Вы тут

Калі шлюбы прызнаюцца несапраўднымі?


Хтосьці дзесяцігоддзямі жыве ў «грамадзянскім шлюбе» і жаніцца не жадае, а хтосьці хоча — ды не можа, бо закон забараняе. Аднак нястрымная прага пабрацца вузамі Гіменея і неспасціжныя хітрыкі пераадольваюць любыя перашкоды. У Магілёўскім раёне, напрыклад, умудрыліся ажаніцца... родныя брат з сястрой, а ў Мінску пабраўся шлюбам 83-гадовы грамадзянін, прызнаны недзеяздольным. Жонка пенсіянера схамянулася толькі праз год. А іск на прызнанне шлюбу паміж братам і сястрой несапраўдным праз месяц пасля вяселля падаў пракурор.


9months.ru

Даведка аб бясшлюбнасці — не крытэрый даверу

У заканадаўстве існуе некалькі перашкод, якія не дазваляюць брацца шлюбам. Так, забаронены шлюбы паміж грамадзянамі, з якіх хоць бы адзін ужо жанаты ці замужам або рашэннем суда прызнаны недзеяздольным. Тым не менш некаторыя іншаземцы ўмудраюцца ажаніцца ў нашай краіне, маючы сям'ю на радзіме. Зрабіць гэта не вельмі складана, калі маеш такую мэту.

Пашпарт — уласнасць не асобы, а краіны, якой належыць грамадзянін, таму рабіць у ім якіясьці пазнакі органы іншай дзяржавы не могуць. З гэтай прычыны нашы органы загса не могуць паставіць у ім штамп аб заключэнні шлюбу ў Беларусі. Такая пазнака ўносіцца толькі ў від на жыхарства. Дарэчы, у пашпарт беларуса, які ажаніўся за мяжой, таксама не ўпісваюць звесткі пра яго шлюб. Выключэнне — толькі расіяне, нацыянальны пашпарт якіх і толькі з іх дазволу, але не па абавязку можна праштампаваць, як і пашпарт беларусаў у Расіі. Так што пры жаданні гэтую інфармацыю можна ўтаіць.

— Іншаземны грамадзянін павінен прадставіць дакумент аб адсутнасці шлюбу ў краіне свайго грамадзянства або краіне пастаяннага пражывання (ці з абедзвюх дзяржаў адразу). Гэта можа быць, напрыклад, даведка аб бясшлюбнасці. Але здараецца, што падобны дакумент замежная краіна проста не выдае. Пры гэтым некаторыя дзяржавы не патрабуюць дакумент з органаў, а прымаюць запэўніванне грамадзяніна з уласным подпісам аб адсутнасці абставін, якія не даюць магчымасці яму ажаніцца, — расказала пра шлюбныя акалічнасці Жанна ЗАХАРАВА, начальнік упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі. — Беларусы ж пацвярджаюць свой несямейны стан адсутнасцю пячаткі аб шлюбе ў пашпарце. Аднак калі чалавек раней быў жанаты ці замужам, ён павінен абавязкова папярэдзіць пра гэта свайго абранніка. Нават калі ў пашпарце няма ніякіх адзнак пра былы грамадзянскі стан асобы, неабходна прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць спыненне папярэдняга шлюбу.

З цешчай не жаніся, за свёкра не выходзь

Не дадуць дазвол на шлюб і асобам, якія з'яўляюцца сваякамі па прамой (роднасць, заснаваная на паходжанні адной асобы ад другой) лініі. Такая сувязь можа быць узыходзячай (ад патомкаў да продкаў — унукі-дзеці-бацькі-бабуля і дзядуля) або сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў: бабуля і дзядуля-бацькі-дзеці-ўнукі).

Шлюбы паміж роднымі братамі і сёстрамі таксама забароненыя. Пры гэтым такія грамадзяне могуць з'яўляцца паўнароднымі (мець абодвух агульных бацькоў) і непаўнароднымі (толькі адзін з бацькоў агульны).

— Гэтыя нормы прыдуманы не проста чыімсьці жаданнем, а з'яўляюцца генетычнай перашкодай, каб не здаралася генных мутацый, — расказала спецыяліст. — А вось перашкода ў шлюбе паміж усынавіцелем і ўсыноўленым не датычыцца крыві, а прадыктавана законам, бо гэтыя асобы з'яўляюцца «юрыдычнымі сваякамі».

Калі існаванне перашкоды да шлюбу будзе даказана пасля жаніцьбы, то ўсе гады, пражытыя людзьмі разам, будуць прызнаныя несапраўдным шлюбам.

— Пры падачы заявы асобы, якія маюць намер ажаніцца, знаёмяцца з умовамі, што не дазваляюць пабрацца шлюбам, і распісваюцца ў адсутнасці такіх перашкод. Тым самым яны бяруць на сябе адказнасць, што ўпэўнены ў шчырасці свайго абранніка. Ніякія службы не будуць правяраць, ці так гэта, тым больш што няма такой базы, дзе ўтрымліваліся б звесткі, напрыклад, пра недзеяздольных, — растлумачыла Жанна Захарава. — Трэба разумець, што шлюб, які прызналі несапраўдным, з'яўляецца такім з моманту яго заключэння. Пры гэтым могуць узнікнуць складанасці пры далейшым вырашэнні маёмасных і немаёмасных пытанняў былых мужа і жонкі. Таму жаніхі і нявесты павінны ставіцца да гэтай справы адказна, а не проста пакідаць свой подпіс дзеля галачкі. Нават сваякамі абранніка лепш пацікавіцца да вяселля, каб больш даведацца пра нарачонага, пра ўклад яго сям'і і абавязкі ў ёй. Гэта дазволіць лепш разумець звычкі адно аднаго і спросціць будаванне сваёй уласнай сям'і.

Шлюб, ануляваны пасля смерці

Прызнаць шлюб несапраўдным можна толькі па рашэнні суда. Пры гэтым прад'явіць іск можа як адзін з сужэнцаў, так і іншая асоба, правы якой былі парушаны (гэта можа быць першая жонка ці муж або сваякі). Патрабаваць адмены шлюбу могуць таксама органы апекі і папячыцельства ці пракурор. У асаблівых выпадках: калі замежная персона пабралася шлюбам з грамадзянінам Беларусі, асобай без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў нас, выключна дзеля атрымання дазволу на часовае пражыванне ў краіне, іск падаюць супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў.

Наступствы падману, які можа зацягнуцца і на ўсё жыццё, досыць сумныя. Нядаўна ў Беларусі быў прызнаны несапраўдным шлюб паміж беларускай і амерыканцам, прычым высветлілася гэта пасля смерці мужа. Жанчына выйшла замуж за грамадзяніна ЗША, не ведаючы, што ён ужо меў там жонку. Пры гэтым ён нават дакумент пра адсутнасць шлюбу ў Амерыцы прадставіў. Цяпер беларускія нашчадкі, якія ўсё жыццё думалі, што яны законныя дзеці, не могуць прэтэндаваць на тую спадчыну, на якую разлічвалі, бо лічацца пазашлюбнымі.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Загаловак у газеце: Несапраўдныя шлюбы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».