Вы тут

Віцебшчына павялічыць пастаўкі прадуктаў у Расію


Усяго за некалькі месяцаў заключаны больш за 20 пагадненняў паміж органамі мясцовага самакіравання і кіравання Віцебскай вобласці і Цвярской, Пскоўскай, Смаленскай абласцей Расіі.

Беларусы выходзяць на больш шчыльнае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі і гарадамі. І спрабуюць праз рэгіёны больш актыўна працаваць з Расійскай Федэрацыяй. Падпісваюцца і будуць падпісвацца — дамовы эканамічнага характару.

А нядаўна афіцыйная дэлегацыя Віцебшчыны на чале са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым пабывала ў Цвярской вобласці.


Пад­час на­вед­ван­ня  вы­твор­ча­га аб'­яд­нан­ня  ў Цвяр­ской воб­лас­ці,  якое спе­цы­я­лі­зу­ец­ца  на сель­ска­гас­па­дар­чай  вы­твор­час­ці.

Высокая якасць па прывабнай цане

Беларусы зацікавілі расіян прапановамі пастаўкі прадуктаў. У сваю чаргу, апрача іншага, вывучылі практыку замкнутага цыкла вытворчасці «ад поля да прылаўка». Не выключаецца, што створаць сумесныя прадпрыемствы.

У Прыдзвінскім краі чакаюць цвярчан да сабе. І туды, калі рыхтаваўся артыкул, збіраўся адправіцца беларускі «дэсант» прадстаўнікоў прадпрыемстваў, каб заключаць дамовы.

— Падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве паміж аблсаветам і заканадаўчым сходам Цвярской вобласці. Дакумент будзе спрыяць узаемадзеянню органаў самакіравання. Наконт эканамічнага «блока» — адпаведнае пагадненне будзе замацавана на паперы ў найбліжэйшы час.

Увогуле, на цвярской зямлі нас цудоўна прымалі. Адчувалі сябе як дома, хоць праграма была вельмі насычанай, — падзяліўся ўражаннямі Уладзімір Цярэнцьеў.

Старшыня аблсавета падкрэсліў, што з расіянамі трэба актыўней працаваць, бо вынікі бачныя адразу. Мы можам пастаўляць на расійскі рынак тое, чаго ў іх няма, недастаткова.

— Сыры, хлеб, кандытарскія вырабы, шэраг малочных прадуктаў, птушку сёння можам экспартаваць... Калі хочам зайсці на расійскі рынак, неабходна мець вельмі выгадныя прапановы, з адпаведнасцю цаны і якасці. А мы можам гэта зрабіць, — працягвае Уладзімір Цярэнцьеў.

Хлеб на экспарт

Расіянам у ліку іншага прапанавалі пастаўляць і хлеб. Як падлічылі спецыялісты, яго ў класічным выглядзе выгадна вазіць на адлегласць не больш за 600 кіламетраў. А вось замарожаны — хоць на іншы кантынент.

— У Цвярскую вобласць будзем пастаўляць хлеб подавы заварны (такі хлеб выпякаецца на хлебапякарным лісце, блясе і г. д.). Такога няма там. Яго плануюць рэалізоўваць праз гандлёвую сетку, якая налічвае да 100 крамаў, — расказвае генеральны дырэктар ААТ «Віцебскхлебпрам» Міхаіл Рог.

У Смаленскую, Пскоўскую вобласці, Маскву і Санкт-Пецярбург віцебскія хлебапёкі ўжо ажыццяўляюць пастаўкі. Экспарт на ўзроўні 10%. Летась дзякуючы яму зарабілі больш за 1,7 мільёна долараў. Дзякуючы Цвярской вобласці сёлета плануюць пераадолець «рубеж» у 2 мільёны.

Цікава, што восенню на «Віцебскхлебпраме» запусцяць лінію па вырабе замарожаных хлябоў. Таксама плануецца пастаўка чорнага хлеба ў рэспублікі Сярэдняй Азіі і Ізраіль.

Для ласуноў

А яшчэ задумалі рэалізоўваць у Цвярской вобласці шмат найменняў салодкай прадукцыі, але ўжо ад іншага віцебскага вытворцы.

— З гэтым рэгіёнам супрацоўнічаем каля года. Раней працавалі пад гандлёвай маркай, распрацаванай у Расіі. Цяпер ёсць дамоўленасць аб вывядзенні на рынак нашай гандлёвай маркі, — гаворыць першы намеснік генеральнага дырэктара кандытарскай фабрыкі «Віцьба» Уладзімір Сазон.

З фабрыкай супрацоўнічае сур'ёзная кампанія — у яе 5 лагістычных цэнтраў і 8 філіялаў у Цвярской, Пскоўскай, Наўгародскай абласцях.

Падчас візіту ў Цвер правялі перамовы і з кіраўніцтвам заправачных сетак расійскай вобласці (больш за 40 заправак) — іх зацікавіў прадукт «Віцьбы» дробнай фасоўкі (да 50 грамаў). Будуць запатрабаваныя вафельная прадукцыя, падушачкі з начынкай — гэта хуткі, зручны і даступны перакус.

Уладзімір Сазон падкрэсліў, што з расіянамі трэба супрацоўнічаць шчыльна. Бо ў нас фактычна агульныя рынак і менталітэт, падобныя прадукты ў рацыёне. Тым больш што «Віцьба» — унікальны вытворца, больш за 95% асартыменту прадпрыемства больш нікім не вырабляецца.

Расіян вельмі цікавіць і супрацоўніцтва ў галіне лясной гаспадаркі. У прыватнасці, яны гатовыя набываць саджанцы ёлкі. Кіраўнік аблсавета збіраўся ў найбліжэйшыя дні сустрэцца з кіраўніцтвам лясгасаў, каб выпрацаваць адзіныя пазіцыі ў гэтым пытанні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Галоўнае — эканоміка, або Пад ляжачы камень вада не бяжыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?