Вы тут

Усмешка шчасця


Яўген Ціханаў паказаў творы, што пісаў для сябе

Творы беларускага мастака Яўгена Ціханава цалкам напоўненыя дабрынёй, радасцю. Некаторыя з іх экспануюцца на выстаўцы «Шчасце ёсць» у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». 


Тут прадстаўлены творы, якія не выстаўляліся раней (захоўваліся ў майстэрні). Мастак прызнаецца, што пісаў іх у добрым настроі дома ці на лецішчы для сябе. Атрымалася экспазіцыя, і выставачная прастора галерэі нібыта напоўнілася фарбамі пазітыву.

— Мне вельмі складана ўспрымаць жорсткасць і негатыў, — прызнаецца мастак. — Таму хацелася, каб выстаўка атрымалася радаснай, каб усміхаліся госці, каб усміхаўся я. Гэты мастацкі праект — мая ўсмешка, пасыл дабрыні, шчырасці. Яго назва «Шчасце ёсць» азначае, што я шчаслівы таму, што займаюся любімай справай. Мне можна не плаціць, я ўсё роўна буду займацца мастацтвам, бо гэта маё жыццё і натхненне. Я ніколі не называў сябе мастаком ад Бога, але ж ува мне жыве вялікі запал да мастацтва, і я гатовы прысвяціць яму сябе назаўсёды.

 Любоў да творчасці закладвалася яшчэ ў дзяцінстве. Бацька — знакаміты беларускі майстар Іван Ціханаў. А ў студэнцкія гады выпала павучыцца ў такіх знакамітых беларускіх мастакоў, як Леанід Шчамялёў, Барыс Аракчэеў, якія таксама паўплывалі на яго станаўленне, фарміраванне почырку і мастацкага густу.

Яўген Ціханаў «Крэсла бацькі»

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца адзначыў, што Яўген Ціханаў вельмі глыбока адчувае прыроду, разумее яе мову, таму і палотны яго атрымліваюцца шчырымі, нават пяшчотнымі. Але ў прадстаўленай экспазіцыі пейзажаў няшмат, затое вялікая колькасць жаночых партрэтаў. Ёсць творы, якія здзівяць тых, хто даўно сочыць за творчасцю гэтага мастака.

— Я жывапісец па адукацыі. Гэта і ёсць мая асноўная спецыяльнасць. Аднак людзі на маіх палотнах невыпадковыя. Каля дваццаці гадоў я знаходжуся ў жаночым калектыве, назіраю розных дзяўчат, якімі проста немагчыма не захапляцца, — адзначае Яўген Ціханаў. — І некаторыя з іх мяне так натхняюць талентамі, знешнімі рысамі, што я гатовы ісці за імі з пэндзлем. Некаторыя вобразы трансфармую ў гістарычны сюжэт. Напрыклад, адна з гераінь, якую вы можаце бачыць на маіх творах, распавядала мне, што ў яе ёсць сваякі з казакаў, дзядуля нават быў атаманам. І, сапраўды, у яе твары прасочваюцца ўсходнія рысы. Калі я гэта заўважыў, адразу ж для сябе развіў гісторыю. Вядома, у творы яна не адразу прачытваецца, але праз асобу, вобраз я імкнуўся стварыць атмасферу, у якой глядач зможа ўсё зразумець.

Яўген Ціханаў «Шчасце ёсць».

Яўген Ціханаў — чалавек светлы, здольны захоўваць любоў у душы, нягледзячы на розныя абставіны. Ён не прэтэндаваў на тое, каб быць папулярным. Ды майстэрства і талент не засталіся незаўважнымі: творы Яўгена Ціханава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, калекцыях дыпламатычных прадстаўніцтваў, прыватных зборах розных краін свету.

Сёння мастак выкладае студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, вучыць іх таксама быць шчырымі, адданымі справе. Многія вучні Яўгена Ціханава сталі знакамітымі беларускімі мастакамі і ўдзячныя свайму настаўніку за веды і досвед.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.