Вы тут

Як аднаўляюцца забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі?


26 красавіка 1986 года назаўжды перавярнула лёс мільёнаў. Некаторыя эксперты нават параўноўваюць выбух на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі з «бруднай» ядзернай бомбай. Каб даведацца, як адбываецца ў Беларусі ліквідацыя наступстваў, карэспандэнт «Звязды» звярнуўся да спецыялістаў Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.


— Брагінскі, Хойніцкі, Нараўлянскі раёны адносяцца да ліку 21 найбольш пацярпелага ад аварыі. Але апошнім часам атрымала новы імпульс тамтэйшая прамысловасць, у тым ліку і харчовая, — кажа начальнік аддзела навуковага забеспячэння і міжнароднага супрацоўніцтва Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Ігар Семяненя. — Шмат прадукцыі ідзе на экспарт. Напрыклад, з Хойнікаў да замежных пакупнікоў адпраўляюцца сыры. А цяпер давайце зазірнем у Рагачоўскі раён. Колькі давялося выслухаць, маўляў, малочныя прадукты адтуль браць нельга, бо ў іх шмат радыяцыі. Хоць гэта немагчыма апрыёры. На прадпрыемствах дзейнічае трохступеньчатая сістэма кантролю радыеактыўнага забруджвання. Правяраецца сыравіна, якая паступае, адбываюцца замеры падчас тэхналагічнага працэсу, і праз выніковы кантроль праходзіць ужо гатовая прадукцыя. Найбольш паказальны тут 2014 год, калі малочнай прадукцыі з Рагачова было экспартавана на 140 мільёнаў долараў! Прычым прадукцыя даязджала нават да Віргінскіх астравоў і ў ЗША.

Чарнобыльскую катастрофу нярэдка называюць сельскагаспадарчай. Мяркуйце самі: доўгажывучымі радыеактыўнымі элементамі было забруджана 1,8 мільёна гектараў зямлі. З іх 265 тысяч гектараў было ўвогуле выведзена з сельгасабароту. Праўда, з 1993 года яны пакрысе вяртаюцца ў апрацоўку ў сувязі з натуральным распадам радыенуклідаў. Але такіх угоддзяў няшмат — пакуль сеяць можна толькі на 18 тысячах гектараў «новых старых» земляў.

Перад намі стаіць задача: як зменшыць колькасць радыенуклідаў, якія паступаюць у сельскагаспадарчую прадукцыю? Распрацавана шмат тэхналогій. Вялікая ўвага ўдзяляецца ўгнаенням з павышаным утрыманнем калію, фосфару, азоту і арганічных рэчываў, якія рэзка тармозяць працэс забруджвання. Кіслыя глебы мы вапнуем, каб зменшыць перасоўнасць небяспечных рэчываў. Вельмі важны момант — правільны падбор культур. Возьмем два калівы: звычайнага азімага жыта і лубіну, які ў якасці кармавой культуры выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі. Аказваецца, што калі абодва калівы вырашчаны ў аднолькавых умовах, то ў жыце назапашваецца радыенуклідаў у 24 разы менш.

— Наколькі жорсткія нарматывы па цэзіі-137 і стронцыі-90 дзейнічаюць для харчовай прадукцыі ў Беларусі?

— Яны пераглядаліся 8 разоў. Кожны раз станавіліся больш жорсткімі. Для прыкладу, давайце разгледзім нарматывы Мытнага саюза. За аснову былі ўзяты правілы, якія дзейнічаюць у Расіі. Па цэзіі-137 разыходжанняў у нас няма, а вось па стронцыі-90 ёсць, і даволі значныя. Напрыклад, яго доза ў малацэ па правілах Мытнага саюза не павінна перавышаць 25 бекерэляў на кілаграм, а ў нас — 3,7. Розніца, як бачыце, амаль у 7 разоў. Прычым наша прадукцыя з радыелагічнага пункту гледжання вырабляецца толькі па беларускіх нарматывах. А калі параўнаць гранічна дапушчальныя нормы ўтрымання цэзію-137 з тымі, якія дзейнічаюць у Еўрасаюзе, то ў нас яны таксама больш жорсткія ў разы. Напрыклад, розніца па хлебе амаль пятнаццаціразовая. Калі ж узяць за маркер Харчовы кодэкс, створаны Харчовай і Сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН, то разыходжанне па гранічна дапушчальнай норме стронцыю-90 у хлебе, малацэ, бульбе складае 27 разоў. А па пітной вадзе — і ўвогуле 270.

— Цэзій-137 і стронцый-90 ужо прайшлі праз адзін перыяд паўраспаду. Як шмат зямлі ачысцілася з таго часу?

— У 1986 годзе першы радыяцыйны ўдар прыйшоўся на ўсю тэрыторыю Беларусі. Кароткажывучыя элементы накшталт ёду-131 распаліся хутка. Праўда, чорную справу для шчытападобных залоз зрабіць усё ж паспелі. Цэзій-137 спачатку выпаў на 22,3% тэрыторыі краіны. Напрыклад, ва Украіне ім было забруджана каля 7 працэнтаў плошчы, а ў Расіі — паўтара працэнта еўрапейскай часткі. Цяпер жа ён застаўся на 13,4% плошчы Беларусі. Стронцый-90 зыходна трапіў на плошчу ў два з паловай разы меншую за тую, якую заняў цэзій. Але 2% краіны прынялі на сябе ўдар трансуранавых элементаў. Ізатопы плутонію-239, -240, -242 будуць ляжаць на нашай зямлі яшчэ не адну тысячу гадоў. У плутонію-241
перыяд паўраспаду меншы значна — усяго 14,4 года.

— Але ён пераўтвараецца ў таксама небяспечны амерыцый-241, пра які апошнім часам сталі гаварыць шмат...

— Так, да 2056 года колькасць амерыцыю ў глебе будзе расці. А зніжацца будзе павольна, бо ізатоп мае перыяд паўраспаду ў 432 гады. Прычым лічыцца, што перыяд поўнага распаду рэчыва наступае толькі пасля 10 перыядаў паўраспаду.

Але давайце прасочым, як утвараецца амерыцый. Трансуранавыя элементы рэактар выкінуў на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Украіны. 97% з таго, што трапіла на Беларусь, ляжыць на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У амерыцый пераўтвараецца плутоній-241. Па экспертных ацэнках, па-за межамі запаведніка знаходзіцца не больш за 50 грамаў рэчыва. Інстытут радыялогіі нядаўна праводзіў спецыяльныя тэсты. Малако і бульба з хатніх гаспадарак, размешчаных каля межаў запаведніка ў Брагінскім, Нараўлянскім і Хойніцкім раёнах спецыяльна правяраліся на амерыцый. Прыборы яго не знайшлі. Хоць адчувальнасць у іх вельмі высокая — адзін мілібекерэль на кілаграм. А гэта значыць, калі ён там і ёсць, то яго настолькі мала, што нават не рэгіструе спецыяльная апаратура.

— А якая работа вядзецца непасрэдна ў запаведніку?

— Ён раскінуўся на 216 тысячах гектараў зямлі. 68 тысяч з іх займае эксперыментальна-гаспадарчая зона. Тут створаны эксперыментальныя пчалапасека, сад. Больш за 20 гадоў тут ужо разводзяць коней. Сфарміраваўся нават селекцыйны масіў парод. У 2006 годзе запаведнік быў уключаны ў спіс племянных гаспадарак краіны. Нам гэты вопыт важны ў плане развіцця конегадоўлі ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання.

Адна з вуліц вёскі Судкова, пацярпелага ад чарнобыльскай аварыі  Хойніцкага раёна.

— На забруджаных тэрыторыях у Беларусі жыве больш за мільён чалавек. Сярод іх — больш за 170 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Як яны аздараўляюцца? І як у гэтым нам дапамагае замежжа?

— З 2005 года ўрад Японіі рэалізуе праграму «Карані травы». У нашы пацярпелыя раёны японцы паставілі медыцынскай тэхнікі на суму больш за 3 мільёны долараў. Дапамог нам і Кітай. Гэтая краіна ўклала 4,5 мільёна долараў у рэканструкцыю Гомельскага абласнога кардыялагічнага дыспансера, а таксама паставіла медыцынскай і камп'ютарнай тэхнікі на 2,5 мільёна. І гэта толькі адзінкавыя прыклады...

— Мы кіруемся Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС і ад іншых радыяцыйных аварый», — дадае начальнік аддзела сацыяльнай абароны і прававой работы Дэпартамента Наталля Кахноўская. — Прыняты ён у 2009 годзе. Згодна з ім, усе дзеці, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, маюць права на бясплатнае аздараўленне тэрмінам да аднаго месяца. Яны адпраўляюцца ў дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры. На тэрыторыі Беларусі па рашэнні кіраўніка дзяржавы было створана 9 такіх устаноў ва ўсіх рэгіёнах, а цяпер іх ужо налічваецца 12. Такія цэнтры здольны прымаць дзяцей цэлымі класамі, каб не парушаць навучальны працэс. Яны атрымліваюць і спецыфічнае харчаванне: у рацыён уваходзіць шмат рыбы, пекцінаў, садавіны і гародніны. І праходзяць праз поўнае медыцынскае абследаванне, санаторна-курортнае лячэнне.

Але дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры могуць прыняць за год толькі 60 тысяч дзяцей. У той час як на забруджанай тэрыторыі іх жыве каля 170 тысяч. Таму па магчымасці закупляюцца пуцёўкі і ў іншыя дзіцячыя санаторыі. Агулам жа за год аздараўляецца больш за 80 тысяч дзяцей. Летась на гэта было затрачана 72 мільёны рублёў.

— А калі казаць пра маладых спецыялістаў?

— За апошнія два гады толькі ў Гомельскай вобласці было пабудавана 180 кватэр. Новае жыллё з'явілася ў Нароўлі, Чачэрску, Хойніках, Карме, Брагіне, Ветцы. Яно ўзводзіцца для маладых спецыялістаў, накіраваных на работу на тэрыторыю, дзе ўзровень забруджвання перавышае 5 кюры на квадратны кіламетр. І калі малады спецыяліст заключыць кантракт адразу на пяць гадоў, то яму выплацяць 300 базавых велічынь.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пасля Чарнобыля. Жыццё працягваецца

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.