Вы тут

Жаночая зборная па тэнісе пазмагаецца ў фінале Кубка Федэрацыі


Аляксандра Сасновіч, Арына Сабаленка, Вера Лапко і Вольга Гаварцова вялікімі літарамі ўпісалі свае імёны ў гісторыю беларускага тэніса. На неафіцыйным камандным чэмпіянаце свету яны зрабілі практычна немагчымае — прабіліся ў фінал прэстыжнага турніру, пакінуўшы за сабой зборныя Канады, Расіі, Галандыі і Швейцарыі.


«Мы ў фінале» — менавіта такія словы марылі пачуць тысячы беларусаў, якія сачылі за выступленнем нашых дзяўчат у мінулыя выхадныя на кортах «Чыжоўка-Арэны». Паўфінал FedCup усе чакалі з невялікім хваляваннем, бо супраць нашай маладой, але дзёрзкай дружыны на корты выходзілі больш вопытныя, кіруемыя бліскучай тэнісісткай сучаснасці — Марцінай Хінгіс — швейцаркі. Пасля першага дня, калі Аляксандра Сасновіч здабыла стартавую перамогу, а Арына Сабаленка пацярпела паражэнне, хваляванне адышло, наша каманда зразумела, што і гэтым разам можа змагацца з моцным сапернікам. Усё вырашылася ў другі дзень матча, калі ўсё тыя ж дзяўчаты ўжо цвёрдай рукой здабылі перамогу для ўсёй краіны.

«На вачах сваіх шматлікіх прыхільнікаў і велізарнай тэлеаўдыторыі ва ўпартай барацьбе вы паказалі яркі тэніс, высокае спартыўнае майстэрства і жалезную волю да перамогі. Гэта гістарычнае дасягненне для беларускага тэніса і адна з самых яркіх перамог айчыннага спорту, якая сведчыць аб тым, што наша краіна багатая спартыўнымі талентамі», — гаворыцца ў віншаванні, якое накіраваў камандзе Прэзідэнт краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка.

— У тэнісе нічога не бывае проста так. У футболе — можа быць, але тэніс — гэта той від спорту, дзе заўсёды заахвочваецца старанне і руплівая праца, — адзначыў капітан каманды Швейцарыі Хайнц Гюнтхарт.У гэтым матчы беларуская каманда была больш храбрай, больш смелай, што і вывела яе наперад. Склалася нейкая традыцыя, што звычайна мы прайграём у паўфінале будучым пераможцам FedCup. Спадзяюся, яна захаваецца, жадаю вам перамогі ў гэтым турніры.

На працягу ўсяго матча побач з камандай была і Вікторыя Азаранка, якая акрамя падтрымкі сваіх сябровак яшчэ і актыўна заводзіла трыбуны «Чыжоўка-Арэны». Пасля перамогі нават яна не магла стрымаць слёзы радасці.

— Вельмі хацелася выйсці на корт і дапамагчы дзяўчатам. Я вельмі ганаруся імі. Меркавала, што, калі б справа дайшла да вырашальнай парнай сустрэчы, вынік аказаўся б
не на нашу карысць. А так усё заслужана: калі меркаваць па гэтых двух днях, узровень беларусак быў вышэйшы. У фінале нам ёсць чым гуляць. Узровень гульні можна павысіць, а вось байцоўскія якасці — гэта іншая рэч, яны ў нас ёсць,
— адзначыла Вікторыя.

Дарэчы пра фінал. Да вялікай радасці і каманды, і заўзятараў ён пройдзе ў Мінску. На нашы корты прыедуць амерыканкі, якія ў паўфінале абыгралі саперніц з Чэхіі. Менавіта зборная ЗША сёння з'яўляецца самай тытулаванай камандай планеты — яна 17 разоў станавілася ўладальнікам Кубка Федэрацыі. Для беларускіх тэнісістак гэта будзе першы ў гісторыі фінал неафіцыйнага каманднага чэмпіянату свету, вырашальны матч адбудзецца 11—12 лістапада.

Пакуль гісторыя сустрэч з амерыканкамі ў нас вельмі кароткая, Беларусь і ЗША гулялі толькі аднойчы, у 2012 годзе, тады саперніцы былі мацнейшыя — 5:0. Чым не нагода ўзяць рэванш? Тым больш, пакуль моц амерыканскага тэніса Серэна Уільямс толькі ідзе ў дэкрэтны адпачынак, наша Вікторыя Азаранка адтуль ужо вяртаецца.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вялікі фінал. Чакаем!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?