Вы тут

Ці можна вызваліць двары ад аўтамабіляў?


Забітыя аўтамабілямі двары — суровая беларуская рэчаіснасць. Суровая настолькі, што на гэтай глебе ўзнікаюць нават канфлікты са збіццём. Культуры і інфраструктуры — вось чаго не хапае, каб вырашыць праблему.


Фота: abw.by

У Мінску аўтаўладальнік пабіў дворніка за тое, што той выклікаў эвакуатар. Здарэнне, якое зрабіла немалы розгалас у беларускіх СМІ. І хоць на момант напісання гэтага артыкула суд яшчэ не паставіў кропку ў гучнай справе, падумаць ёсць над чым. Сама падзея надзвычай сімптаматычная: запаркаванасць гарадскіх двароў даўно перавысіла ўсе разумныя межы. Таму спрэчкі, сваркі і нават бойкі праз пакінутыя пад домам машыны — справа, на жаль, звычайная. Можна выдатна зразумець людзей, якія не могуць прайсці па забітым «жалеззем» тратуары і баяцца выпусціць дзяцей на вуліцу, бо нават у двары ёсць рызыка трапіць пад колы. Але ў той жа час можна зразумець і аўтамабілістаў: за карыстанне машынамі яны плацяць транспартны падатак. І маюць права патрабаваць за гэта пэўных выгод у выглядзе развітой аўтамабільнай інфраструктуры.

Але ёсць яшчэ і пытанне культуры. Нават у сітуацыі, якая пагражае канфліктам, можна заставацца чалавекам і шукаць кампраміс. Заўважце: многія кіроўцы цяпер сталі чапляць на шкло цэтлікі са сваім нумарам мабільнага тэлефона. Маўляў, калі мая машына вам замінае — набярыце, адганю. І гэта цывілізаваны падыход.

Сапраўды, гарадскія двары звычайна занадта цесныя, і часам фізічна немагчыма прыпаркавацца, не парушыўшы ніводнага правіла. Але ёсць выразная мяжа паміж вымушаным парушэннем і непрыхаваным хамствам. Хоць што кажыце, але заперці машыну на дзіцячую пляцоўку або загнаць пад самы пад'езд так, што з яго немагчыма выйсці, — гэта проста плявок у твар усім астатнім людзям. І менавіта гэты кантынгент аўтамабілістаў звычайна найбольш востра і неадэкватна рэагуе на заўвагі. Бо машына — нібы працяг іх саміх, частка іх асобы. Прычым гэта зусім не абавязкова хрэстаматыйны бамбіза на даражэзным джыпе. Каменем спатыкнення можа быць стары ржавы «корч», які, аднак, дае ўладальніку падставы задраць нос так, што, як той казаў, фігай не дастанеш. Не адпускае некаторых з нас спадчына савецкіх часоў, калі машына сапраўды была раскошай. Не ўсе яшчэ навучыліся культуры валодання аўтамабілем. І таму імкнуцца ўперціся на ім паўсюль, дзе гэта фізічна магчыма. Водаахоўная зона каля пляжа? Лухта! Пад'еду ці не да самай вады: не дзеля таго «самаход» купляў, каб клыпаць пешкі ажно пяцьдзясят метраў. На аўтобусным прыпынку стаянка забаронена? Усё адно кіну «калёсы» і няспешліва пайду ў краму цераз дарогу. Я ж на «аварыйку» паставіў? Паставіў! Бо праехаць трошкі далей і прыпаркавацца ў больш прыдатным месцы — лянота.

А цяпер уявім сітуацыю, што нехта з жыльцоў возьме і шпурне з акна ў прыткнуты пад самы пад'езд аўтамабіль, напрыклад, бутэльку. Што будзе рабіць аўтахам? Хутчэй за ўсё, успомніць пра закон, кінецца выклікаць участковага, крычаць і пырскаць слінай, што яго маёмасць пашкодзілі. Хоць на месцы праваахоўнікаў я штрафаваў бы ў першую чаргу заяўніка — за грубае парушэнне правілаў стаянкі.

Але адной культурай праблему не вырашыш. Трэба прымаць нейкія захады на ўзроўні праектавання новых кварталаў. Бо са старымі ўжо нічога не зробіш: яны былі разлічаныя на іншыя аўтамабільныя рэаліі. Аднак што мы бачым? Сучасныя мікрараёны ці не цяснейшыя за савецкія. Так, зямля дарагая, а будаваць трэба як мага танней. Падземны паверх з гаражамі? Выдатная ідэя, але тады праект выльецца ў добрую капейчыну. А мы ж мусім эканоміць. Але разам з той эканоміяй атрымліваем невылечную скулу на адным месцы ў выглядзе нявыкруткі з паркоўкай. А гэта істотна пагаршае якасць жыцця навасёлаў.

Яшчэ красамоўны прыклад — як у адным беларускім райцэнтры на месцы колішняй вялікай стаянкі пабудавалі не менш вялікі гандлёвы цэнтр. Сучасны магазін — гэта, канешне, добра. Але пра тое, як гэта адаб'ецца на запаркаванасці двароў, ніхто, напэўна, не падумаў.

Аўтамабіль — не раскоша. Для многіх гэта жыццёвая неабходнасць. І колькі б ні каштавала паліва, людзі ўсё адно будуць ездзіць на ўласных машынах. У веласіпедную альтэрнатыву верыцца слаба: не з нашым кліматам і менталітэтам. Таму ў планах развіцця гарадоў варта ўлічваць той факт, што аўтамабіляў менш не стане. Трэба глядзець у будучыню і прагназаваць развіццё нават не на гады, а на дзесяцігоддзі наперад.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Культура і інфраструктура

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.

Грамадства

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу.

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.