Вы тут

У свеце індывідуальнасцей


Казка асаблівага хлопчыка ў дзіцячым спектаклі «Чыгунка»


Тэатр, бы акцёр, таксама выконвае ролі. Як і ўсялякае мастацтва, тэатр — інструмент для самавыяўлення, і ад чалавека залежыць, як яму працаваць. Ён можа быць надзейным прытулкам для летуценнікаў, сродкам пазбягаць рэчаіснасці ў надзвычайным, далёкім ад будзённасці, свеце. Ён можа стаць лекамі, што ўзмацняюць, паказваюць жыццёвую праўду, ачышчаюць душу праз катарсіс. Сямейны інклюзіў-тэатр «i» выкарыстоўвае сцэнічнае мастацтва як дзейсную тэрапію, якая дапамагае дзецям, хворым на аўтызм, наладжваць стасункі з равеснікамі, а астатнім удзельнікам студыі — вучыцца талерантнасці ды раўнапраўю.

Мюзікл «Чыгунка» — спектакль, у аснове якога — казка незвычайнага хлопчыка Кастуся Жыбуля. Гісторыю пад назвай «Сабачая чыгунка» ён прыдумаў яшчэ ў 9 год. Пачалося ўсё са звычайнага малюнка, які з цягам часу пераўтварыўся ў казку, а пасля — у п’есу. Не абышлося без дарослых: стварыць з дзіцячай казкі мюзікл хлопчыку дапамаглі бацькі — літаратары Вера і Віктар Жыбулі.

— У Кастуся велізарная колькасць гісторый, але казка «Сабачая чыгунка» для яго асаблівая, — кажа паэтэса Вера Жыбуль. — Гэта гісторыя пра сабачак, што ратуюць з бяды на чыгунцы ўсіх жывёл: лечаць параненых, знаходзяць тых, хто згубіўся. З казкай «Сабачая чыгунка» мы занялі адно з прызавых месцаў на конкурсе творчых работ Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы «Купаланяты». Для Кастуся важна разумець, што яго казкі цікавыя, іх чытаюць і нават ставяць у тэатры.

У стварэнні мюзікла ўдзельнічалі ўсе дзеці з Сямейнага інклюзіў-тэатра «i». Яны не толькі выйшлі на сцэну ў якасці акцёраў, але і дапамагалі рабіць касцюмы, дэкарацыі, музыку. Падчас спектакля цяжка сказаць, хто з дзяцей хворы на аўтызм, — перад гледачом паўстаюць таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі, кожны са сваёй творчай індывідуальнасцю. Сямейны інклюзіў-тэатр «i» ўжо мае досвед у падрыхтоўцы спектакляў. За год да «Чыгункі» яны выйшлі да гледача з мюзіклам «Флейта-чарадзейка».

«Сёння можна сказаць, што наш тэатр з’яўляецца не толькі мадэллю пабудовы інклюзіўных адносін, рупарам, які асвятляе праблему аўтызму, але таксама і жывым увасабленнем сацыяльнай інклюзіі на прыкладзе дапамогі канкрэтным сем’ям і дзецям з аўтызмам», — кажуць арганізатары праекта на ўласным сайце. Сапраўды, у маленькім тэатральным свеце ўстойліва працуе мадэль грамадства, жыццядзейнасць якога арганічна ўключае любога маленькага чалавека незалежна ад яго асаблівасцей. Дзяцей нароўні вучаць акцёрскаму майстэрству, сцэнічнай прамове, харэаграфіі, вакалу. Прадзюсар тэатра Леанід Дзінэрштэйн кажа, што пасля першай пастаноўкі яны ўбачылі маленькі цуд: відавочныя змены ў паводзінах кожнага з дзяцей. Да такога эфекту вядзе сур’ёзная праца і збалансаваная колькасць навучэнцаў. Даказана, што для найлепшай сацыялізацыі ў дзіцячым калектыве павінна быць не больш як 15% дзяцей з асаблівасцямі. Менавіта такі сімбіёз дае гарантаваныя і нават фантастычныя вынікі.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».