Вы тут

Стаўка на сучаснікаў


Час не ўладарыць над сапраўднымі каштоўнасцямі… Гэты тэзіс, што актыўна круціўся на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, укараніўся ў свядомасці і дапамог больш глыбока асэнсаваць само паняцце «каштоўнасць»: хоць і паходзіць яно ад слова «кошт», але не ўсё магчыма вымераць грашыма, гэта па-першае, а ёсць рэчы наогул бясцэнныя, гэта па-другое. І трэцяе: сапраўдныя каштоўнасці з гадамі толькі растуць у цане. Гэтым кіруюцца ў наш час тыя, хто імкнецца сваё рэальнае матэрыяльнае багацце (у грашовым вымярэнні) не проста захаваць, а памножыць (у вымярэнні духоўным). Як гэта бывае, можна пабачыць у галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе працуе вернісаж твораў сучасных беларускіх мастакоў са збору ААТ «Белінвестбанк».


Віктар Ціханаў «Цёплы дзень», 1991 г.

Сусветныя карпарацыі і бізнес-структуры фарміруюць свае карпаратыўныя калекцыі, кіруючыся нейкай вызначальнай рысай ці прынцыпам, інвестуюць у мастацтва. Практыка арганізацыі карпаратыўных калекцый у Беларусі дала парасткі: тры буйныя банкі збіраюць карпаратыўныя калекцыі, у якіх знаходзіць водгук як мінулае беларускага мастацтва, так і яго цяперашні дзень. Вядома, творы належаць уласніку, але свае калекцыі ўладары не хаваюць, робяць даступнымі для ўсіх праз мастацкія выстаўкі. Пагадзіцеся, цікава ведаць, творы каго з нашых сучаснікаў палічылі каштоўнымі.

Усяго збор твораў мастацтва Белінвестбанка ўключае больш за сто работ, сярод якіх жывапіс, графіка, акварэль, напісаныя ў 1990-я гады. Аўтары карцін — нашы сучасныя знакамітыя майстры, члены Беларускага саюза мастакоў: Уладзімір Тоўсцік, Міхаіл Басалыга, Сяргей Давідовіч, Ягор Батальёнак, Віктар Барабанцаў, Віктар Ціханаў, Людміла Карнеева, Аляксей Кокцеў, Ігар Арлоў ды іншыя.

Выставачная пляцоўка ператварылася ў прастору для падарожжаў. Беларускія краявіды на палотнах мастакоў — дарагая памяць. Дзесьці мы бачым прыгожы вясновы захад сонца, дзесьці паглыбляемся ў лясны гушчар, гуляем па прыгожых палях. І галоўнае, што кожны мастак адчувае прыроду па-свойму. Тут няма паўтораў і падобных стыляў, кожны з аўтараў адкрывае гледачу душу, у якой жыве вялікая любоў да роднай зямлі.

Па словах старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы, кожны з прадстаўленых аўтараў заслугоўвае павагі. Бо індывідуальны стыль выпрацаваць заўсёды складана. І таму вельмі важна, што творамі мастакоў цікавяцца, іх набываюць. Гэта найлепшае дасягненне.

Падчас выстаўкі.

Белінвестбанк набывае мастацкія работы айчынных аўтараў на працягу многіх гадоў, прычым аддае перавагу творам, якія нясуць думку, эмоцыю. Самі супрацоўнікі на адкрыцці праекта распавядалі, што многія творы размешчаны ў працоўных кабінетах. І калі некаторыя карціны вывезлі на выстаўку, у памяшканні стала пуста. Гэта сведчанне, што мастацтва сілкуе чалавека, натхняе яго на працу.

— Збіраючы творы мастацтва, мы, па-першае, падтрымліваем творцаў, мацуем культурны здабытак рэспублікі і, па-другое, паказваем, што ведаем і адчуваем свае нацыянальныя карані, — адзначыў на адкрыцці выстаўкі старшыня праўлення банка, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Андрэй Брыштэль. — Наша ўстанова ўдзельнічае ў сацыяльна значных ініцыятывах, аказвае спонсарскую падтрымку ў ажыццяўленні шэрагу культурных праектаў, сярод якіх фестывалі «Славянскі базар у Віцебску» і «Лістапад». Белінвестбанк адзначаўся дыплом «Мецэнат культуры Беларусі».

Як мяркуюць мастакі, прыватныя кампаніі ў наш час даюць магчымасць творцам зарабіць, ды і карціны не будуць пакінутымі без увагі на паліцы: кампаніі часта прадастаўляюць творы са сваіх калекцый для разнастайных выставак. Такая сістэма — вялікі ўнёсак ў фарміраванне і развіццё нацыянальнай культуры.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.