Вы тут

Гісторыі з кніжнага чамадана


Культура ў правінцыі асаблівая: яна бліжэй да народа — на скрыжаванні попыту і прапановы. Падыходы да працы Бярэзінскай раённай бібліятэкі цікавыя не толькі формай, а і зместавай думкай. Апошнім часам пашыраную прапіску атрымліваюць мабільныя (паходныя) формы бібліятэчнай прапаганды і агітацыі, разлічаныя на актыўнае прасоўванне бібліятэчных паслуг. Адпраўной кропкай такіх прома-акцый часта выступаюць краязнаўчыя даты. Сёлета Бярэзінскі аўтавакзал адзначыў 30-годдзе наваселля: 7 сакавіка 1987 года размясціўся ў двухпавярховым будынку недалёка ад шашы Мінск — Магілёў. Перанос аўтавакзала на ўскраіну горада дазволіў зменшыць інтэнсіўнасць руху па Кастрычніцкай і Камсамольскай вуліцах, зрабіць больш чыстым паветра ў горадзе.


Да гэтай нагоды была прымеркавана бібліятэчная акцыя на аўтавакзале «Кніга ў дарожным чамадане». У самы час пік, 25 сакавіка, у суботу, супрацоўнікі раённай бібліятэкі завіталі ў залу чакання аўтавакзала.

Бывалыя людзі, калі адпраўляюцца ў дарогу, бяруць з сабою кнігу, газету ці часопіс — паездка стане больш прыемнай і дальняя дарога атрымаецца не такой стамляльнай і аднастайнай. Бібліятэкары назапасілі ў дарожным кніжным чамадане шмат цікавага, у прыватнасці літаратурна-мастацкія часопісы. Сярод стоса часопіснай перыёдыкі на пачэсным месцы — часопіс Саюза пісьменнікаў саюзнай дзяржавы «Белая вежа», пад глянцавай вокладкай якога паядналіся творы беларускіх і расійскіх празаікаў. Тэатр апавядання «Гісторыі з кніжнага чамадана» Бярэзінскай раённай бібліятэкі ажывіў для наведвальнікаў аўтавакзала сюжэты апавяданняў і кароткіх аповесцяў Людмілы Кебіч «Жыццёвыя путы», Славаміра Даргеля «Спадарожнік», Уладзіміра Туліпава «Начныя анёлы», Валянціны Кадзетавай «Сумка з металічнай засцёжкай», Алены Тулішавай «Скарб», Ларысы Балібаевай «Рукавічкі на шчасце». Прадстаўленыя бібліятэкарамі творы знайшлі водгук у слухачоў.

Пасля гучных мастацкіх чытанняў да бібліятэкараў падышоў мужчына сталага ўзросту і прызнаўся, што з маладосці любіў чытаць, а вось зараз падводзіць зрок і сустрэчы з кнігай у яго даволі рэдкія. Але чытанні на вакзале прыйшліся яму даспадобы: быццам пагартаў старонкі добрых кніг. Завяршыліся чытанні буккросінгам «Добрыя часопісы — у добрыя рукі»: пасажырам раздавалі літаратурнамастацкія часопісы з архіва раённай бібліятэкі.

Далей у праграме прома-акцыі на вакзале быў імправізаваны паэтычны марафон «Чытаем разам любімыя радкі» — сапраўдныя «народныя чытанні» вершаў легендарных расійскіх паэтаў-юбіляраў года Бэлы Ахмадулінай, Яўгена Еўтушэнкі, Роберта Раждзественскага. Маладыя і сталыя пасажыры аўтавакзала ахвотна чыталі іх вершы, якія ўвайшлі ў «Залатую сотню лепшых вершаў усіх часоў і народаў», многія пакладзены на музыку і гучаць у кінафільмах «17 імгненняў вясны», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай», «Любоў зямная», «Службовы раман». Сярод пасажыраў знайшліся тыя, хто праспяваў песні на вершаваныя радкі Р. Раждзественскага «Рэха кахання», «Імгненні». Удзельнікі паэтычнага марафону атрымалі станоўчыя эмоцыі, на памяць — прызы. Падчас імправізаваных паэтычных чытанняў узгадваліся цікавыя факты біяграфій знакамітых паэтаў «Малавядомае пра вядомых»:

Бэла Ахмадуліна нарадзілася праз 100 гадоў пасля смерці А. Пушкіна і пайшла з жыцця таксама праз 100 гадоў пасля смерці Л. Талстога. Незабыўны і арыгінальны ахмадулінскі стыль дэкламавання ўвасобіла артыстка Ія Савіна пры агучванні Пятачка з мультфільма пра Віні Пуха. Яўген Еўтушэнка за паэму «Бабін Яр» на 20 гадоў быў адлучаны ад Украіны: яму не дазвалялі праводзіць творчыя вечары і сустрэчы з прыхільнікамі паэзіі. У фільме «Узлёт» (1979 г.) Еўтушэнка зняўся ў ролі Канстанціна Цыялкоўскага, а Бэла Ахмадуліна ў стужцы Васіля Шукшына «Жыве такі хлопец», якая адзначана «Залатым ільвом» Венецыянскага кінафестывалю, выканала ролю маладой журналісткі. Зборнікі Еўтушэнкі выдадзены на 70 мовах свету, маршруты яго замежных гастроляў не ведаюць роўных у асяродку літаратараў — ён аб’ездзіў усе кантыненты (апроч Антарктыды). У 1993 годзе паэт адмовіўся ад ордэна Дружбы ў знак пратэсту супраць Чачэнскай вайны. Ахмадуліна ў 1959 годзе была выключана з Літаратурнага ўніверсітэта за адказ падпісаць пісьмо з асуджэннем «здрадніка радзімы», лаўрэата Нобелеўскай прэміі Б. Пастарнака. Роберт Раждзественскі з дзяцінства заікаўся, у сваіх вершах ён чаканіў, друкаваў словы, нібыта крок…

Адметная акцыя, але не апошняя, у якой злучаюцца творцы і чытачы розных краін.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?