Вы тут

Зорка Скарыны: недатыкальна фантастычная ці нерэальна блізкая?


Каб пераканаць у сваёй задуме, ён мог бы зладзіць прэзентацыю на восем з паловай хвілін з відэапраекцыяй на экран і лазернай указкай. Лёгка б арыентаваўся ў прасторы па гугл-мэпс з дапамогай планшэта, тэлефанаваў бы па мабільніку і стукаўся б ва ўсе дзверы, каб атрымаць магчымасць ажыццявіць смелы інавацыйны праект. Ён так і жыў, па сутнасці, толькі ў той час прылады былі іншыя. І карыстацца імі маглі толькі нерэальна прасунутыя людзі. Ды не было, на жаль, гіпермаркетаў, куды на рэалізацыю маглі б узяць цэлых шэсць (ці нават сем!) кніг. Невядома, як бы адрэагавалі на яго рэзюмэ нашы сучасныя работадаўцы, і не факт, што падтрымалі б летуценніка. Цяжка было паверыць, што яно сапраўды ўзыдзе — маладзіковае сонца, якое стала фірмовым знакам Францыска Скарыны.

Ён для нас — помнік каля Нацыянальнай бібліятэкі, партрэт з бігбордаў. Але такім мы яго наўрад ці ўяўлялі — маладым ды гарачым, адкрытым, нібыта дзіця, няўрымслівым. Ды ўрэшце расчараваным і стомленым не ўяўлялі, хоць здаецца (з нашым цяперашнім разуменнем), што менавіта ў той перыяд ён і зрабіў ашаламляльную кар'еру, прычым не на радзіме, а ў Еўропе... Пра метамарфозы, што адбываюцца з чалавекам, асобай і ўрэшце з рэальным героем гістарычных хронік, разважаеш пасля прагляду пастаноўкі «Кар'ера доктара Рауса» (паводле п'есы В. Марціновіча) у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Спектакль стаў вынікам рэспубліканскага конкурсу, прысвечанага першадрукару. І пакідае пытанні, адказы на якія дапамагае шукаць мастацкі кіраўнік тэатра і рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Гарцуеў.


Селебрыці або няшчасны чалавек?

— Для мяне такога пытання не паўставала. Няшчасны чалавек — наўрад, але я сказаў бы, што ён вельмі трагічная фігура, як і ўсе сапраўдныя вялікія мастакі. Не выпадкова я вызначыў жанр спектакля як трагікамедыю. Напачатку можа падацца, што камедыя. Але нота «трагі» для мяне дамінуючая.

Мы нібыта ведаем пра жыццё Францыска Скарыны. Яно ўвесь час датычылася адной справы: жыў ідэяй, друкаваў кнігі, круціўся, шмат праблем у яго было. Але завяршае жыццё ён — так, не пад плотам, не ў жабрацтве, як шмат барацьбітоў за ідэю і Дон Кіхотаў — а забяспечаным чалавекам, які працуе каралеўскім садоўнікам. Ён зрабіў кар'еру, але займаецца абсалютна іншай справай. Ён ідзе на працу, дзе плацяць грошы, можна існаваць спакойна і пенсія забяспечана... У гэтым я бачу трагічную ноту: усё жыццё змагацца за ідэю кнігі, матацца па ўсёй Еўропе дзеля сваёй справы, а ў канцы сесці ціхенька ў Празе ў каралеўскім палацы, садзіць дрэвы. Чалавек, які, магчыма, стаміўся змагацца, захацеў жыць як чалавек. Мне здаецца, што ён наш Галілеа Галілей, які ад сваіх поглядаў не адмовіўся, але і падобна да Джардана Бруна згарэць з-за іх, умоўна кажучы, не хацеў.

У п'есе зададзена драматургічнае развіццё: ідзе жыццё, яно мяняе чалавека. Напачатку адчуванне лёгкасці гэтага жыцця: вось, зараз варта толькі ўсё растлумачыць людзям — і яны адразу адчуюць, якая класная ідэя. Паступова ён разумее, што жыццё — складаная рэч, часам узнікаюць непераадольныя абставіны. Аўтар задаў гэта ў п'есе: чалавек старэе. Але дух яго не змяніўся, і вера не змянілася. У фінале спектакля ён верыць у тое, што, няхай праз 500 ці 1000 гадоў, адбудзецца тое, пра што ён марыў.

Гэта сапраўды зорка, якая мела сваю арбіту. І мае дагэтуль: імя жыве. Каб перажыць гэтыя пяць стагоддзяў, мала было быць садоўнікам. Яго выбар быў не ў гэтым.

Сеяць разумнае ці зарабляць?

— Пытанне яшчэ ў тым, хто сее. Асобасная характарыстыка важная: ад гэтага залежыць энергетычны зарад. Талент, Боская воля.
Не хочацца казаць, што Скарына прышэлец з іншага свету. Але ёсць рацыя ў тым, калі кажуць, што ён нарадзіўся на 200 гадоў раней за свой час. Нарадзіўся ў Полацку (як бы мы ні шанавалі нашу старажытную сталіцу, але для Еўропы тады гэта была правінцыя). Гэтага хлопца цягне вучыцца. Ён адчувае, што ёсць тэхналогія, на якой можна зрабіць бізнес. Але бізнес — гэта заўсёды разлік. А ён робіць справу самаахвярна і апантана, без адчувальнай аддачы. Гэтая апантанасць (пакуль яшчэ не кнігі) дзейнічае, дзякуючы ёй энергетыка прарастае.

Вось чаму 500 гадоў гэтае імя круціцца, нягледзячы на часы маўчання. Таму што калі я вучыўся ў школе, то не ведаў, хто такі Скарына, першадрукаром тады для нас быў Іван Фёдараў. Потым у інстытуце я пачуў, што быў нейкі Георгій Скарына. Пра тое, чаму ў дачыненні да гэтага чалавека выкарыстоўвалі два імені, даведаўся ўжо ў сталым узросце. Але Фёдараў толькі праз 70 гадоў зрабіў тое, што Скарына, — адлегласць у эпоху. Сапраўды вялікі чалавек, не са свайго часу. Геній.

Таленавітых можа быць шмат. Нехта пакідае след, а нехта кругі на вадзе. Але тыя, чые імёны застаюцца ў гісторыі, наўрад ці пра гэта думалі. Скарына імкнуўся па-свойму ўвекавечыць імя Якуба Бабіча, чалавека, які даў яму магчымасць ажыццявіць сваю ідэю. Не думаю, што Скарына быў надта засяроджаны на сабе, пры тым што выданне Бібліі змяшчае яго партрэт, — ён гэта зрабіў, і ў гэтым крэатыў. Нават смеласць — для таго часу. Друкаваў кнігі на той мове, якую чуў з маленства, — каб гэтыя кнігі разумелі ў яго на радзіме, пры тым што паездзіў па Еўропе, але хацеў быць карысны тут.

Таму калі я першы раз прачытаў п'есу, то задумаўся: давялося акрэсліваць лінію яго духоўнага жыцця, каб яно бачылася за факталагічнай часткай, каб паказаць, што былі спакусы і спакуснікі. Лінейнае апавяданне — самае сумнае, што можа быць у тэатры. Чапляе дух чалавека і імкненне, прага, ярасць. Таму герой і атрымаўся такі...

Мінулае ці сучаснасць?

— Сэнс не ў тым, каб апрануць Скарыну ў доўгі плашч і берэт, а ў тым, каб мы, сённяшнія, маглі лепш зразумець, што яму давялося вытрымаць. У людзей нічога не мяняецца, людзі — заўсёды жывыя істоты. Праз гэты ход варта было падкрэсліць, што ён жывы чалавек, што галадаў, яго білі, ён меў праблемы. Але нёс ідэю. Такія людзі ёсць цяпер — з ідэяй, з думкай, з жаданнем ствараць, удасканальваць жыццё. Менавіта такія людзі ствараюць цывілізацыю.

У свой час ён быў чалавекам новых тэхналогій. Тое, што ён паказваў шрыфты, — гэта было нешта неймавернае, кшталту цяперашніх гаджэтаў. Абсалютна сучасная сітуацыя: прыходзіць малады чалавек з ідэяй і просіць грошы на яе ажыццяўленне. Дзеянне 500-гадовай даўніны, а спосаб вырашэння — сённяшні. Для людзей у зале гэтая аналогія блізкая: гэта быў офіс, толькі напаўненне яго змянілася, але сутнасць і задачы падобныя. Тое ж — у дачыненні да спонсараў і мецэнатаў і тых, хто да іх звяртаецца. Так прыйшло разуменне, якім я хачу бачыць Скарыну.

За сваё акцёрскае жыццё мне даводзілася быць Скарынам шмат разоў: і на тэлебачанні, і на радыё, і на імпрэзах Дзён пісьменства. Як правіла, вобраз ствараў аднаго тыпу берэт, 15-кілаграмовая кніга ў руках. І абавязкова ўзнёслыя словы. Таму я вырашыў, што тут Скарына павінен быць іншым нават знешне. Не нейкі недатыкальны герой. Калі мы працавалі з мастаком, то склалася паралель з сучаснасцю: ён нібыта хіпстар, з заплечнікам, такі непрыкаяны вандроўнік. Адпаведна падбіраўся акцёр іншага тыпажу, «негераічнага» так бы мовіць. У спектаклі ў гэтай ролі занятыя два артысты: Арцём Курэнь і Дзмітрый Давідовіч. Два шабутныя хлопцы, нервовыя, мэтанакіраваныя.

Яны ведаюць, якім быў лёс Францыска Скарыны. Штосьці мы прагаворвалі на рэпетыцыях. Паколькі п'еса сучасная і не гістарычная, то глыбокага пагружэння ў вобразы гісторыі яна не патрабавала. Яна на сучаснай мове, часам перасыпанай складанай офіснай лексікай. Аўтар мне дазволіў штосьці дапісаць. Напрыклад, калі ідзе нейкі тэрмін, то тут жа ўзнікае жарт: «кажы нармальна» ці «не трэба лаяцца ў грамадскім месцы».

Таму ў нас усё ж жанр удакладняецца адразу: гістарычна недакладная трагікамедыя. Прычым катэгарычна недакладная. Таму не варта звяртаць увагу на гістарычныя памылкі — мы іх робім наўмысна, каб паказаць умоўнасць і нават вечную нявырашанасць некаторых сітуацый. У дадзеным выпадку мяне цікавіў дух самага вядомага беларуса, які нават цяпер нам дапамагае лепш зразумець сябе, каб будаваць будучыню.

Смяяцца і помніць?

— Мне падабаецца адзін вядомы выраз: калі нацыя здольная смяяцца над сабой — гэта спелая нацыя. Падобныя спробы ў тэатры былі гадоў 25 таму, калі ўзніклі «Тутэйшыя», калі мы смяяліся над сваёй гісторыяй, над сваімі памкненнямі, марамі. Тут мы таксама смяёмся, але па-добраму, не здзекліва. Мне здаецца, Скарына павінен выклікаць сімпатыю: ён харошы хлопец з гумарам. Не пазбаўлены самалюбства ці долі ганарлівасці. Але часам здаецца, што ён гуляе ў гэтую ганарлівасць, падстройваецца да сітуацыі дзеля дасягнення мэты. У нас гэта выклікае ўсмешку, што нармальна. На мой погляд, забранзавелыя героі, абсалютна недатыкальныя, толькі палохаюць.

Я не супраць таго, каб іменем Францыска Скарыны называліся вуліцы, бібліятэкі, школы. Але самы важны помнік яму ўжо існуе, мы ім карыстаемся і ўжо не пакінем: усе пра яго ведаюць! Гэта таксама прыкмета нацыі, калі ёсць герой, які аб'ядноўвае. Скарыну, падобна, ведаюць усе. Можа, не ўсе цалкам усведамляюць, што ён зрабіў. Але самы галоўны помнік — памяць народа.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як маладзіковае сонца

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.