Вы тут

Рэканструкцыя памяці


Пра беларускую літаратуру 1920 — 1930-х гадоў часам кажуць, што гэта «вада, якая пайшла ў пясок»: значныя і бясспрэчныя здабыткі, дасягненні як асобных творцаў, так і некаторых мастацкіх супольнасцяў маглі б закласці грунтоўны фундамент для плённага развіцця нацыянальнай культуры — ды так не сталася. Прынамсі, у той ступені, у якой магло б стацца. Перарваную дзесяцігоддзямі замоўчвання традыцыю аднавіць не так проста, часта — нерэальна. Аднак нам бясспрэчна «засталася спадчына», даследчыкі якой часам пачуваюцца першаадкрывальнікамі.


Сцэна са спектакля паводле п’есы У. Галубка «Суд», 1920 г. 

У 2016 годзе пабачыла свет беларускамоўная версія кнігі доктара філалагічных навук, дацэнта Варшаўскага ўніверсітэта Андрэя Масквіна «Беларускі тэатр 1920 — 1930-х: адабраная памяць». Пераклад з польскай мовы ажыццёўлены Аленай Пятровіч і Марыяй Пушкінай. Укладальніца Т. Арцімовіч адзначыла, што кніга «для нашага кантэксту ўнікальная. Гэта першае выданне, у якім не проста здзейсненая спроба рэканструкцыі беларускага тэатра перыяду ягонага прафесійнага станаўлення. У кнізе ўпершыню паўстае шмат імёнаў і падзей, якія ў савецкі перыяд былі выкрасленыя з нашай культурнай памяці».

Сапраўды, даследаванне А. Масквіна ўражвае грунтоўнасцю, надзвычай багатым факталагічным матэрыялам (адшуканыя ў архівах рэжысёрскія экзэмпляры тэкстаў, карэспандэнцыі і дзённікавыя запісы, крытычныя водгукі ў прэсе і фотадакументы, успаміны) і глыбінёй прапанаванага аналізу станаўлення беларускага нацыянальнага тэатра. У манаграфіі прадстаўленыя дакументы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Архіва аддзела тэатральнага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Гасцёўні Уладзіслава Галубка, а таксама Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва.

Даследчык меў на мэце «даць нарыс акалічнасцей з’яўлення і дзейнасці трох беларускіх тэатральных калектываў: БДТ-1, БДТ-2 і Тэатральнай трупы Уладзіслава Галубка», якія прадстаўлялі тры асобныя шляхі мастацкіх пошукаў і розныя магчымасці развіцця. Акрамя гэтага, у кнізе прадстаўленыя дэталёвыя рэканструкцыі асобных спектакляў, асобная ўвага надаецца прычынам і ўмовам распаду тэатральных калектываў.

 Многім беларускім даследчыкам, якія звяртаюцца да перыяду 1920 — 1930-х гадоў, вельмі цяжка адстаронена падыходзіць да апісання фактаў і іх аналізу, многае ўспрымаецца з заўважнай доляй асабістага спачування і нават болю. Гэта заканамерна, а ў дачыненні да першых манаграфій, прысвечаных «адабранай памяці» (у розных галінах культуры) увогуле непазбежна. Праўда, у апошняе дзесяцігоддзе гэтая тэндэнцыя пераадольваецца. Аднак з гэтага пункту гледжання (пераадолення «нацыянальнага сантыменту») замежны даследчык заўсёды ў больш выгадным становішчы, яму прасцей быць аб’ектыўным. Гэтым таксама вылучаецца кніга А. Масквіна. Хаця і нельга сказаць, што гаворка вядзецца толькі пра адстаронены аналіз фактаў. У дачыненні да найбольш выдатных тэатральных дзеячаў і акцёраў (напрыклад, Уладзіслава Галубка, Еўсцігнея Міровіча, Канстанціна Саннікава) даследчык выкарыстоўвае і іншы прынцып: спрабуе стварыць псіхалагічны партрэт з раскіданых па розных публікацыях і выданнях успамінаў, выпадковых згадак, ліставанняў… Гэта ёсць цудоўным, у пэўным сэнсе нават — мастацкім аздабленнем аб’ёмнага навуковага даследавання, калі чытач мае магчымасць не толькі атрымаць кароткі летапіс жыцця і творчасці (зрэшты, вядомы абазнанаму ў тэме чытачу), але і паспрабаваць уявіць аблічча таго ахвярнага пакалення пакутнікаў-энтузіястаў.

Згодна з увасабленнем аўтарскай ідэі, у кнізе тры раздзелы: «Беларускі першы дзяржаўны тэатр», «Беларускі другі дзяржаўны тэатр», «Тэатральная трупа Уладзіслава Галубка». Аднак аўтар не проста апісваў станаўленне, развіццё і заняпад названых калектываў як нейкага асобнага мастацкага сегмента. Жыццё беларускага тэатра пачыналася значна раней за афіцыйныя даты заснавання, згодна з якімі святкуюцца юбілейныя даты. А. Масквін звяртаўся да вытокаў — Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча, Беларускага народнага тэатра, Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, Беларускай студыі ў Маскве… Імпануе, што развіццё і дзейнасць тэатральных калектываў разглядаецца ў шырокім агульнакультурным і сацыяльна-палітычным кантэксце, аналізуецца разбуральны ўплыў палітызацыі культурнай сферы на ўмовы творчай працы. Не абыходзіць увагай даследчык і асабістыя канфлікты паміж рознымі тэатральнымі дзеячамі (напрыклад, паміж дырэктарам і мастацкім кіраўніком БДТ-2 Мікалаем Красінскім і Сурэнам Хачатуравым (Хачатуранам), што таксама мела свой уплыў на фарміраванне, напрыклад, рэпертуарных планаў.

Вядома, калі гаворка вялася пра спектаклі паводле твораў беларускіх пісьменнікаў, то немагчыма было не звярнуцца да агульных тэндэнцый развіцця тагачаснага літаратурнага руху. Тым больш, пісьменнікі бралі непасрэдны ўдзел у жыцці тэатра не толькі як аўтары сцэнічных твораў, але і як найбольш актыўныя рэцэнзенты. Даследчыкам літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша», безумоўна, будзе цікавая гісторыя пастаноўкі (праца над сцэнарыем і стварэнне ўнікальных дэкарацый — даволі смелых для таго часу) «Апраметнай» Васіля Шашалевіча.

Асабістыя ўмовы жыцця акцёраў і рэжысёраў, іх грамадска-палітычныя і мастацкія пазіцыі, змены ў эканамічнай палітыцы, розгалас у тагачаснай беларускай прэсе, праблемы супрацоўніцтва з кампазітарамі і мастакамі, якія, як правіла, жылі не ў Беларусі, а таксама рускімі і ўкраінскімі драматургамі, тэатральныя і літаратурныя дыскусіі, тэхналагічныя нюансы стварэння дэкарацый і нават агульны ўзровень інтэлектуальнага развіцця і мастацкага густу патэнцыйнай мэтавай аўдыторыі — усё гэта было заўважана і прааналізавана аўтарам манаграфіі.

У выніку стварылася вельмі стракатая (але і цэласная паводле галоўнай задумы) карціна, дзе даследчыкі з розных галін гуманітарнай сферы знойдуць карысную інфармацыю.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».