Вы тут

Інтэлект не спіць!


Як не разгубіцца ў багацці прапаноў «Бібліяночы»?


Бібліятэкі ўсё больш эксперыментуюць, адыходзячы ад вобраза кнігасховішча: прапануюць камунікацыйную платформу, клубны фармат, службы па інфармацыйнай лагістыцы, пляцоўкі для розных відаў мастацтваў… Міжнародная акцыя «Бібліяноч» — прыклад іншага ўяўлення пра імідж бібліятэкі. «Бібліяноч» зараджае кніжніцу новым жыццём, дэманструючы, як у прасторы з кнігамі можна сустракацца, адукоўвацца, цікава бавіць час. У Беларусі акцыю ўпершыню зладзілі ў 2015-м. Першай бібліятэкай Мінска, якая афіцыйна далучылася да міжнароднай акцыі, стала ў 2015 годзе Навуковая бібліятэка БНТУ. У 2016-м такіх бібліятэк-удзельніц стала 4, а сёлета — 7. На мінскай карце «Бібліяночы» — 7 кніжніц, кожная з якіх падрыхтавала супернасычаную праграму на розны густ. Вось толькі як усё ахапіць за адну ноч?

У тэлескоп на вяршыні «алмаза»

 Паназіраць за зорным небам у тэлескоп можна будзе на «Начной панараме» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Для закаханых — асаблівы сюрпрыз!.. Плюс лекцыя ад астранома пра Сусвет, жывая музыка, лірыка беларускіх аўтараў... Усяго 16 тэматычных пляцовак на любы густ. А восьмай гадзіне ўсіх запрашаюць на бясплатную экскурсію па «Алмазе» — самым незвычайным будынку Мінска. А ўбачыць начны горад з птушынага палёту, прычым таксама бясплатна? А яшчэ — арт-кафэ, форум-тэатры, роставыя лялькі, конкурсы, дзіцячыя пляцоўкі. А chill out з кнігай — гэта як? Даведаемся? Дзеці змогуць паспрабаваць сябе ў ролі першадрукара на адмысловым уроку. «Hobby World» адкрые незвычайны свет настольных гульняў. Інтэлектуалаў чакаюць сеансы гульні па шахматах і шашках «Шах & Мат», а таксама сустрэча з міжнародным гросмайстрам па шашках Андрэем Валюком. У «Інтэлектуальным эпіцэнтры» — пазнавальныя гульні і тэсты на IQ. На рэлакс — танцы: сучасныя, народныя і нават бальныя. У «Горадзе майстроў» — процьма майстар-класаў і ідэй: make-up і стыль, handmade, паказ мод, лекцыі ад прафесійнага агранома і відэаўрокі для садаводаў.

Куды прывядзе лабірынт?

Літаратура пад грыфам «для службовага карыстання», старажытныя энцыклапедыі, рарытэтныя выданні… Спасцігнуць таямніцы прапануе Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка. Толькі сёння ўнікальная магчымасць: адолеўшы чароўны лабірынт, можна трапіць у самае галоўнае месца бібліятэкі — кнігасховішча. Праверыць камандны дух, эрудыцыю — інтэлектуальная гульня «Выбух мозгу»: пытанні па гісторыі, геаграфіі, хіміі, фізіцы, метэматыцы, мастацтве, медыцыне, літаратуры, разгадванне музычных кампазіцый з кіно і мультфільмаў. Пераможцам — смачныя прызы. Усяго тры гульні, каманды набіраюцца па жывой чарзе, без рэгістрацыі, з 19.00 да 23.00. Разам з бібліятэкай наведвальнікаў чакае музей гісторыі медыцыны Беларусі. Зазірніце ў адмысловы аддзел паліграфіі РНМБ на майстар-клас па пераплёце «Сам сабе першадрукар» і зрабіце сувенір сваімі рукамі ў тэхніцы «Сапраўдная кніга». Таксама ў праграме папулярная бібліямафія (дрэс-код вітаецца), фотаквэст, лекторыум, квесторыум «Ядзерная медыцына»…

 Па чырвонай дарожцы ад «fashion style»

 Перанесціся ў атмасферу 50-х гадоў ХХ ст. запрашае Фундаментальная бібліятэка БДУ. У салоне прыгажосці «Каляровы настрой» прафесіяналы дапамогуць стварыць стыльны вобраз з каларытам той эпохі. На чырвонай дарожцы зладзяць паказ калекцый ад «Fashion Style». Мадэлі прадставяць удзельніцы подыум-школы «Млын моды». Чакае сустрэча ў літаратурна-музычным салоне «Кактэйль-Хол на Кальварыйскай» з членамі Клуба аматараў мастацкага слова «Клумба» БГУ. У танцавальнай праграме — джайв, факстрот, рок-н-рол, бугі-вугі, слоў-фокс, танга, твіст.

Ён і яна

…будуць валадарыць у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Спецыяльныя госці Тамара Лісіцкая і Ігар Палякоў прадставяць літаратурна-музычную праграму «Мужчына і жанчына. Рэпетыцыя». У літаратурнай частцы — паэтычна-музычная імпрэза «Абрысы» з удзелам Яраша Малішэўскага і Вадзіма Клімовіча; «Літаратурнае прадмесце» з Людмілай Рублеўскай ды іншымі папулярнымі аўтарамі; прэзентацыя кнігі «У гасцях у Францыска Скарыны». А таксама — квэст «Скарбніца пакаленняў», кулінарны майстар-клас ад эксперта беларускай кухні Алены Мікульчык; рэтра-кінатэатр…

Расшыфраваць геном?

Як зрабіць простую галаграму, ці фотаапарат без лінзаў; як варэнне з чарніц дапамагае вывучаць хімію, растлумачаць у праекце «Цікавая навука» супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Рыгор Русецкі і вядучая і кіраўнік праекта «Папулярная навука па-беларуску» Настасся Палтаржыцкая. Шмат займальных эксперыментаў падчас аптычных і хімічных вопытаў прапануе Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У тым ліку навукова-папулярны воркшоп «Незвычайная хімія». Чый геном можна знайсці ў адкрытым доступе? Што распачало эру генетыкі ў біялогіі? Пра гэта — у лекцыі «10 галоўных адкрыццяў у сучаснай біялогіі» ад кандыдата біялагічных навук, навуковага супрацоўніка лабараторыі медыцынскай біяфізікі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Аляксандры Скорабагатавай. Гэтай ноччу ЦНБ НАН прадставіць выстаўку рэдкіх і каштоўных выданняў «Таямніцы старадаўніх кніг». Можна азнаёміцца з самымі раннімі кірылічнымі кнігамі, надрукаванымі паслядоўнікамі Францыска Скарыны, пабачыць выданні грамадзянскага друку, даведацца, якія кнігі захоўваліся ў Нясвіжскім палацы князёў Радзівілаў... Падчас розыгрышу латарэі ёсць унікальны шанц выйграць незвычайную кнігу. Для гэтага трэба запісацца ў ЦНБ НАН, атрымаць латарэйны квіток з нумарам чытацкага білета і чакаць бібліяночы... У незвычайным фармаце праекта «Спеўны сход» прапануюць узгадаць песенную класіку легендарных «Песняроў». Разам з музыкам Сержуком Доўгушавым заспяваем «Касіў Ясь канюшыну», «Рушнікі», «Завушніцы» ды іншыя. Запланавана безліч карыснага: дзіцячая лабараторыя цудаў; лекцыя псіхолагатрэнера, а таксама лекцыя культуролага Юліі Чарняўскай пра шасцідзясятыя гады і людзей, якія паверылі ў адлігу; падарожжа ў 60-я, калі ЦНБ НАН пераехала ў новае памяшканне; інтэрактыўная кніжная выстаўка «Homo ludens — чалавек, які гуляе»...

 Намаляваць комікс

Фантастычная экспазіцыя Музея займальных навук «КВАНТУМ» — ад Навуковай бібліятэкі БНТУ. Тут жа футурыстычныя прагнозы ад фізіка, пісьменніка-фантаста Сяргея Слюсарэнкі. У лекцыйнай зоне ілюстратар, дырэктар школы камп’ютарнай графікі і анімацыі FUNGI studio Уладзіслаў Мароз распавядзе пра канцэпт-арт у коміксах. Майстар-клас па маляванні коміксаў дапаможа стварыць агульны вялікі комікс, дзе кожны зможа праявіць творчасць. Сустрэча з аўтарамі, ілюстратарамі, экспертамі: у гасцях — Вольга Грамыка, Людміла Рублеўская, Сяргей Слюсарэнка, Маргарыта Латышкевіч. Кульмінацыяй ночы стане фаер-шоу.

Па ўнутранай прасторы

«Блізкія людзі» — тэма сустрэчы ў Бібліятэцы філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску. Імпрэзу аздобяць музычны студэнцкі канцэрт, майстар-класы ад псіхолага, гульня «Вандроўка ва ўнутраную прастору».

Камандная гульня

Якую гасцёўню выбраць: навуковую, гульнявую, інтэлектуальную ці тэатральную? Бібліятэка г. Баранавіч прадаставіла на «Бібліяноч» багаты выбар. У навуковай будзе некалькі румаў з пытаннямі, заданнямі, эксперыментамі і прызамі! Умова — зарэгістраваць каманду.

У англійскім касцюме

…па білетах, з дрэс-кодам — такія патрабаванні выставіў гаспадар «Бібліяночы» ў магілёўскай Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса Шэрлак Холмс. Яму прысвяцілі імпрэзу, таму прыйдзецца апрануцца ў класічны англійскі касцюм. Разам з Шэрлакам: гульня ў дэдукцыю, ролевы квэст-рум, жывая музыка, майстар-класы па вязанні і каліграфіі, гульнятэкі, буккросінг, фотазоны, прызы ад сеткі кінабараў і нават бібліябар.

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».