Вы тут

Супрацоўніцтва з Ніжагародскай вобласцю Прэзідэнт назваў узорным


Гэтымі днямі з візітам у нашай краіне знаходзіцца дэлегацыя Ніжагародскай вобласці на чале з губернатарам Валерыем Шанцавым. Мэта — вызначыць новыя задачы ва ўзаемадзеянні. З Ніжагародскай вобласцю Беларусь сумесна рэалізуе пяцігадовую Праграму развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. І шчыльныя кантакты даюць станоўчыя рэзультаты. Па выніках няпростага ў эканамічным плане 2016 года таваразварот з гэтым расійскім рэгіёнам вырас на 7,3% і склаў, як падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з гасцямі з Ніжагародчыны, больш чым паўмільярда долараў.


Прызнаны вопыт

— Улічваючы той патэнцыял, які маецца ў бакоў, лічу, што ёсць усе перадумовы для нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю да ўзроўню 2012 года. У нас ужо тады было 800 мільёнаў долараў, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Для вытворчай кааперацыі створана салідная база. На тэрыторыі Ніжагародскай вобласці налажана зборка беларускіх ліфтаў, адкрыты гандлёвы дом «Белшыны», працуюць дылеры такіх буйных прадпрыемстваў машынабудавання, як «Гомсельмаш», МТЗ, МАЗ і «Амкадор». У сваю чаргу, Беларусь актыўна закупае ў расійскім рэгіёне металапрадукцыю, грузавыя аўтамабілі, тавары хімічнай прамысловасці.

— Мяркую, што той вопыт, які набываюць нашы арганізацыі ў супрацоўніцтве з ніжагародскай кампаніяй «Атамстройэкспарт» пры будаўніцтве Беларускай АЭС, можа быць запатрабаваны пры здзяйсненні іншых энергетычных праектаў, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, гаворачы пра супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам у сферы энергетыкі. Па яго словах, для нас вельмі важна, каб у гэты працэс актыўна ўключалі беларусаў:

— І там працуюць вельмі многія нашы кампаніі, і дагэтуль ніхто не атрымліваў заўваг наконт свайго прафесіяналізму. Гэта значыць, што мы можам будаваць атамныя станцыі па ўсім свеце, і мы будзем там запатрабаваны, таму што, чаго граху таіць, у многіх краінах сёння дэфіцыт рабочай сілы. Наша перавага ў тым, што мы захавалі прафтэхадукацыю, цалкам захавалі, павялічылі і ўзмацнілі базу.

Па словах Прэзідэнта, да нас ужо звяртаюцца іншыя дзяржавы, асабліва постсавецкай прасторы, каб мы дапамаглі падрыхтаваць ім рабочыя кадры.

— А некаторыя — я вось быў нядаўна ў Туркменістане — папрасілі ў іх стварыць сістэму прафтэхадукацыі, аднавіць прафесійна-тэхнічную адукацыю...
Мы рады, што нашы рабочыя спецыялісты запатрабаваныя. Мы навучыліся многаму і гатовы ўдзельнічаць у любой кропцы свету, разам з расіянамі будаваць падобныя і іншыя аб'екты.

Аўтобусы і сельская гаспадарка

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь падтрымлівае імкненне Ніжагародскага рэгіёна нарошчваць магутнасці аграрнай галіны.

— Мы, як і раней, гатовы аказаць дапамогу ў мадэрнізацыі жывёлагадоўчых комплексаў, пастаўках сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў, — дадаў Аляксандр Лукашэнка, — гатовы выконваць работы пад ключ, калі гэта будзе неабходна.

Па словах Прэзідэнта, ёсць добрыя перспектывы ў сферы транспарту. Беларускі бок можа падключыцца да абнаўлення ніжагародскага парку пасажырскай тэхнікі — з прапановай сучасных гарадскіх аўтобусаў і тралейбусаў розных мадыфікацый.

— Цесныя сувязі ў нас склаліся ў адукацыі, навуцы, культуры, медыцыне, спорце, турызме. Спадзяюся, што з боку кіраўніцтва Ніжагародскай вобласці ўсім ініцыятывам будзе аказана адпаведная падтрымка, — заявіў кіраўнік краіны. — Такія нашы адносіны: Беларусі і Ніжагародчыны — узор для іншых краёў і рэгіёнаў. І наколькі моцнымі будуць гэтыя міжрэгіянальныя сувязі, настолькі моцнымі будуць нашы беларуска-расійскія адносіны.

Мы цесна звязаныя...

Адносіны і з нашым галоўным эканамічным і палітычным партнёрам у цэлым, і з Ніжагародскай вобласцю ў прыватнасці, у Беларусі традыцыйна добрыя. Тыя праблемныя моманты, якія былі, прэзідэнты абедзвюх дзяржаў вырашылі падчас нядаўняй сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Нягледзячы на гэта і цяпер знаходзяць месца пэўныя інсінуацыі, калі некаторыя СМІ ў рамках сваёй інфармацыйнай палітыкі абвінавачваюць Беларусь у спажывецкім стаўленні да ўсходняга суседа або нават у русафобскай палітыцы. Прэзідэнт выказаўся наконт несправядлівых абвінавачанняў у адрас нашай дзяржавы.

— Пачынаюць у СМІ з'яўляцца рознага кшталту выдумкі, хто каго там падмануў, што мы зноў на каленях нешта просім у Расіі і гэтак далей. Мы ні перад кім ніколі не стаялі на каленях, вы гэта добра ведаеце. Пісакам асобным і тым, хто выступае на тэлеэкранах, я хачу сказаць, што ў вырабах Беларусі — трактарах, аўтамабілях, усёй машынабудаўнічай галіне, хімічных вырабах, іншых — ад 30 да 90% камплектуючых, сыравіны і матэрыялаў з Расіі.

«Сёння на прадпрыемствах Расіі, якія працуюць на фінішную вытворчасць у Беларусі (вырабляюць камплектуючыя, матэрыялы і іншае), працуе больш за
10 мільёнаў чалавек. Калі мы дапамагаем фінішнай вытворчасці, падтрымліваем, каб яна не спынілася, мы дапамагаем мінімум 10, а то і 15 мільёнам людзей, якія працуюць у Расіі», — заўважыў Прэзідэнт.

Што да расійскіх крэдытаў для Беларусі, то мы плацім за іх 4,5—6% гадавых:

— Усе краіны атрымліваюць пэўныя крэдыты або ад міжнародных арганізацый, або ад дзяржаў. Расія ў нас па гэтых пытаннях не займае першае месца, на ім — Кітайская Народная Рэспубліка, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яна дала нам крэдытную лінію каля 15 мільярдаў долараў пад праекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі, мы яе дагэтуль не выбралі. Самае галоўнае — яны нас не папракаюць у тым, што дапамагаюць нам.

Не можам ні з кім сварыцца

Што да знешняй палітыкі нашай дзяржавы, то і яна, як ні дзіўна, — адна з любімых тэм для расійскіх крытыкаў.

— Мы цудоўна разумеем сваё месца: мы на Захадзе нікому не патрэбныя, — заявіў Прэзідэнт. — А як мяне любяць на Захадзе, вы памятаеце таксама з тых часоў. Нічога тут не змянілася. А тое, што мы, жывучы ў цэнтры Еўропы, вымушаны праводзіць такую палітыку, каб захаваць краіну і яе бяспеку, суверэнітэт, стабільнасць, каб людзям нармальна жылося... Такое наша жыццё: мы не можам сварыцца ні з Расіяй, ні з Захадам, ні з Украінай, ні з Поўначчу. Наш лёс такі.

Што да выступленняў у адрас беларускай мовы, то і на гэта Аляксандр Лукашэнка даў грунтоўны адказ:

— А тое, што мы не забываем беларускую мову... Дык гэта так і павінна быць. Гэта добра, што ў беларусаў ёсць яшчэ і свая мова. Чаго нас у гэтым папракаць? Хоць у нас пераважная большасць людзей размаўляе па-руску і ў быце ў нас мова зносін — гэта руская мова. Але гэта не расійская мова, я падкрэсліваю, гэта наша агульная з вамі мова... Мы ад яе ніколі не адмовімся, як бы тут нехта нас не штурхаў. Ну і ёсць у нас свая нацыянальная беларуская мова, родная мова беларусаў, якія тут жывуць. Многія яе ведаюць з беларусаў, якія жывуць за межамі нашай краіны. Таму тут усё нармальна і ўсё пад кантролем.

* * *

Губернатар Ніжагародскай вобласці падзякаваў за гасціннасць і заявіў, што Беларусь сёння з'яўляецца ключавым партнёрам у знешняй дзейнасці для яго рэгіёна. Дарэчы, вобласць супрацоўнічае больш чым са 140 краінамі, таму дасягненне сапраўды вялікае. Увогуле ж Валерый Шанцаў ставіць задачу вывесці таваразварот з Беларуссю на ўзровень у мільярд долараў.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».