Вы тут

Любанскі рыбакамбінат шукае дадатковыя даходы


Летась мы пісалі аб цяжкім фінансава-эканамічным становішчы ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Рыбакамбінат «Любань». У 2012-м тут пачалося будаўніцтва цэха па перапрацоўцы рыбных кансерваў, які планавалася ўвесці ў дзеянне ў 2015-м. Але працэс прыпыніўся. Справа ў тым, што былое кіраўніцтва прадпрыемства закупіла старое абсталяванне ў Калінінградзе, якое прызначалася для перапрацоўкі буйной марской і акіянічнай рыбы, а не іх сародзічаў сямейства карпавых. Больш за тое, розныя агрэгаты лініі не стыкаваліся паміж сабой. І асобныя аперацыі даводзілася выконваць уручную. Карэспандэнт наведала камбінат, каб высветліць, якія зрухі тут адбыліся і калі вытворцы парадуюць спажыўцоў далікатэсамі.


— Мы паўгода займаліся пытаннямі замены канвеера, прайшлі некалькі экспертыз і даказалі пастаўшчыку, што маем рацыю, — расказаў дырэктар прадпрыемства Валерый Гормаш, які прызначаны на пасаду год таму. — З гэтай прычыны адкрыццё новай вытворчасці зацягнулася. У пачатку сакавіка было пастаўлена новае абсталяванне ўзамен старога. Цяпер яно манціруецца.

Разам з тым на камбінаце выпусцілі пробную партыю кансерваў двух відаў: з карпа і таўсталобіка ў алеі — усяго 1000 бляшанак. Працэс першаснай апрацоўкі рыбы ішоў уручную, а яе ўкладка — механічным шляхам. На працягу трох месяцаў кансервы будуць знаходзіцца на выспяванні. Пасля адпаведнай экспертызы і адсутнасці заўваг пачнецца прамысловы выпуск новай прадукцыі. З цягам часу плануецца вырабляць кансервы з карпа, таўсталобіка, белага амура, шчупака ва ўласным саку, жэле, таматным соусе. У далейшым лінейка рыбных кансерваў будзе даведзена да 10. А ў больш аддаленай перспектыве мяркуецца вырабляць да 20 відаў кансерваў (10 млн бляшанак штогод). У хуткім часе з'явіцца і брэнд для кансерваў. Усяго ў новым цэху будзе перапрацоўвацца 3,5 тыс. тон рыбы ў год, у тым ліку 2,5 тыс. тон уласнай і айчынных рыбгасаў і 1 тыс. тон марской рыбы.

— Праектная магутнасць цэха 20 тыс. бляшанак у змену. «Пачнём з 5—10 тысяч, паколькі для нас пакуль актуальны пошук рынкаў збыту, напрацоўка кліенцкай базы. Перш за ўсё будзем насычаць айчынны рынак. Гандлёвыя сеткі ўжо цяпер просяць паглядзець, паспрабаваць на продаж нашы кансервы. Плануецца пастаўляць прадукцыю ў Расійскую Федэрацыю: Вялікія Лукі, Ноўгарад. Нашы спецыялісты выязджаюць туды для заключэння дагавораў, прасоўвання прадукцыі, — канстатаваў Валерый Гормаш.

Валерый Іванавіч адзначыў, што ўстаноўка новай лініі цягне за сабой дадатковыя затраты. З самага пачатку ў праекце не прадугледжаны цэлы шэраг тэхналагічных момантаў. Паралельна з работамі даводзіцца ўносіць у яго змяненні і дапаўненні. Некаторае абсталяванне састарэла, трэба купляць новае. Даводзіцца выпраўляць і будаўнічыя хібы: вымушаны былі перарабляць падлогу, якая не мела сцёку вады, плінтусы, пандусы на вуліцы, ізаляцыю на трубах. Выпраўленне недахопаў патрабуе дадатковых укладанняў. Усяго на гэта пайшло 550 тыс. рублёў уласных сродкаў. Каб залатаць усе дзіркі, неабходна яшчэ 150 тыс. рублёў.

— У першую чаргу імкнёмся разлічыцца па заработнай плаце, падатках, з пенсійным фондам. Акрамя таго, трэба купляць паліва, запчасткі да машын, новы пасадачны матэрыял, корм для рыбы. А тое, што застаецца, ідзе на ліквідацыю недахопаў, — кажа дырэктар. — На ўліку ў нас кожны рубель.

У сувязі з няпростым фінансавым становішчам пачалі шукаць дадатковыя даходы. У прыватнасці, гатаваць рыбную юшку ў палявой кухні на 140 літраў. Яе смак ацанілі мясцовыя жыхары — прадукцыя па 1,5 рубля за літр ідзе на ўра. За выручку, што набягае за месяц, можна купіць два бензавозы паліва.

Вытворчасць, увядзенне якой у дзеянне зацягнулася, плануюць акупіць за восем гадоў. Для гэтага робіцца ўсё неабходнае. Летась павялічылі вылаў рыбы ў два разы. Пры плане 550 тон узялі яе 1360 тон, у тым ліку 1109 тон таварнай. Акрамя камбікорму, у асноўным закуплялі мясцовыя віды кармоў: брагу і бульбяную мязгу — адходы спіртавой і крухмальнай вытворчасці, у калгасах набывалі зерне і яго адходы, арганіку. Усё гэта ў комплексе дало добры ўраджай рыбы і дазволіла знізіць яе сабекошт. Сёлета на камбінаце разлічваюць выйсці на ўлоў у 2 тыс. тон, своечасова правялі зарыбленне, назапашваюць кармы, імкнуцца, каб рыба была смачнай і даступнай па цане для спажыўцоў.

Гаспадарка ўяўляе сабой 49 сажалак, якія раскінуліся на плошчы больш як 2 тыс. гектараў. Тут у асноўным вырошчваецца карп. Акрамя таго, ёсць сом, белы амур і таўсталобік. У 2010 годзе на заводзе адкрылі цэх па перапрацоўцы, дзе вырабляецца філе свежай рыбы ў вакуумнай упакоўцы, а таксама вэнджаная і вяленая рыба, наборы для юшкі, шашлык у пластыкавых вядзерцах, прэсервы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Юшка па-любанску

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.