Вы тут

Сяргей Валчкоў: Імкнуся працягнуць традыцыі савецкіх барытонаў


Ураджэнец Быхава Сяргей Валчкоў прачнуўся знакамітым пасля перамогі ў расійскім конкурсе «Голас». Цяпер ён адзін з самых запатрабаваных артыстаў у Расіі, удзельнік усіх прэстыжных канцэртаў. Яго гастрольны графік шчыльна распісаны, але ён заўсёды знаходзіць магчымасць выступіць на радзіме. Вось і 6 красавіка Сяргей Валчкоў прыняў удзел у канцэрце Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь з праграмай “Ты мая мелодыя”, у якой былі прадстаўлены найлепшыя песні Мусліма Магамаева.


— У жніўні спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Мусліма Магамаева.  Мінск адкрыў серыю канцэртаў, прысвечаных юбілею вялікага музыкі.

— Муслім Магамаеў — гэтая глыба ў музычным мастацтве. У маім творчым лёсе адыграла вялікую ролю ўдава Мусліма Магаметавіча — Тамара Ільінічна Сіняўская. Шчаслівы, што песні Мусліма Магамаева не забытыя і ў гэтым ёсць часцінка маёй працы.

— Сяргей, ці атрымалася паслухаць увесь канцэрт або прыехалі адразу да свайго выхаду на сцэну? Памятаю, што да мінулага канцэрта з вашым удзелам “Для мілых дам рэпетыцыі часам праходзілі па скайпе...

— Цяпер мы таксама выкарыстоўвалі высокія тэхналогіі, але, вядома, была і генеральная рэпетыцыя з аркестрам. Да свайго выхаду на сцэну ўвесь канцэрт правёў за кулісамі: глядзеў, слухаў, падпяваў кожную песню — я ж ведаю ўвесь гэты рэпертуар! Як заўсёды, на вышэйшым узроўні Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Усе салісты, якія ўдзельнічалі ў канцэрце, — выдатныя спевакі. І ведаеце, мне было крыху няёмка перад імі, таму што на афішы маё імя было асабліва пазначана. Я разумею камерцыйны ход арганізатараў, але, думаю, было б правільна напісаць усе нашы імёны шрыфтам аднаго памеру. Ведаю, што для кагосьці вырашальным пры набыцці білета на канцэрт было маё імя, але таксама ўпэўнены, што імёны Уладзіміра Пятрова, Аляксандра Краснадубскага, Анатоля Сіўко і Уладзіміра Громава таксама моцна прывабліваюць людзей. Ведаю, што ў Прэзідэнцкага аркестра ёсць адданая публіка і яна прыходзіць на кожную новую праграму гэтага выдатнага калектыву.

— Песні з залатога фонду савецкай эстрады, рамансы — аснова вашага рэпертуару. А ці ёсць шанц у сучасных кампазітараў стварыць ваш рэпертуар?

 — Вядома, ёсць, але пры ўмове, што гэтыя песні будуць адпавядаць высокім стандартам. Ёсць каля васьмі новых твораў сучасных кампазітараў, якія  планую ўключыць у альбом. Па задумцы, на дыску будуць вядомыя і новыя песні і рамансы. Але ведаеце, тут яшчэ пытанне, каго мы называем сучасным кампазітарам. Аляксандра Пахмутава напісала адмыслова для мяне песню «Залатая ты мая, залатая». Аляксандра Мікалаеўна, безумоўна, жывы класік, але яна ж і сучасны кампазітар. Не толькі таму, што мы жывём у адзін час, а таму, што чалавек не спачывае на лаўрах, увесь час ідзе наперад.

— Ваш сольны канцэрт у Крамлі сабраў суперзорак расійскай эстрады — многія падтрымалі на сцэне, хтосьці быў заўважаны ў зале. Са сцэны Палаца Рэспублікі вы паабяцалі, што праз год прыедзеце ў Мінск з юбілейным сольным канцэртам. Напэўна, ужо ўяўляеце, якая будзе праграма, каго запросіце з калег выступіць разам з вамі?

 — Разумееце, у мяне няма ні рэўнасці, ні зайздрасці да калег. Наадварот, я шчыра радуюся іх поспехам. Але вось падчас сольнага юбілейнага канцэрта ў Мінску не вельмі хачу дзяліцца сцэнай. Аднак мяркую запрасіць Івана Вабішчэвіча і Іскуі Абалян выступіць на маім канцэрце. Вельмі люблю беларускую публіку. Шчаслівы, што гэта ўзаемна.

Хачу сказаць, што сцэна Палаца Рэспублікі ва ўсіх адносінах камфортная для артыста. Знаходзячыся на сцэне, я бачу вочы людзей, іх рэакцыю — гэта вельмі важна. Кожнай клеткай адчуваў вельмі душэўны, цёплы прыём публікі, і здавалася, што сэрца не вытрымае столькі шчасця. Аснова юбілейнага канцэрта — любімая публікай эстрадная класіка, рамансы, але абавязкова будуць і новыя творы.

— Юбілейны канцэрт таксама пройдзе ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра?

— Так! Гэта цудоўны калектыў. Рады нашаму сяброўству з Віктарам Бабарыкіным — бліскучы дырыжор і цікавы чалавек. І вельмі сціплы, можа, у Беларусі і не ведаюць, што Бабарыкін — гастралюючы дырыжор. Ведаеце, калі дзе—небудзь у Расіі ці Еўропе бачу афішы з імёнамі сусветных зорак і імя дырыжора, а на афішы абавязкова пазначана краіна, якую прадстаўляе Віктар Бабарыкін, я вельмі ганаруся.

 — Памятаю трансляцыю аднаго з канцэртаў, калі вы выправілі вядучага, сказаўшы, што нарадзіліся ў Беларусі. Думаю, што ў той момант вамі многія ганарыліся. Па-ранейшаму адчуваеце сябе беларусам?

— Ніколі не саромеюся казаць, што я родам з Быхава. Так, не сталіца, але гэта мой родны горад. У той жа час я жыву ўжо шмат гадоў у Маскве, там стварыў сям'ю, таму гэты горад мне таксама не чужы. Аднойчы, прадстаўляючы мяне падчас канцэрта, Іосіф Кабзон сказаў: «Цяпер на гэтую сцэну выйдзе чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, а праславіўся ў Расеі». Так і ёсць. І паколькі я адчуваю сябе беларусам і люблю сваю краіну, мне бывае нават не крыўдна, а балюча ад таго, што тут мяне лічаць чужым, хоць у мяне і грамадзянства беларускае. Разумееце, калі сёння на першым расійскім тэлеканале ідзе трансляцыя канцэрта з маім удзелам, а заўтра па беларускім ТБ транслююць гэты ж канцэрт без майго выступа, я проста не разумею, што адбываецца. За кожным артыстам ёсць яго публіка. І чаму маю беларускую публіку пазбаўляюць магчымасці бачыць выступ, не ведаю. У маёй гастрольнай дзейнасці ўсяго 0,01% канцэртаў у Беларусі. Я з задавальненнем выступіў бы ў абласных цэнтрах, малых гарадах, але не запрашаюць.

— А вы сочыце за беларускімі навінамі? У нас не так даўно адбывалася дыскусія пра тое, што варта было б неяк рэгуляваць гастролі замежных, у тым ліку расійскіх, выканаўцаў у Беларусі.

— Так, я ведаю пра гэта, чытаў. Маё меркаванне такое, што рэгуляваць гастрольную дзейнасць можа толькі публіка, купляючы ці не купляючы білеты на канцэрт. Артысту нельга замыкацца толькі ў сваёй краіне, трэба спрабаваць прарывацца на іншыя рынкі. І вельмі важна хадзіць на канцэрты калег, вучыцца ў іх.

 — А вы самі ў каго з калег вучыцеся?

— Імкнуся працягнуць традыцыі савецкіх барытонаў: Віктара Вуячыча, Мусліма Магамаева, Георга Отса, Юрыя Гуляева. Сачу за выступамі Яраслава Еўдакімава, Льва Лешчанкі, Рэната Ібрагімава. Вельмі шмат чаму навучыў мяне Аляксандр Градскі ў праекце «Голас».

— З кім сябруеце з беларускіх артыстаў?

— Мае добрыя сябры — Ваня Вабішчэвіч і Ілья Сільчукоў. Ваня — вельмі лёгкі, пазітыўны чалавек. Хай на мяне не крыўдзяцца заслужаныя і народныя артысты, але Ілью я лічу самым лепшым оперным спеваком Беларусі. Можа, нясціпла з майго боку праводзіць такую ​​паралель, але вядома, што Муслім Магамаеў ніколі не дарыў кветкі артыстам-мужчынам. Адзіным выключэннем з гэтага правіла быў Георг Отс, якога ён лічыў непаўторным спеваком. Вось і я таксама дарыў кветкі толькі Ільі Сільчукову. З Пецем Ялфімавым мы выступаем на розных пляцоўках у Маскве, таму сустрэцца маем магчымасць хіба што падчас запісу праграмы “Рамантыка рамансаў”. У Фэйсбуку перапісваюся з Алёнай Ланской і Іскуі Абалян. Вельмі крыўдна, што ў Беларусі забыліся Патрыцыю Курганаву — таксама ўдзельніцу “Голасу”.

 — Ягора Хрусталёва, які вёў канцэрт, лічу шостым салістам. Ён шмат ведае і ўмее добрыя кавалкі інфармацыі змясціць у лаканічны тэкст, каб яго канферанс не ператварыўся ў лекторый! Нават кожную песню аб'яўляў з асаблівай інтанацыяй. А як імправізаваў!

— Я таксама быў рады яго бачыць. Мы пазнаёміліся на «Славянскім базары» — ён браў у мяне інтэрв'ю. Вельмі лёгка і прыемна мець зносіны з такім інтэлектуалам. Ягор вельмі абаяльны і чулы чалавек. Перад канцэртам пытаецца ў мяне: твае песні абвяшчаць ці сам? Вядома сам! Мне ж вельмі хочацца як мага болей паразмаўляць з любімай і роднай беларускай публікай. Ягор адчуў гэты мой настрой.

— Сяргей, а нічога, што ў нашым інтэрв'ю згадваецца шмат імёнаў іншых артыстаў?

— Толькі рады гэтаму. Мы гаворым пра таленавітых артыстаў, цудоўных людзей, якія складаюць гонар Беларусі, — і добра, калі іх імёны часцей гучаць!

— На гастролі вы ездзіце адзін або з сям'ёй?

— Гледзячы па абставінах, у асноўным гэта ад адлегласці і занятасці жонкі залежыць. Наташа — кіраўнік службы пратакола фестывалю «Кінатаўр». Ксюшы чацвёрты годзік, і мы глядзім, каб дарога не была для яе цяжкай. Але ў красавіку наступнага года на юбілейны канцэрт я абавязкова прывязу іх у Мінск!

— Якую вышыню марыце скарыць у кар'еры і асабістым жыцці?

— Хачу праспяваць у оперы, я браў урокі акадэмічнага вакалу і ўпэўнены, што гэта спраўдзіцца. А ў асабістым жыцці — мы марым аб другім дзіцяці. Скажу вам па сакрэце, што вельмі хачу сына: я люблю лазню і спадзяюся, што ён будзе складаць мне кампанію. А калі атрымаецца сястрычка для Ксюшы, таксама буду вельмі рады.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота – афіцыйны сайт Сяргея Валчкова

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.