Вы тут

«Ратаваць трэба ўмеючы»


...За мной усё жыццё «ганяюцца» сны, звязаныя з вадой. Пачынаюцца яны з крыкаў: «Ратуйце!», «Дапамажыце!» А далей... Я набiраю поўныя грудзi паветра, кiдаюся ў ваду, шукаю i... не магу знайсцi чалавека. Ад злосцi вынырваю i... прачынаюся. Разумею, што гэта быў толькi сон, але ўсё роўна адчуваю сваю вiну.


Фота: abakan.sibnovosti.ru

Некалi я чатыры гады праслужыў на караблях Чарнаморскага флоту i за гэты час дасканала засвоiў навыкi па ратаваннi людзей. Тых, хто нейкiм чынам трапiў «за борт», мала выцягнуць на сушу. Неабходна ведаць, што — канкрэтна — рабiць далей i... рабiць, неадкладна, не губляючы нi секунды. А найперш, як настойлiва раiў мiчман Мельнiкаў, трэба не губляцца i верыць, што тапельца можна ўратаваць нават тады, калi цела доўга пабыло ў вадзе.

У тым, што ратаванне магчымае, я пераконваўся сам i нават не раз. Некалi на нашай рацэ Убарць у водаварот патрапiла загадчыца мясцовага клуба. Людзi прыбеглi на дапамогу, але цела жанчыны знайсцi не маглi. Яго, як потым высветлiлася, аднесла ўнiз па цячэннi, i ўжо там, можна сказаць выпадкова, яго заўважылi.

З вялiкай цяжкасцю непрытомную i пасiнелую ўжо маладзiцу ўдалося выцягнуць на бераг. Мы з сынам зрабiлi некалькi рухаў штучнага дыхання, паклалi яе жыватом на маё калена, з цяжкасцю расчапiлi зубы, паспрабавалi вылiць ваду, якой яна, вядома ж, наглыталася. Гэта, дзякаваць Богу, нам удалося. Але мы не спынiлiся — зноў i зноў рабiлi штучнае дыханне, вылiванне вады. I вось ужо твар жанчыны трохi пасвятлеў, потым — паружавеў, яна расплюшчыла вочы...

На той жа рацэ (некалi яна была мнагаводнай) ледзь не загiнула i сямнаццацiгадовая дзяўчына. Адшукалi мы яе таксама не адразу i ратавалi доўга. Што цiкава, пакуль рабiлi штучнае дыханне i вылiвалi з цела ваду, Iрына нiбы ажывала, а як толькi спынялiся...

На сваёй легкавушцы мы павезлi яе ў нашу раённую бальнiцу. Дзяжурны ўрач Пётр Дзянiсавiч Васiленка, убачыўшы стан дзяўчыны, толькi развёў рукамi. Але ж паклiкаў падмогу, узяўся рабiць усё магчымае i немагчымае. Амаль цэлы тыдзень жыццё Iрыны вiсела на валаску. Але ж недзе праз месяц яе выпiсалi з бальнiцы.

Больш як дзесяць чалавек мне ўдалося выратаваць i пачуць ад iх (нават праз дзесяцiгоддзi) многа ўдзячных слоў. Атрымаў я i медаль ад Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР «За выратаванне тапельцаў», але ж справа не ў гэтым. Дрэнна, што моладзь, якая так любiць цяпер выязджаць на прыроду, да рэк i вадаёмаў, нiдзе не вучылася правiлам бяспекi i выратавання.

А вучыцца гэтаму трэба. Нават неабходна.

Анатоль КАШЭВІЧ, Лельчыцкi раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».