Вы тут

Чары для дарослых


або Каму гэта патрэбна…

Размова пойдзе пра кнігу Ганны Навасельцавай «І чарам сніцца чалавек…», у прадмове да якой Анатоль Казлоў піша: «Адметная з’ява ў айчыннай літаратуры, яна зацікавіць не толькі дарослых чытачоў, але і моладзь, вучняў старэйшых класаў. Стане добрым дарадчыкам у пазнанні, спасціжэнні і асэнсаванні бязмежнага багацця беларускага фальклору». І прычын не давяраць словам паважанага пісьменніка няма — прынамсі, пакуль чытаеш прадмову...


Кніга, якая, хутчэй за ўсё, выдавалася як пацвярджэнне статусу «пісьменнік», можа разлічваць збольшага на каляаўтарскую аўдыторыю: сябры, знаёмыя, калегі. І гэта не праблема Ганны Навасельцавай, а сітуацыя, у якой аказваюцца амаль усе беларускія пісьменнікі-пачаткоўцы або тыя, хто нарэшце вырашыў выдаць сваю першую кнігу. Прынамсі «І чарам сніцца чалавек…» складаецца з ужо друкаванага ў розных літаратурных часопісах ды газетах і новенькага. Хто раней пазнаёміўся з творамі аўтара і жадае пачытаць яшчэ, мае магчымасць набыць кнігу — збор міфалагічных апавяданняў з аўтарскім размеркаваннем па паджанрах: легендавае, міфалагічнае, міфалагічна-легендавае, казачнае. Таксама ёсць апавяданне-ўспамін і міфалагічны трыпціх.

Дык вось. Як падаецца мне, асноўная праблема кнігі Ганны Навасельцавай — аўдыторыя. Калі аўтар насамрэч хацела проста патрымаць у руках адбітак сваёй творчай працы, каб усё напісанае было пад агульнай вокладкай, — ніякіх пытанняў не паўстае. Калі ж усур’ёз спрабаваць разабрацца, каму патрэбная кніга «І чарам сніцца чалавек…», трэба вяртацца да прамовы Анатоля Казлова.

«Дарослы чытач» — паняцце вельмі шырокае. Мяркую, у сітуацыі з гэтай кнігай можа спрацаваць гісторыя кшталту «калі ёсць адзін чалавек, якому падабаецца, абавязкова знойдзецца і другі». Не суперкамерцыйная рэч, канешне, але ж спрацоўвае. І тут можна паспадзявацца на тых, хто нібыта нічога не ведае пра беларускую міфалогію, — пазнаёмцеся, падумайце, асэнсуйце. Але гэта вельмі вузкае кола «дарослых чытачоў». Можна, безумоўна, падумаць пра тых, хто спецыялізуецца на міфалогіі, але ці не будзе гэта падобна да экранізацыі гістарычных падзей, пасля прагляду якой не знойдзеш ніводнага задаволенага гісторыка?.. Таксама трэба мець на ўвазе і такі варыянт развіцця падзей, калі наш абстрактны «гісторык» папросту не пойдзе глядзець тую экранізацыю. А тым, хто не шукае недарэчнасцяў і ляпаў, фільм, быць можа, падасца найлепшым з прагледзеных за апошні год. Безумоўна, пры ўмове, што ён будзе добра зняты, з дынамічным сюжэтам, цікавымі гісторыямі персанажаў, блізкімі да гледачоў маналогамі і дыялогамі. Ці ёсць усё тое ў кнізе «І чарам сніцца чалавек…»?

Аўтарская паджанравасць грунтуецца роўна на тым, што будзе асновай у пэўным апавяданні: калі гэта легендавае, аснова — легенда, калі міфалагічнае — міф, калі міфалагічна-легендавае — і тое, і другое. Па такім прынцыпе зразумела, на чым будзе заснаванае апавяданне-ўспамін і казачнае? Так.

Амаль што ў дзвюх трэціх усіх апавяданняў згадваюцца тры браты, і хоць яны не асілкі і часцей за ўсё маюць дрэнныя характарыстыкі, увагу на сабе засяроджваюць добра. Магчыма, не трэба чытаць некалькі тэкстаў з кнігі адразу, лімітаваць па адным апавяданні на дзень, каб не было адчування дэжавю? Але нават пры гэтай умове дынамічнага чытання не атрымаецца — пабудова сюжэтаў і стылістыка тэкстаў не дазваляюць. Праўда, гэта не пра «Сапраўдных асілкаў» і «Лесавіка, вадзяніка, палявіка». Яны толькі для цярплівых: апавяданні на апошніх старонках.

Вернемся да вызначэння аўдыторыі. Моладзь. Хто гэта? Калі вам крыху за трыццаць, у Беларусі вы таксама адносіцеся да катэгорыі «моладзь». Ці ўжо «дарослы чалавек»? Калі адказ станоўчы, можна яшчэ раз перачыць тое, што напісана вышэй. Калі казаць пра аўдыторыю да трыццаці год, пытанне становіцца больш складаным. Будзе ўлічвацца не толькі прафесійная спецыялізацыя, але і размежаванні па інтарэсах, якія пасля або перакваліфікуюцца ў прафесійныя, або стануць хобі. Кніга Ганны Навасельцавай можа ўспрымацца як мастацкая літаратура, заснаваная на беларускай міфалогіі. Гэтаксама яна можа стацца грунтам для студэнцкай работы, прысвечанай сувязям міфалогіі і літаратуры: спосабы, мастацкая вартасць, стварэнне новых вобразаў ды інш. Але ці не будзе гэта выглядаць штучна?..

Знойдзецца поле дзейнасці і для людзей, якія любяць цытаваць. Вось некалькі прыкладаў: «любое пакаранне мае межы, любая віна мае выкупленне», «дзіва не можа таіцца вечна», «не бывае скрадзенага шчасця». Будзе што пачытаць і аматарам доўгіх маналагічных расповедаў-разважанняў ад першай асобы: «Я (бурлівая крыніца. — Аўт.) бягу ў далёкі нязведаны свет. Хачу збегчы адсюль, збегчы ад пакут, пазбыцца гора… Мінаю квяцістыя берагі, поўныя радасці, поўныя пацехі. Гэта няпраўда, што я некалі там была. Смяшлівая, бесклапотная. Ці даўно? Не ўспомню. Адбіваюцца ў плыткай вадзе лёгкія аблокі. Узіраюцца ў празрыстую плынь. І толькі я адна ведаю, толькі я адна бачу, што хаваюцца за аблачынкамі і прагныя і страшныя…»

Калі прытрымлівацца чытацкай паслядоўнасці, прапанавай Анатолем Казловым, наступныя — вучні старэйшых класаў. Іх зацікаўленасць кнігай «І чарам сніцца чалавек…» можа выяўляцца як інтарэс да літаратуры, абавязковай для прачытання або ў якасці дадатковай. Але ж усім зразумела, наколькі гэта рэальна. З іншага боку, у кнізе шмат элементаў чарадзейства, што можа зацікаваць школьнікаў сярэдніх і малодшых класаў у залежнасці ад інтарэсаў.

Персанажы — Ваўкалак-людажэр, цмок, Варкотка, пушчавік і іншыя — маюць надзвычайныя ўласцівасці. «Чарадзейная котка ўмее размаўляць, угадваць думкі-жаданні. Насылае сваім вуркатаннем прыемныя сны. Не ловіць мышэй, крадзе смятану». «Ён (Ваўкалак-людажэр. — Аўт.) мог лёгка прыняць любое аблічча, каб падмануць таго, каго нагледзеў сабе ахваряй». Сустракаюцца магічныя артэфакты: чарадзейны рог спраўдзіць любое чалавечае летуценне (з апавядання «Паўночнік»), а той, хто ўтрымае ў руках маладзільны яблычак, «будзе заўсёды шчаслівым». Аўтар апісвае розныя чарадзействы: «Успыхвае ярка папаратнікавы каменьчык у руках малодшай князёўны. Прасвятляе балотнае цемрыва, праганяе хіжы цень. Велічна паўстае перад намі вялікая гара, якой тут адвеку не было ніколі…» Ёсць у тэкстах і «прывітанне з прагназаванай будучыні» кшталту: «Здарыцца вялікая бяда. Абудзяцца варожыя чарадзействы чужой зямлі. І тады прыляціць з чужыны цуда-юда, прынясе з сабою смерць і няволю… цяжка будзе з ім, моцным, крылатым, змагацца. І тады той, хто зможа тое цуда-юда перамагчы, будзе абраны князем. І атрымае пашану, славу, памяць».

Асаблівай ўвагі заслугоўвае казачнае «Сапраўдныя асілкі!» — апавяданне, якому зусім не абавязкова ўваходзіць у склад кнігі. З папраўкамі на ўзрост малодшых і сярэдніх школьнікаў твор можа стаць самастойнай кнігай. Пытанне ў добрых ілюстрацыях і якасным выданні. Шанец паказаць беларуса не нявольнікам, а асілкам у вышыванцы губляць нельга. Тым больш што ён будзе з чарадзейным коцікам... А, як сведчыць мультыплікацыя, хоць бы «Шрэк» ці «Кот у ботах», сяброўства паміж чалавекам і катом можа стаць прыбытковым нават для аўтараў.

Юля ВАЎЧОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».