Адносіны, якія добра складваюцца, лёгка заўважыць. Так, сустрэча Марыяны Шчоткінай, намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, і Марціньша Вірсіса, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Латвійскай Рэспублікі ў нашай краіне, прайшла ў сяброўскай, нязмушанай абстаноўцы. Было відавочна, што бакі зацікаўлены адно ў адным і гатовыя да ўзаемнай работы.
Віцэ-спікер верхняй палаты беларускага парламента адзначыла, што зараз надаецца важнае значэнне парламенцкаму супрацоўніцтву нашых краін. «Яно ў нас даволі моцнае. Ужо адбылося шмат узаемных візітаў, працуе каля 50 двухбаковых пагадненняў. Як бачым, работа ў гэтым кірунку ўжо наладжана, — адзначыла сенатар. — Да таго ж мы зробім усё магчымае, каб нашы дзяржавы працягвалі ўмацоўваць узаемнае супрацоўніцтва».
Сярод прыярытэтных кірункаў беларуска-латвійскіх кантактаў — пытанні межаў, міграцыі, эканомікі, нацыянальнай бяспекі. Па словах Марыяны Шчоткінай, беларускі бок цікавіць, акрамя палітычнага складніка, і эканамічны кампанент: гандлёвыя адносіны, сумесныя прадпрыемствы. Экспарт беларускай прадукцыі ў Латвію ўжо адбываецца больш чым па 500 таварных пазіцыях. Гэта і нафтапрадукты, і хімічная прадукцыя, і дрэваапрацоўка. Зараз таксама абмяркоўваюцца пытанні магчымых латвійскіх інвестыцый у дрэваапрацоўчую прамысловасць Беларусі. «Мы гатовы садзейнічаць умацаванню сувязяў па ўсіх кірунках, таму што для нас супрацоўніцтва з Латвіяй — прыярытэтны кірунак дзейнасці», — падкрэсліла віцэ-спікер Савета Рэспублікі.
У сваю чаргу Марціньш Вірсіс выказаў зацікаўленасць «у цесным і сяброўскім супрацоўніцтве», што, па яго словах, увасабляецца ў канкрэтных дзеяннях. З канца 2015 года адносіны паміж беларускім і латвійскім парламентамі ўсё больш умацоўваюцца. «Развіццё парламенцкіх сувязяў — гэта важны складнік двухбаковага супрацоўніцтва», — адзначыў пасол і выказаў шчырую зацікаўленасць у далейшым умацаванні дыялогу.
Вераніка ПУСТАВІТ
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.