Вы тут

Што гатуе беларуская малекулярная кухня ў інтэрнэце?


У студзеньскім нумары «Полымя» (2017, № 1) І. Шаўлякова-Барзенка закранула надзвычай актуальнае пытанне функцыянавання сучаснай беларускай літаратуры ў інфармацыйным грамадстве. Згаданая праблема і форма яе падачы выклікае непазбежную асацыяцыю са стравай папулярнай сёння «малекулярнай кухні», калі неабазнанаму дэгустатару прапануецца няхай і густоўна аформлены, аднак вонкава лаканічны прадукт «кулінарнай фізікі», што пры далейшым смакавым азнаямленні аказваецца пазнавальным шэдэўрам кухарскага майстэрства.


Так, невялікі па памерах артыкул названай аўтаркі аказаўся надзвычай паліморфным даследаваннем, цэнтральнае месца ў якім займае канстатацыя немагчымасці ігнаравання сучаснай беларускай літаратурай (як сістэмай пераважна класічнага тыпу) найноўшых тэндэнцый постіндустрыяльнай рэчаіснасці. Пры гэтым даволі пазнавальным паўстае стыль І. Шаўляковай-Барзенка з яго арыентацыяй на самапалемічнасць як аснову навуковай аб’ектыўнасці. Магчыма, таму выкладзеныя ў рабоце тэзісы выступілі безапеляцыйнай асновай для яшчэ аднаго артыкула «Чытанне павінна быць модным, а пісьменнік — пазнавальным» («ЛіМ», № 9, 3 сакавіка 2017) А. Мельнікавай, дзе, па сутнасці, падаецца разгорнутая ілюстрацыя аксіялагічнага, жанрава-стылявога патэнцыялу айчыннага прыгожага пісьменства ва ўмовах медыйнасці.

У сваю чаргу, хацелася б працягнуць абмеркаванне тэмы і дадаць у скарбонку пакінутых адкрытымі пытанняў праблему нацыянальнай ідэнтыфікацыі віртуальнага вербальнага мастацтва. Насамрэч, што ёсць уласна беларуская інтэрнэт-літаратура? Якія крытэрыі павінны быць выкарыстаны пры яе характарыстыцы? Які паказчык варта лічыць вызначальным: фармальны (мову) ці зместавы (факт распрацоўкі шматлікіх індывідуальных інтэрпрэтацый нацыянальных вобразаў, сімвалаў і г.д.)? І, што самае галоўнае, ці патрэбна правядзенне дадзенай «этнадыягностыкі» пры ўліку непазбежнага імкнення інтэрнэтпрасторы да глабалізацыі, пераходу на адрозна новы, часцей невербальны, тып камунікацыі (праз колеры, гукі, набор неалфавітных знакаў, etc.)?

Акрэсленыя вышэй пытанні даволі складаныя і вартыя стаць цэнтральнымі на старонках не аднаго друкаванага артыкула і, тым больш (а нават лепш), віртуальнага форуму (у першую чаргу, па прычыне сваёй мабільнасці). Варта адзначыць толькі той факт, што беларускамоўны пласт інтэрнэт-літаратуры ў найвышэйшай ступені адпавядае галоўным патрабаванням так званай «мастацкай» сеціратуры. Пэўная элітарнасць беларускамоўнай віртуальнай літаратурнай прадукцыі, а таксама абмежаваная колькасць яе стваральнікаў (з нярэдка выразна акрэсленай філалагічнай скіраванасцю інтарэсаў) прыводзяць, па сутнасці, да яе інтэнсіфікацыі, арыентацыі на якасць, а не на колькасць тэкстаў.

 Аднак дадзеная акалічнасць цалкам не дае падставы атаясамліваць уласна беларускую сеціратуру з выключна беларускамоўнай інтэрнэт-літаратурай. Бо пры такім раскладзе па-за межамі віртуальнай літаратурнай практыкі застаецца шэраг неблагіх рускамоўных аўтараў, якія, акрамя шырокай прапаганды сваёй творчасці ў віртуальнай прасторы (а сеціратура — гэта, у першую чаргу, выдатная школа піяр-тэхналогій), паспелі сцвердзіць сябе і ў традыцыйным «папяровым» друку.

Тым не менш руская мова, роўна як і англійская, па прычыне масавасці сваіх адэптаў выкіроўвае сеціратуру на экстэнсіўны шлях развіцця, што непазбежна прыводзіць да пагаршэння якасці мастацкіх тэкстаў. У дадзеным плане пэўная ізаляцыя беларускамоўнага віртуальнага твора выглядае як своеасаблівая панацэя ад дэградацыі. З іншага боку, такім чынам беларуская віртуальная прастора адмаўляе сабе ад магчымасці падзення, без якога, вядома, ніякі ўзлёт не будзе дастаткова эфектным.

Марына АММОН, кандыдат філалагічных навук, асістэнт кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.