Вы тут

Дзяўчынка і воблака


Дзяўчынка і воблака

Патрэбен вельмі харошы малюнак

Перад вачыма ўсё яшчэ стаяў вобраз бацькі з апухлым тварам і непаголенай барадой. З яго рота зноў пахла быццам дзядуліным адэкалонам, і час ад часу ён выдыхаў цыгарэтны дым, нібыта хворы дракон.

Толькі што ён сказаў сваё сямігадовай дачцэ Дашы, што ў яго зноў моцна баліць галава і ёй прыйдзецца пагуляць адной. Самотная Даша, з паніклай галавой і слёзкамі на шчаках, нетаропка пайшла па дарозе да поля.

Стаяў водар апошніх дзён лета. Вясковае поле было ўсыпана стагамі сена, якія ўзвышаліся на пажоўклай траве. Даша села на траўку, падабрала каласок і сціснула яго ў вуснах, нібы цыгарэту. Зусім, як бацька.

— Не хачу быць дзіцёнкам, хутчэй бы стаць дарослай, — з горыччу сказала дзяўчынка ўголас.

Даша паглядзела ў неба, усыпанае разнастайнымі бялюткімі аблокамі. Раней яна любіла разам з мамай доўга глядзець на іх, але два гады таму мама з’ехала ў далёкае-далёкае падарожжа. Так сказаў ёй бацька.

Нешта глыбока ўнутры падказавала Дашы, што маці не вернецца ніколі. Ад гэтых думак дзяўчынка заплакала яшчэ больш горка.

Раптам з неба пачало апускацца маленькае воблачка. Яно прызямлілася, распрасталася і стала падобнае да беласнежнага дыванка. І вось гэты дыванок падхапіў напалоханую Дашу і пачаў ўздымаць яе ўверх.

Полезмяншалася ў памерах і хутка стала нагадваць зялёную мапу, а стагі сена здаваліся жоўтымі кропачкамі на ёй. Даша ляцела ў небе на сваім чароўным воблачку, але замест страху адчувала бязмежную радасць.

Вось каля яе праплыў вушасты зайка, а за ім следам пагналася пашча цмока. Тут воблака падобнае да сэрца, тут — кіт з крывой усмешкай, певень з маленькім клювам. А гэта — нейкая рагатая, д’ябальская істота.

Даша глядзела на аблокі, як на даўно знаёмых сяброў, і час ад часу пазірала ўніз, каб палюбавацца краявідамі з вышыні птушынага палёту.

Шмат часу прайшло, пачало цямнець — воблачка павярнула назад.

Тым часам па полю хадзіў усхваляваны бацька, клікаў Дашу, зазіраючы ў пошуках дачкі за кожны стог сена.

Чароўнае воблачка прызямлілася акурат у тое самае месца, дзе падхапіла дзяўчынку. Шчаслівая, яна падбегла да бацькі.

— Дзе ты была? — з трывогай спытаў ён.

— Татачка, я каталася на воблачку, уяўляеш?

Бацька не паверыў, але моцна абняў.

— Прабач, мая даражэнькая. Гэта мая віна. Заўтра паедзем у горад, пойдзем у цырк, у заапарк. Хочаш?..

 

Гэта быў самы шчаслівы дзень за апошнія два гады.

Бацька і Даша ішлі дамоў, дзе іх чакала кніга казак.

Даша паглядзела ў неба, і маленькае воблачка падміргнула ёй.

Ці гэта проста так падалося? 

 

Таццяна Казановіч

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».