Вы тут

500-годдзе беларускага кнігадрукавання адзначана і кінематографам


Апроч рознага кшталту мерапрыемстваў, выданняў, абмеркаванняў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, у нас з'явіўся цэлы дакументальны фільм пра Францыска Скарыну, дзе пра першадрукара расказваецца як пра «феномен усходнееўрапейскай цывілізацыі». Аўтары прайшлі, можна сказаць, шляхам Скарыны і пабывалі ў Полацку, Кракаве, Празе, Вільні ў іх сучасным абліччы, бо ў шаснаццатае стагоддзе, калі дзейнасць асветніка ў нейкім сэнсе фарміравала будучую культуру, лепш глядзець менавіта з пункту гледжання чалавека ХХІ стагоддзя. Таму выдатна, што карціна «Першадрук», аўтарам сцэнарыя якой стаў Уладзімір Мароз і рэжысёрам — Ігар Чышчэня, будуецца не на штучнай гістарычнай рэканструкцыі, а на падкрэсліванні нейкай пераемнасці і сувязі мінуўшчыны з сённяшнім днём.


Тэма будучай карціны была агучана на адным з адкрытых рэспубліканскіх конкурсаў кінапраектаў — Міністэрства культуры клапацілася пра тое, каб 500-годдзе беларускага кнігадрукавання было адзначана таксама ў кінематографе. За ажыццяўленне праекта ўзялася студыя дакументальнага кіно «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм» і, у прыватнасці, рэжысёр Ігар Чышчэня, аўтар дакументальных карцін «Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне», «Страчаная песня», «Подых балот», ігравой кароткаметражкі «Лічыльнік шчасця», што закранае тэму аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У выпадку з тэмай 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы ў выніку маем вытрыманы, інфарматыўны, зроблены без лішніх «рухаў цела» фільм, з прыемнай аператараскай працай, прыгожымі выявамі гарадоў, адлюстраваннем звязаных са Скарынам артэфактаў. Для работы такога кшталту гэты праект студыі «Летапіс» выглядае годна. Нават у агульным коле кінакарцін, створаных у выніку перамогі на рэспубліканскіх конкурсах кінапраектаў, «Першадрук» — у пэўным сэнсе прэзентацыйная, апрыёры без прэтэнзій, работа — выглядае больш удалым, паслядоўным і натуральным праектам. А з гэтага, калі дакументальная карціна тэлефармату перасягае па наладжанасці ігравыя праекты кінастудыі «Беларусьфільм», атрымліваецца сумная рэалія.

Галоўная якасць і мэта «Першадруку» — вядома, здольнасць за кароткі тэрмін расказаць пра адну з найгалоўнейшых беларускіх нагод ганарыцца сабой (уяўляю, як карціна накіроўваецца да публікі ў гарады і вёскі). Сцісла, інфарматыўна, з адлюстраваннем месцаў і рэчаў, з якіх выбудоўваецца лінія жыцця і дзейнасці Скарыны. Аўтары запрасілі ў якасці «экспертаў» мітрафорнага протаіерэя Мінскага Свята-Духавава кафедральнага сабора і кандыдата багаслоўя айца Сергія Гардуна, кандыдата культуралогіі і намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушу, загадчыка аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікалая Нікалаева, паказалі работу на ўзноўленым друкарскім станку, створаным Уладзімірам Ліхадзедавым.

У фільме ёсць першадрукар — і ёсць разгорнуты кантэкст яго жыцця і дзейнасці. Тут расказана, як Скарына адчуў патрэбнасць нацыі ў Бібліі на зразумелай мове і як увогуле стварыліся ўмовы для незваротнай думкі перакласці яе і надрукаваць; як аўтар прадмоў і пасляслоўяў заўсёды ўспамінаў малую радзіму, называючы сябе доктарам са слаўнага горада Полацка; чаму Прага стала месцам друкавання кніг; як Скарына за тры гады ў гэтым горадзе адціснуў дваццаць тры кнігі Старога Запавету; як ён паклапаціўся пра стварэнне кнігі для ўжывання не толькі царкоўнага, але і свецкага; пра выключнае змяшчэнне свайго партрэта ў выданнях Святога Пісання; пра прыклады вершаскладання па-беларуску і пра шмат што яшчэ.

Пра Скарыну тут апавядаецца без лішніх эмоцый, пафасу, сантыментаў — «Першадрук» атрымаўся ўзважаным, зразумелым, дакладным дакументальным фільмам пра славутую персону беларускай гісторыі. Такі сабе якасны «лікбез», у якім можна ўбачыць скарынаўскія кнігі, магчыма нават, адзіны раз у жыцці. Вось мы бачым яшчэ адзін вынік бюджэтнага фінансавання кінематографа — з заведама меркаваным фарматам, які атрымалася добра ажыццявіць і якім, можна сказаць, павінен зацікавіцца кожны беларус.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Скарына стаў героем фільма

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.