанавалі купіць чвэрць, вагой 250 грамаў. Як так, падумаў работнік гандлю, у краме кліенту адрэжуць такі кавалачак каўбасы, які ён захоча, а тут гэты алгарытм ужо не працуе? А работнік кавярні паведаміў упартаму спажыўцу, што такі існуе парадак ва ўсіх падобных установах горада, ёсць нават пэўная інструкцыя. А супраць яе і адказаць няма чаго. Таму Артур Карповіч пасля гарбаты вярнуўся ў міністэрства і даў заданне сваім падначаленым разабрацца ў гэтай сітуацыі так, каб нам з вамі любы кавалак пірага «ў рот залез».

Я тут пра што? У гандлі сёння назіраецца шмат станоўчых перамен, але ёсць і хібы, з якімі можна змагацца. Напрыклад, пытанне ў мяне з расфасоўкай тавараў менавіта вытворцам. Раней крупы былі ў пакеціках па кілаграме, а цяпер усё больш па 800 грамаў, а часам і ўвогуле 700. Тое ж самае назіраецца з алеем, дзе тара з літра ў асобных вытворцаў паменшылася да 850 мілілітраў, а днямі я бачыў бутылёк гэтага прадукту ёмістасцю 680 мілілітраў. Самае цікавае, што такая бутэлька алею візуальна амаль не адрозніваецца ад стандартнай у цэлы літр. Можа, толькі крыху «худзейшая». І каштуе такі алей, зразумела, танней, але магазіны часцяком выстаўляюць такі тавар «па акцыі». А на самай справе, у пераліку на літр, падобны алей танным не з'яўляецца. Нешта падобнае сёння назіраецца з фокусамі фасоўкі ў нестандартную тару сокаў, мінеральнай вады, квасу і нават малака і кефіру. Тара і сапраўды можа быць рознай, каб задаволіць усіх спажыўцоў, але кліент павінен ведаць, па якім рэальным кошце (за стандартную адзінку) яму прапануюць гэты тавар.

Каб не разгубіцца ў падобнай разнастайнасці фасоўкі, мая жонка, напрыклад, бярэ з сабою ў магазіны калькулятар. Або яшчэ дома па рэкламных паперках падлічвае сапраўдную цану прадуктаў у кілаграмах і літрах. Згадзіцеся, што далёка не ўсе гаспадыні будуць гэтым займацца. Адзначу, што галіновае міністэрства сёлета збіраецца навесці пэўны парадак і па гэтым пытанні. Яно ўжо сёння рэкамендуе на цэнніках падаваць кошт тавару за кілаграм і літр. Пакуль толькі рэкамендуе.

Пра тэрмін прыдатнасці і склад прадукту

Існуе ў многіх гандлёвых сетак сёння яшчэ і такая акцыя, як продаж адразу некалькіх адзінак тавараў, калі адзін з іх вам прапануецца бясплатна. Сама прапанова сапраўды цікавая, але і тут існуюць пэўныя нюансы. Звычайна цана аднаго прадукта ў такой акцыі максімальная, а калі скласці з бясплатным, а потым падзяліць на агульную колькасць тавараў, то сярэдняя цана адзінкі будзе і сапраўды таннейшай. Гэта апрыёры павінна быць танней, што на практыцы яшчэ далёка не факт. Магчыма, гэта так, тады ўзнікае другое пытанне наконт таго, ці сапраўды вам трэба мець прадукт у такой колькасці? Згадзіцеся, што не заўсёды.

На падобную рэпліку мая жонка адказвае, што стратэгічны запас нам не перашкодзіць, бо сям'я вялікая. Магчыма, гэта так, але... Набыла яна па такой акцыі дзве вялікія бутэлькі кетчупу. Першапачаткова тэрмін прыдатнасці такога тавару складае недзе шэсць месяцаў. Дык вось, кетчуп па акцыі быў сапраўды смачным, але не зусім свежым, бо тэрмін яго прыдатнасці канчаўся ўжо праз 20 дзён. За гэты тэрмін адну бутэльку мы абавязкава з'ядзім, а вось другая, бясплатная, «пойдзе», мабыць, у сметнік. Ну, і навошта нам такая «цудоўная» акцыя?

Яшчэ адной нагодай для нашых спрэчак сталі катлеты, якія жонка прыгатавала з магазіннага фаршу. А нашы дзеткі іх забракавалі. Чаму? Фарш быў набыты ў краме па акцыі і называўся «Свіны-люкс». Калі потым я ўважліва пачытаў склад гэтага паўфабрыкату, то ўбачыў, што там не толькі свіное мяса, цыбуля і морква, але і курыная скура. Сюрпрыз нам атрымаўся яшчэ той, бо малыя гэтую скуру есці не будуць ні пад якім «соусам». Потым я спецыяльна пахадзіў па крамах і даведаўся, што ў свіныя ці дамашнія фаршы з паметкай «Супер», «Экстра», «Люкс» і г. д. магазінныя кухары могуць пакласці любыя харчовыя дабаўкі. Дакладная рэцэптура падобных паўфабрыкатаў нам не вядомая. Вось вам і акцыя з двайным дном атрымалася.

Рыба з вадой

Мы ўжо пісалі пра філе рыбы, якое прадаецца ў воднай глазуры. Гэтая вада ацэньваецца звычайна ў працэнтах да ўсёй масы прадукту. Бывае ад 5 да 40% і нават да 50. Тут усё зразумела. Бярэш і вывучаеш этыкетку, а потым выбіраеш філе з прымальнай для цябе доляй вады. Аднак цяпер у асобных гандлёвых сетках, якія прадаюць рыбу, ваду могуць нам прадаць не толькі разам з філе.

Гэта таксама нейкі «фінт» з акцыямі. Сабраўся я днямі купіць скумбрыю, а па акцыі яна значна таннейшая. У пакеціку цудоўныя вялікія рыбіны, але яны былі на дзіва роўнымі і гладкімі. Ужо дома мы заўважылі, што кожная рыбіна пакрыта тоненькім пластом лёду. Пасля размарозкі вады нацякло не шмат, але яна сапраўды была. У мяне асабіста склалася ўражанне, што ў цэху замарозкі гэтую рыбу спецыяльна апырсквалі. Калі гэта так, то пасля падобнай аперацыі рыба стала важыць больш, а таму і па акцыі яе можна прадаваць танней.

Алкаголь у інтэрнэт не пойдзе

Агрэсіўная рэклама алкагольных напояў у крамах у нас забаронена. Не існуе і акцый па гэтых таварах, але кропка тут яшчэ не пастаўлена. У буйных гандлёвых аб'ектах асобныя віды гарэлкі, віна і піва з мінімальнымі коштамі выстаўляюцца на зале менавіта ў самых «рыбных» месцах. Мне здаецца, што і тут існуюць пэўныя прыкметы выкарыстання спецыяльных умоў, якія падштурхоўваюць спажыўцоў купляць гэтыя напоі. Спадзяюся, што адпаведныя структуры звернуць і на гэта ўвагу.

Сёння больш цікавіць іншае пытанне. Асобныя гандлёвыя сеткі пачалі даволі актыўна лабіраваць магчымасць продажу алкаголю праз глабальнае сеціва. Каментарый па гэтай тэме нам даў Артур Карповіч. Па яго словах, рэалізацыю алкаголю праз інтэрнэт у міністэрстве лічаць не найлепшай схемай продажу такога прадукту. У гандляроў можа ўзнікнуць шмат спакус. «У нас і так часам алкаголь прадаецца па падобнай схеме нелегальна. Мы адсочваем сітуацыю, робім кантрольныя закупкі, пасля чаго сігналізуем у праваахоўныя органы, — сказаў Артур Карповіч. — Калі дазволіць рабіць гэта легальна, то можа хлынуць паток фальсіфікаванай гарэлкі з Расіі. Заўважу, што ў гэтай краіне, паводле афіцыйнай статыстыкі, у гандлі знаходзіцца каля 50% падробленай гарэлкі. І з гэтым яны нічога не могуць зрабіць. Таму меркаваннне нашага міністэрства адназначнае — цяпер наша грамадства пакуль не гатовае для рэалізацыі алкаголю і тытуню праз інтэрнэт».

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Акцыі з двайным дном

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.