Вы тут

Трагедыя: рэстайлінг


Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ізноў радуе няпростым спектаклем. Востры, некамфортны «Сіндром Медэі» папаўняе скарбонку якаснага беларускага сучаснага тэатра, які не баіцца запэцкаць рукі ў часам такой малапрыемнай сучаснасці, прэпарыруе яе і, як той хірург, выразае пухліны. Толькі не ў целе, а ў нашай свядомасці. І толькі калі мы самі дамо згоду на такую аперацыю.


Вось толькі інструмент для аперацыі «Сіндром Медэі» абірае нязвыклы: спектакль пастаўлены ў жанры трагедыі, які сёння нячаста сустрэнеш на тэатральных падмостках. Размова ідзе не пра антычную трагедыю ці шэкспіраўскую, пастаўленую на сучасны лад. Да таго ж, такія звяртанні да класікі часта і ўвогуле нельга назваць трагедыяй, бо па-новаму могуць інтэрпрэтавацца сюжэты, героі, ад арыгінала могуць заставацца толькі рэшткі ці зусім нічога, жанравая прыналежнасць можа быць якой заўгодна. Не, «Сіндром Медэі» — гэта сучасная трагедыя, так пазіцыянуюць стваральнікі спектакля. Такой прэм’ера і атрымалася. Сучаснай трагедыяй, якая ўвабрала ў сябе асноўныя характарыстыкі жанру, аднак пры гэтым звярнулася да сучаснага, нават дакуменальнага тэксту і да сучасных абставін, да таго ж адмяла знешнюю пафаснасць і надрыўнасць.

Прыкметы трагедыі тут навідавоку. У цэнтры спектакля — моцны герой, які ў барацьбе з грамадствам і самім сабою сутыкаецца з мноствам перашкод, мужна змагаецца, аднак у фінале немінуча прайграе (жанр абавязвае!). Да таго ж, мы з самага пачатку ведаем, які трагічны фінал — забойства дзяцей — нас чакае, ад чаго трагічнае напружанне на працягу дзеяння толькі ўзрастае. Карацей, усё па канонах жанру. Медэя-Марына, створаная аўтаркай Юліяй Чарняўскай і яскрава ўвасобленая на сцэне прымай РТБД Людмілай Сідаркевіч, супрацьстаіць грамадству, часам абыякаваму, часам агрэсіўнаму, часам неразумнаму. Прычым, у адрозненне ад эўрыпідаўскай Медэі (а на Эўрыпіда ў спектаклі спасылаюцца не раз), якая цалкам адказная за забойства (бо і матыў жа яго зусім суб’ектыўны — рэўнасць, жаданне як мага мацней адпомсціць Ясону), Медэя дваццаць першага стагоддзя ідзе на забойства пад уплывам грамадства, таму апошняе таксама вінаватае ў злачынстве. Нездарма ж на адзенні акцёраў — белы пыл ад разбітых статуэтак дзяцей. Забойства ж маленькіх Медэя здзяйсняе не з-за жадання адпомсціць, а таму, што не бачыць будучыні для іх у сённяшнім эгаістычным, пустым свеце, дзе лайкі і перапосты важаць больш, чым шчырыя адносіны.

Таксама, згодна з канонамі жанру, мы спачуваем гераіні, глядзім на гісторыю яе вачыма, нават не зважаючы на яе ўчынак. А калі і не спачуваем, то спрабуем зразумець: Медэя выклікае не гнеў, а боль. Такое стаўленне да героя трагедыі традыцыйнае. Згадайма Макбета. Колькі на ім крыві, аднак ці выклікае ён у нас нянавісць? Да таго ж Медэя-Марына, калі не звяртаць увагу на забойства, ідэальная. Добрая маці, жонка, усім дапамагае ў сваёй фэйсбучнай групе «Сямейнае шчасце» (якая іронія!). У свеце, дзе ўсе жывуць ужо не па-сапраўднаму, выбіраючы віртуальнае замест рэальнага, разлік, пацеху замест кахання, толькі Медэя і застаецца сапраўднай у стаўленні і да сябе, і да іншых.

Галоўнай перашкодай, каб перанесці трагедыю на сучасную глебу, якраз і з’яўляецца немагчымасць стварыць такі маналітны, умоўна абагульнены вобраз і напружаныя канцэнтраваныя абставіны вакол яго. Дакладней, стварыць можна ўсё, вось толькі глядач у такую гісторыю проста не паверыць: няма, маўляў, у нашай рэальнасці такога. Нездарма ж трагедыя заўжды будавалася ці на міфах, ці на гісторыях, аддаленых ад гледачоў у часе або прасторы. З гэтай складанасцю спектакль спраўляецца лёгка: міф, нягледзячы на сучасны змест, у спектаклі ўсё ж такі прысутнічае. Дый і Медэя аддалена ад нас у прасторы: яна ж не беларуска, іншай крыві. Таму і вобраз яе, па сутнасці, нерэальны, можа пераканаць.

Таксама спраўляюцца стваральнікі спектакля і з яшчэ адной перашкодай — паэтычнай мовай трагедыі. Не павераць гледачы ў сучаснага героя, які размаўляе патэтычнымі вершамі. Так! Але ў «Сіндроме Медэі» замест іх — нармалёвая рэальная мова, набліжаная да вербаціму: тут табе і ненарматыўная лексіка, і сакавіты слэнг. Толькі мова Медэі часам аддае трагічным пафасам.

З перашкодамі, падаецца, разабраліся. Аднак гэта ўсё змест. Рэжысёрка ж Кацярына Аверкава яшчэ і выдатна папрацавала над формай. Манументальнасць трагедыі ў спектаклі ажыўляецца пры дапамозе акцёрскай гульні, пазбаўленай ненатуральных празмерных эмоцый, арыгінальнай пластыкі, музычных нумароў у выкананні саміх акцёраў, інтэрактыву, які максімальна набліжае аўдыторыю да сцэнічнай гісторыі. Традыцыйны для формы трагедыі хор не толькі захаваўся, але яшчэ і стаў мабільным (ён ператвараецца і ў фрэндаў з фэйсбуку). Дынамічны, запамінальны хор прыўнес у спектакль ноткі вар’яцтва і гумару. Шмат у чым дзякуючы харэаграфіі Яўгена Карняга. Фрэнды, што сваімі рухамі нагадваюць дурных агрэсіўных курыц, — і смешна, і сумна, бо то ж… праўда.

Да формы, якая ні ў чым не саступае спектаклям больш папулярных сёння жанраў, дадамо яшчэ і сатыру, якой у прэм’еры даволі шмат і якая яшчэ больш падкрэслівае трагічнае і надае гэтаму трагічнаму асаблівы пах. Ставім лайк, бо менавіта такога сатырычнага погляду на рэчаіснасць нашаму тэатру, як і нашаму грамадству ўвогуле, сёння бракуе. Ёсць, вядома, выключэнні (згадайма «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі» таго ж Карняга), але іх няшмат. У большасці беларускі тэатр сур’ёзны, мо таму часта і занадта пафасны? Калі ж ён і звяртаецца да смеху, то гэта смех камедыйны, лайтовы — ха-ха, хі-хі і забылі. «Сіндром Медэі» звяртаецца да сацыяльна-сатырычнага смеху. Спектакль стварае цэлую галерэю вобразаў, з якіх варта смяяцца. Гэта і фрэнды, якія з трагедыі робяць нагоду для самапрэзентацыі, перапалак і перамывання костак. Гэта і Ясон, які паводзіць сябе як звычайны мужык, якому патрэбна звычайная баба. «Элементарная прылада», — кажа ён пра сябе. І бяда яго менавіта ў гэтай простасці. Гэта і Маці Ясона, якая ўся — адна вялікая банальнасць і абмежаванасць. Гэта і Галя, для якой галоўнае — патусіць. Гэта ўсе, усе, усе. Можа падацца, што такое мора сатыры ў трагедыі не да месца. Але ж не, менавіта яна і дапамагае створанай сучаснай трагедыі стаць актуальнай, максімальна набліжае яе да рэчаіснасці, а гледачоў — да спектакля.

 Здавалася б, гуд, сучасная трагедыя на аснове нашага рэальнага жыцця не толькі магчымая, але ж яшчэ і спрацоўвае. Яна кранае сучаснага гледача, галоўнае ж — прымушае ў наш несур’ёзны век (пагодзімся са спектаклем) сур’ёзна задумацца пра высокія матэрыі. Аднак ёсць ва ўсім гэтым нейкая закавыка, што не дае спакою. Як у тым выдатніку: адныя дзясяткі ў яго, дый што з табой не так, дружа? Ці можна быць такім ідэальным? Дый навошта? Жыццё ж, яно, ведаеш, не такое адназначнае, чорна-белае. Так і з «Сіндромам Медэі». Усё тут па палічках расстаўлена, мараль гэтай байкі зразумелая. Аднак хочацца, каб да чорнага дый белага дадаўся б яшчэ і шэры, жоўты, ружовы, розны. Забіць дзяцей, каб тыя не жылі ў гэтым малапрыемным свеце, — нармалёва для трагедыі. Аднак ці нармалёва гэта для трагедыі на аснове сучаснага матэрыялу? Пытанне адкрытае.

Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».