Вы тут

Людка Сільнова. Нетутэйшая паэзія «тутэйшай»


Адна з самых адметных беларускіх паэтэс, у творчай скарбонцы якой — шматжанравае суквецце вершаў як прыклад адлюстравання авангардных кірункаў у беларускай літаратуры канца ХХ ст. Напярэдадні дня нараджэння Людкі Сільновай згадалася даўняя, яшчэ 2012 года, гутарка з паэтэсай (а таксама — перакладчыцай, лаўрэаткай прэмій «Гліняны Вялес» і «Залаты апостраф»). Звярнуўшыся да яе сёлета, удалося «актуалізаваць» і нават атрымаць дапаўненне да той колішняй размовы, якую мы й прапануем чытачам «ЛіМа».


— Вашыя кнігі кожны раз здзіўляюць: «Рысасловы» — вершы-малюнкі, а зборнік «Агністыя дзьмухаўцы» — візуальная проза. Як іх успрымаць чытачу?

— Зборнік «Агністыя дзьмухаўцы» — гэта не «візуальная проза», як напісана ў анатацыі, а самая што ні ёсць паэзія, паэзія кахання, выказаная сюжэтнай нізкай аўтарскіх малюнкаў з сімвалічнымі подпісамі: «Тваё пасланне», «Інтымнае», «Дзеці-кветкі», «Здрада», «Наш праект» ды іншыя. Праўда, у выдавецтве ў сярэдзіне кніжкі крыху пераблыталі паслядоўнасць малюнкаў аб прыгодах гэтых двух «бліскучых — праз перажыванне кахання — істот». Малады Зміцер Вішнёў напісаў у штотыднёвіку «Культура» невялікую рэцэнзію на «Агністых дзьмухаўцоў» і, мяркую, неўзабаве сам пераняў ідэю гэтых пухнатых персанажаў. На маё здзіўленне, ён ператварыў іх з цудоўных у жахлівых (для патрэб сваёй эстэтыкі) і растыражаваў апошніх на ўласных жывапісных палотнах, паштоўках, календарах і г. д. А паэт Алесь Туровіч, натхніўшыся маімі персанажамі — «агністымі дзьмухаўцамі», — назваў гэта ўсё «экалагічнай эзатэрыкай» і напісаў на кожны мой малюнак верш-экспромт, які пакінуў паміж старонкамі (захоўваюцца ў маім архіве). Добра было б зрабіць другое, дапоўненае выданне...

— Кнігі «Галінка ў інеі», «Вільготныя іерогліфы», «Уздоўж індзейскай ракі», «Валянцінка», «Дудачка», «Вогненная сябрына» я бачыла толькі як рукапісы ў каталогу НББ. Яны не друкаваліся?

 — Так, я рабіла ў 1990-я гады «самаробныя кнігі» або арт-бук у адным асобніку. Частку калекцыі я сапраўды падарыла Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (як гістарычныя артэфакты — пасля персанальнай выстаўкі «Рыфмы колеру» ў 2001-м); некаторыя хэнд-мэйд кнігі я падарыла калегам па пяры, бібліятэкарам, роднай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча ў Маладзечне. Помню, былі такія: «Празрысты кот» (на цюлевай тканіне), «Запісы на кулінарнай фальзе» (на кулінарным алюмініі), «Бацькава мова» (на паперы) ды іншыя. Многія з тых вершаў нідзе афіцыйна не друкаваліся, а некаторыя патрапілі (як вузельчыкі на памяць, «ключы», зачэпкі для літаратурных даследчыкаў) у пазнейшыя мае падборкі ў перыёдыцы і ў аўтарскія кнігі пачатку 2000-х гг.: «Зеленавокія воі і іх прыгажуні» і асабліва — «Зачараваная краіна». Сама я прыхільніца старой паэтычнай школы, сілаба-танічнага верша. Так, як ні дзіўна, таго самага «парадна-вайсковага» рыфмаванага верша і «святочна-народнага», крыху хаатычнага верлібра (які стаў ужо таксама традыцыйным, амаль народным, нават сучасным гарадскім фальклорам, у нечым хіп-хопам, вершам без дзяржаўных межаў). Люблю і ўсходнюю паэзію малых формаў у добрых перакладах ці таленавітых перайманнях.

 — Якія ў вас былі ўзаемадачыненні з аб’яднаннямі «Тутэйшыя», «Таварыства вольных літаратараў», «Бум-бам-літ»?

— Я лічыла сябе паўнавартасным сябрам Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», амаль ад першых пасяджэнняў у Доме літаратара, куды з неверагоднай цяжкасцю вырывалася з дому, ад сям’і з малымі дзецьмі, пакінуўшы іх на бацьку, свякроў, бабулю-суседку; мяняла свае змены ў раскладзе вячэрніх дзяжурстваў па бібліятэцы, упрошваючы часам вельмі незадаволеных калег... Хадзіла амаль на ўсе пасяджэнні, вучылася, канспектавала, напісала праграмны верш «Тутэйшая», брала ўдзел у калектыўных падборках вершаў, у сумесным канцэрце на сцэне Дома літаратара. Пасля ціхіх, чароўных «Крыніц» гэта была сапраўдная палемічная пляцоўка: супрацьстаянне поглядаў на літаратуру А. Глобуса і А. Сыса, напружанае тэатральнае дзейства, шматлікія «госці ў студыі» са знаных асоб беларускай літаратуры і гісторыі, некампліментарнае абмеркаванне новых твораў сяброў аб’яднання. Штораз шмат навічкоў, маладых прыгожых твараў, бярэма надзей на ашаламляльны поспех — вось-вось, ну, праз 3-4 гады!..

Але, нягледзячы на маю адданасць калектыву, ён не палічыў мяне сваёй, «тутэйшай». Рукапіс кнігі «Дзіця» разграмілі, нават назву (з яго пасля паўстаў зборнік «Ластаўка ляціць...»). У аб’яднанне афіцыйна мяне прынялі толькі неправадзейным членам — «без права голасу». Гэта была абраза або нейкае непаразуменне... У дадатак, не ўзялі мае вершы (я падавала розныя, два разы!) у першы і, як выявілася, апошні альманах «Тутэйшыя», у які ўвайшлі творы тых, каго я мо адзін раз і бачыла на пасяджэннях і імпрэзах або не бачыла ніколі: дзясяткі «нетутэйшых»! Магчыма, тут гуляла ў сваю гульню пані Камерцыя... Ці яны цьмяна бачылі ўва мне нешта русафільскае (я філолаг-русіст), касмапалітычнае, будучую авангардную, мадэрнісцкую паэтку, даследчыцу-эксперыментатарку? Ці проста сталую, сямейную жанчыну з дзецьмі-заложнікамі (па Бэкану), якой я і была насамрэч? Я была сапраўднай «тутэйшай» — з гэтых мінскіх земляў, дзе стагоддзямі жылі мае продкі. Нават у дзясятую гадавіну «Тутэйшых» я, па запрашэнні спадароў Шніпоў, удзельнічала ў «юбілейным чаяванні» ў іхняй кватэры і літаратурнай размове пра львоў і авечак часоў перабудовы, разам з былымі сябрамі таварыства. Зла на злых дзяцей я не трымала…

Пасля распаду «Тутэйшых» я ўдзельнічала ў мерапрыемствах і публікацыях Таварыства вольных літаратараў, а пазней Бум-бам-літа. Мела запрашэнні ад арганізатараў уступіць у гэтыя літаратурныя суполкі, але далікатна адмовіла на самым пачатку, пагадзіўшыся толькі на вольнае супрацоўніцтва з імі. Мне было цікавае, як і цяпер, эксперыментатарства ў літаратуры! І хацелася друкавацца, выступаць, абмяркоўваць ідэі на творчых канферэнцыях, мець хоць якую партыю «ў літаратурным хоры», хоць другое сапрана, хоць альт! Урэшце, быць сведкай і ўдзельніцай тварэння новых імёнаў, новай літаратуры на постсавецкай прасторы…

 — Ці можаце вы аднесці сваю творчасць да кірунку постмадэрнізму?

— Я адношу сваю творчасць не да постмадэрнісцкага кірунку, а да авангардысцкага, эксперыментальнага, нават у нечым… фальклорнага. Тут галоўнае — сам матэрыял мовы, гукавой афарбоўкі і стаўленне аўтара да людзей, рэчаў, свету навокал. Як філолагу мне блізкая літаратура Пушкіна, Лермантава, Маякоўскага, Цвятаевай, Хлебнікава (асабліва Хлебнікава!), Багдановіча, Разанава, Лема… Многія з іх таксама эксперыментавалі і малявалі: вось дзіўнае супадзенне са схільнасцямі Людкі Сільновай, якую я як філолаг нібыта прыдумала — так часам мне здаецца. Яна гуляла ў розныя фармалістычныя і рэалістычныя кірункі літаратуры: мадэрнізм, сімвалізм, імажынізм, акмеізм, сюррэалізм, дадаізм, фальклорна-абрадавыя практыкі, постмадэрнізм і інш., асвойваючы мову і яе магчымасці. І неяк прызналася чытачам «Маладосці»: «Да нанатэхналогій хачу аднесці слова».

— Чаму вы сябе называеце менавіта Людкай (не Людмілай)? Звычайна такую форму імя выкарыстоўваюць пры неафіцыйных стасунках, а часам нават з адценнем пагарды...

— За 35 гадоў я так прывыкла да яе, што нічога такога не адчуваю. Па-першае, усе літаратары ў 1980-я гады і нашмат раней часта бралі як састаўную частку свайго літаратурнага імя імя «моладзевае», нават калі падлеткам яго так, можа, і не звалі: Янка (Лучына, Купала, Маўр), Алесь (Дудар, Адамовіч, Разанаў), Пятрусь (Броўка), Юрка (Голуб) і г.д. І жаночы варыянт быў добра вядомы: Зоська (Верас). Я проста працягнула гэту традыцыю. Па-другое, у пачатку 1980-х па радыё часта гучала песня «Людка» на словы Янкі Купалы ў выкананні «Песняроў». Па-трэцяе, так часта звалі мяне мае родныя вясковыя бабулі. Па-чацвёртае, у мяне ў тых «тутэйшых» 1980-х напісаўся мініяцюрны вершык-тлумачэнне: «Людка — адзінка вялікага люду…». А, па-пятае, зусім нядаўна, падпісваючы сваю кніжку «Крышталёвы сад» роднаму ўніверсітэту, я раскрыла ў дужках сваё дзявочае прозвішча, пад якім была тут студэнткаю, — і зразумела, што мілае мне «ка» — гэта пачатак майго дзявочага прозвішча. Атрымліваецца, маё цяперашняе літаратурнае імя — гэта скарочанае поўнае ЛЮ(дміла) Д(анілаўна) КА(пуцкая) СІЛЬНОВА. Вось такая «формула жыцця» зашыфравалася ў ім...

— Зборнік паэзіі «Горад Мілаград» (2016) вы прысвяцілі «сучаснаму, найперш гарадскому, чытачу з добрай адукацыяй і жаданнем прыстасавацца да хуткаплыннага жыцця ў мега-гарадах будучыні». Ці не баіцеся, што такім чытацкім прызначэннем значна абмяжоўваеце адрасата сваёй паэзіі?

— Не, не баюся. Гараджан сёння ў Беларусі больш, чым сельскіх жыхароў. Ды і ў быце апошніх ужо шмат элементаў гарадскога ладу жыцця. Добрай адукацыяй зараз нікога не здзівіш… Што тычыцца ўзросту, гэта паняцце ўмоўнае.

 — Што маеце на ўвазе пад «тэхнікай дэтэктыўнага пісьма»?

— У анатацыі — алегорыю, іншаказанне, шыфраванае сімвалічнымі вобразамі «іншапісання». Але я дамагалася, каб верш успрымаўся і проста, на першым павярхоўным узроўні: як паштовы пакунак, абклеены заморскімі маркамі, як прыгожая падарункавая скрыначка з банцікам назвы зверху… У канкрэтным вершы «Тэхніка дэтэктыўнага пісьма» маецца на ўвазе непадуладная мне тэхніка напісання дэтэктыва. Відаць, я проста паэтка, пішу нядоўгія тэксты-выказванні, тэксты-загадкі, тэксты-эксперыменты і ўсё.

— Што ў вашым жыцці значыць паэзія?

— Паэзія, як казалі ў старажытнасці, — гэта рабленне правільнага і прыгожага. І я з гэтым згодная. Але свет правільнага і прыгожага, на жаль, усё меншае… Вось нават клімат на планеце закахаўся ў драму, а ў нашых беларускіх выдавецтвах разлюбілі браць у друк вершы сучасных паэтаў: не купляюць! Але я пішу не для продажу, а каб сказаць сваё слова па пэўных правілах, якім была навучана з дзяцінства, па якіх практыкавалася існаваць у маладосці, сталасці… Правілах, якія да гэтай пары — люблю!

— Хто вы: паэт ці паэтэса?

— Я — паэт (як і філолаг па дыпломе, бібліёграф па запісе ў працоўнай кніжцы). Гэта амаль не прамаўляецца мной, а трымаецца пры сабе. Бо вельмі сэнсава нагружанае слова, шматзначнае, звязанае з метафізікай… Але як «тутэйшая», народжаная тут, я — «беларуская паэтка Людка Сільнова». Гэта адзінае, быццам неба і зямля, дзень і ноч: паэт і паэтка. Ну, а паэтэса — гэта калі падкрэсліваць гарадское паходжанне, філалагічную адукацыю ці салоннасць літаратурнай імпрэзы. Усе тры версіі маюць права на існаванне, як на мой погляд.

 — У якіх узаемадачыненнях ваша лірычная гераіня Людка Сільнова і шчасце (жаночае, чалавечае)?

— У маладосці жылі разам, хоць і моцна сварыліся. А з узростам разышліся, як муж і жонка: нібы не даравалі адно аднаму «здрады», што доўжылася гадамі. Наогул, лірычная (і не толькі!) гераіня Людка Сільнова — цалкам прыдуманы мной персанаж. Тады, у 1980-х гадах, мне як філолагу падалося, што беларускай паэзіі не хапае такой паэткі. Дзёрзкай і смелай. Наіўнай і рацыянальнай адначасова. Некаторыя крытыкі называлі яе вершаваныя радкі, тэмы «халоднымі», ад якіх дзьме «касмічны холад».

Лірычная гераіня, а менавіта маладая Людка — шчаслівая; а яе аўтар і носьбіт — як калі…

 Ірына ШМАТКОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.