Вы тут

Нобель па-беларуску


Апошнім часам у беларускай кніжнай прасторы актыўна рэалізуюцца розныя выдавецкія праекты, у тым ліку з’яўляецца шмат перакладаў з замежных моў. Прыкметна вылучаецца заснаваная сёлета серыя выданняў нобелеўскіх лаўрэатаў «Noblesse Oblige», рэдактар якой — Сяргей Макарэвіч. Нядаўна пабачыла свет першая кніга серыі — «Голад» Кнута Гамсуна.


У кнігу знакамітага нарвежскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 1920 годзе, увайшлі тры раманы: «Голад», «Пан», «Вікторыя». Завяршае кнігу Нобелеўская прамова К. Гамсуна. Над перакладамі працавалі Лявон Баршчэўскі і Лідыя Ёхансэн, рэдактар кнігі Ганна Янкута. Падрыхтоўку серыі падтрымаў дабрачынны фонд «Вяртанне» мецэната Паўла Падкарытава (Бераговіча), а сайт электронных кніг kniharnia.by паралельна з папяровай будзе запускаць электронную версію.

Па-беларуску выходзілі асобныя пераклады набелістаў. Стваральнікі і фундатары серыі «Noblesse Oblige» маюць на мэце гэты працэс унармаваць. У планах — выданне не толькі прызнаных класікаў сусветнай літаратуры, але і кнігі сучасных аўтараў, для выдання чыіх твораў патрэбна выкупаць аўтарскія правы. Дарэчы, праца над серыяй адкрытая, да яе могуць далучыцца патэнцыйныя фундатары — самі выберуць аўтара, а каманда праекта будзе наладжваць працу па падрыхтоўцы перакладу і ўсіх астатніх арганізацыйных момантаў.

Арганізатары праекта падкрэсліваюць, што серыя не будзе насычацца хутка. Пошук перакладчыкаў, падрыхтоўка перакладу, вырашэнне пытання з аўтарскімі правамі і пошук грошай на іх набыццё, падрыхтоўка макета — усё гэта займае багата часу. Але ўжо сёння можна назваць аўтараў, якія стаяць у лісце чакання (праца над перакладамі вядзецца, альбо скончаная, альбо існуе дамоўленасць з перакладчыкамі): Габрыэль Гарсія Маркес (Калумбія), Франц Сіланпяя (Фінляндыя), Архан Памук (Турцыя), Радзьярд Кіплінг (Вялікабрытанія), Томас Ман (Германія)...

Заканамернае пытанне: чаму першай кнігай «Noblesse Oblige» стаў менавіта «Голад» К. Гамсуна? Рэдактар серыі С. Макарэвіч адзначае, што была думка звярнуцца найперш да тых моў, перакладчыкаў з якіх у Беларусі мала. Нарвежская — акурат адна з такіх, менавіта таму першым у спісе апынуўся Гамсун.

Нягледзечы на тое, што годам заснавання серыі пазначаны 2017, ідэя нарадзілася на тры гады раней. Перашкодзілі запуску праекта пазалітаратурныя чыннікі. Ужо калі распачалася праца над перакладам кнігі Гамсуна, арганізатары паспрабавалі выкупіць правы на выданне «Кахання падчас халеры» Маркеса. Пераклад даўно падрыхтаваў Карлас Шэрман. Аднак спробы дамовіцца з іспанскім выдавецтвам, якому належаць аўтарскія правы на творы калумбійца, прывялі да працяглага ліставання. «Іспанцы падоўгу маўчалі. Ім нецікава працаваць з малымі накладамі. Тысяча асобнікаў па сённяшніх беларускіх мерках — гэта добры наклад. А для іх — мізэрны. У працэсе ліставання памёр і сам Маркес. Мабыць, гэта таксама паўплывала на нашыя перамовы: памёр лаўрэат — падвышаная ўвага да творчасці, выдавецтва можа зарабіць куды больш на краінах, дзе кніга выйдзе шматтысячнымі накладамі. У выніку мы агучылі суму, якую гатовыя заплаціць за аўтраскія правы, але адказу не атрымалі. У найбліжэйшы час паспрабуем вярнуцца да вырашэння гэтай праблемы. Пасля смерці Маркеса прайшоў пэўны час, магчыма, цяпер выдаўцы будуць больш падатлівыя», — распавядаюць арганізатары праекта.

Сродкі на выхад першай кнігі збіралі праз краўдфандынг — практыка, даволі распаўсюджаная ў сучаснай выдавецкай прасторы. Акрамя фінансавай падтрымкі, выдаўцы атрымліваюць магчымасць ацаніць увагу чытачоў да тэмы: ці патрэбныя кнігі нобелеўскіх лаўрэатаў па-беларуску? Гамсун у гэтым плане — асоба ці не найбольш удалая: з аднаго боку, ён сусветна вядомы нарвежскі аўтар, але з другога — не такі папулярны, як сучасныя А. Памук ці С. Алексіевіч.

Выданне твораў нобелеўскіх лаўрэатаў па-беларуску бачыцца сапраўды актуальнай справай, хаця, вядома, шмат хто задасца пытаннем: навошта выдаткоўваць час, сілы і грошы на стварэнне беларускіх перакладаў, калі ўсе ахвотныя ўжо даўно маюць магчымасць прачытаць гэта па-руску? Стваральнікі праекта перакананыя, што беларускі чытач павінен мець выбар, каго менавіта з нобелеўскіх лаўрэатаў пачытаць на роднай мове. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Падрыхтавала Жанна КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.